Сёлета дзень вызвалення вязняў для некаторых сваякоў загінулых стаў сапраўдным цудам.

У дзень вызвалення вязняў канцлагераў 11 красавіка сваякі тых людзей, якіх нядаўна знайшлі ўдзельнікі клуба “Пошук”, сабраліся пасля мітынгу ля “Шталага-342” разам.

Кіраўніца клуба Лідзія Князева пазнаёміла гасцей з вучнямі школы №5, якія дапамагаюць вяртаць імёны загінулых з нябыту.

Удзельнікі клуба “Пошук” шукаюць сваякоў зусім невядомых ім людзей, але спадзяюцца знайсці і тых, хто звязаны з імі самімі.

Адна з удзельніц клуба “Пошук” Наталля Мандрык прыйшла ў клуб і знайшла сваяка, якога лічылі зніклым без вестак.

– Па дадзеных, якія напрацавала Лідзія Барысаўна, я знайшла, што брат маёй прабабулі быў пахаваны каля сваёй жа вёскі, – распавядае дзесяцікласніца. – А прыйшоў дакумент, што ён знік і некалькі дзесяцігоддзяў не маглі яго знайсці. Паехалі праверыць – на помніку яго прозвішча.

Удзельнікі “Пошуку” падчас мерапрыемства трымаюць у руках лампадкі.

Архівы не дазвалялі шукаць вязняў
За час свайго існавання клуб “Пошук” вярнуў з нябыту больш за тысячу імёнаў. Было некалькі гадоў, калі ўдзельнікі не знаходзілі ніводнага імя за гэты час. У канцы 80-х – пачатку 90-х усе архівы адказвалі, што не маюць патрэбных звестак: у той час вязні лічыліся ворагамі народа.

Рукі не апусціліся толькі таму, што прыходзілі лісты з просьбамі сваякоў знайсці вязняў, якія прапалі без вестак. 

– Былы вязень шталага Мікалай Шышмянёў быў удзельнікам нашага клуба, – прыгадвае Лідзія Князева. – Ён казаў, што тут была мясарубка, загінула столькі людзей. Папрасіў паабяцаць, што я буду шукаць. Я дала слова і выконваю яго.

Зніклых без вестак адшукваюць у розных месцах.

Лідзія Барысаўна адшукала зніклага без вестак і са сваёй сям’і. Яе бацька вельмі сумаваў, што так і не даведаўся, дзе пахаваны яго брат.

– Але аднойчы мы з Наташай знайшлі дакумент, паводле якога мой дзядзька загінуў падчас вызвалення Польшчы ў 1944 годзе, – прыгадвае кіраўніца клуба. – Даведаліся, што пахаваны ў брацкай магіле. І я па запрашэнні пана ваяводства ездзіла ў Сакулку на тое месца.

Дарэчы, на месцы пахаванняў можна з’ездзіць, не адкрываючы візу. Але трэба мець дакумент, які пацвярджае, што ваш сваяк сапраўды там пахаваны.

Дасылалі лісты ў розныя газеты, каб знайсці сваякоў загінулых вязняў. Знайшлі аднаго вязня з Кіргізіі, Дзмітрыя Казарэзава. Ён прайшоў тры канцлагеры, у тым ліку Асвенцым, і застаўся жыць.

Нядаўна жанчына са Свярдлоўскай вобласці напісала ліст з просьбай знайсці яе бацьку, які загінуў у шталагу. Удзельнікі клуба знайшлі, што ён быў вязнем, але загінуў не ў Маладзечне, а ля Гудагая падчас перавозкі на працу ў Германію. На станцыі стаіць помнік, на якім высечана яго імя.

“Не, ён загінуў на радзіме”

Яшчэ адны госці распавялі, што ў базе вязняў Татарстана знайшлі прозвішча свайго дзеда Сайфутдзіна Басырава. Думалі, як жа расказаць яго дачцэ, што ён памёр у Германіі. Калі сказалі, то жанчына адказала: “Не, ён памёр не там”. Потым сын Сайфутдзіна Рафкат Басыраў вырашыў напісаць ліст у Германію.

– У лютым 1942-га прыйшоў ліст, што ён знік без вестак. А сёння мне пашчасціла пабачыць яго імя на дошцы памяці – нібы сустрэўся з жывым бацькам і павітаўся з ім.  Гэта адчуванне падарыў мне клуб “Пошук”. Мне здаецца, што сёння супакоілася душа бацькі. Супакоілася і мая душа. Я схіляю галаву перад вашай працай.

Родныя пахаваных у “Шталагу” вязняў штогод прыязжаюць, каб ускласці кветкі на магілы сваякоў.

Унучка зніклага без вестак Фанія Хусмутдзінава таксама падзялілася сваімі ўражаннямі:

– Не адразу мы сюды трапілі. Мы чулі пра дзеда ад мамы. Яна бачыла яго апошні раз пяцігадовым дзіцем і ўвесь час расказвала пра свайго бацьку. Яна крыўдзілася, што мы яго не шукаем. Але не было такой магчымасці: архівы былі закрытыя.

Мама казала, што калі ён памёр, то на нашай зямлі. А ўсю тэрыторыю былога СССР яна лічыць радзімай. З Германіі нам адказалі, што ў іх толькі архіўныя дакументы, а фактычна ён загінуў у Шталагу-342. Потым праз інтэрнэт даведаліся пра групу “Пошук”. Атрымліваецца, што ў жніўні мы пачалі шукаць, а ў красавіку ўжо прыехалі на месца пахавання дзядулі.

Калі мы там стаялі, нібы аднавілася нейкае абарванае звяно ў ланцугу памяці пакаленняў. Мама ўвесь час гаварыла, хоць бы магілку пабачыць, можа, яшчэ на зямлі косткі ляжаць.

А сёння раніцай мне прыснілася мама, якая паўгода таму памерла. Яна нібы рыхтуе святочны стол. А я нібы кажу, што не трэба, я сама ўсё зраблю. Яна адказвае, што павінна сама. І нейкі мужчына ківае адобрана, нібы кажа: “Не трэба маму спыняць, яна работу сваю ведае”.

І я падумала,   што гэта і быў мой дзед, ён жа калі памёр, то яму было 37 год. Яны ўсё бачыць і ведаюць – я ў гэтым як філосаф упэўненая. Я па адукацыі кандыдат філасофскіх навук. Усе гэтыя сувязі пакрысе навука даказвае. Яны з намі, яны бачылі тое, што адбылося сёння.

– Наколькі я ведаю, ёсць доля выпадковасці ў тым, што вы сёння сюды трапілі?

– Наша вялікае жаданне пабыць на магіле дзеда дзякуючы клубу матэрыялізавалася. А тое, як склаліся абставіны на працы, – проста дзіва.
Думаю, як гэта можна паехаць на цэлы тыдзень, у мяне ж студэнты. У нас чацвёра жанчын якраз пайшлі ў дэкрэтны адпачынак, адна захварэла, дзве звольніліся: выйшлі замуж у іншыя гарады. І напярэдадні ён бярэцца за галаву і кажа, што ж рабіць, сярэдзіна года. Я тэлефон набрала, каб адпрасіцца – і выключыла.

На наступны дзень прыходжу на заняткі – насустрач выходзіць задаволены дыспетчар па раскладзе і кажа: “Вашых жа знялі на практыку на ўвесь тыдзень”.

Тут жа нам і білеты набылі. 

Колькі я буду жыць, столькі буду расказваць пра гэты цуд, які з намі здарыўся. 

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.

Чытайце на гэту тэму: У Маладзечне прайшоў мітынг-рэквіем у памяць аб загінулых у “Шталагу-342”

Праўда пра канцлагер у Маладзечне Шталаг-342 (+відэа)