Паліцы сучасных універсамаў і гіпермаркетаў перапоўненыя разнастайным чаем – звыклы ўсім нам чорны, зялёны, пуэр, улун, травяныя і фруктовыя чаі. Узнікае заканамернае пытанне: а як выбраць добры чай?

Прадавец кавы і чаю Вольга Немкаловіч расказала нашаму выданню пра чайны асартымент у Маладзечне.

Травяная сумесь
Папулярны чай сярод маладзечанцаў з травяной сумесі – гэта Кудзін  Пілар. Ён вядомы, як горкі чай і мае ізумрудны колер. Гэты чай валодае лекавымі ўласцівасцямі. У ім высокая канцэнтрацыя вітамінаў і мікраэлементаў. 

Чай мае гарачкапаніжальны эфект. Выглядае ён як вялікая іголка. Адну такаю іголку можна заварваць 5-7 разоў на 230-300 мілілітраў.

Ёсць араматызаваныя травяныя сумесі з дзікімі кветкамі і ягадамі.

Спадарыня Вольга расказала, што існуе і фруктовая сумесь. Яна  змяшчае ў сябе кавалачкі яблыка, скурку шыпшыны, чарніцы і чорныя парэчкі, ваніль, гібіскус.

Этнічныя чаі
  – Добра купляюць зялёны чай Матэ, бо ён паляпшае памяць. Папулярнасцю карыстаецца чай Ройбас. Ён бывае розны: з ляснымі і паўночнымі ягадамі, кажа прадавец Вольга. – Да таго ж гэты чай рэкамендуецца піць тым людзям, у якіх павышаны ціск, бо ён не змяшчае ў сабе шмат кафеіну.

Зялёныя чаі
Зялёныя чаі маюць вельмі багаты асартымент і цікавыя назвы. 

Напрыклад, “Зялёная малпа” – сумесь  зялёнага і белага чаю, лісце яго не скручанае, з маладымі пупышкамі і мядовым прысмакам.

А зялёны буйналіставы чай з яшчэ адной цікавай назвай – “Зялёная мантыя манаха” – мае водар лета.
Ёсць чай – кітайскі “Зялёны слімак”. Буйныя лісцікі гэтага чаю скручаныя ўручную. Калі заварыць гэты чай, ён будзе зеленавата-аліўкавага колеру.

Існуе і шмат зялёнага араматызаванага чаю. Напрыклад, “Танцор мары”, з прысмакам персіка, “Апошні самурай” – ванільны, а “Годжы-асаі” – з журавінамі ці малінай. 

– Сярод маладзечанцаў хутка разыходзіцца зялёны чай з прысмакам журавін, бергамота, – кажа спадарыня Вольга.

Чорны чай
– Чай Лапсанг Сушонг падабаецца толькі мужчынам, – кажа спадарыня Вольга.  – Гэта  падвэнджаны чай, яго лісцікі завяльваюць над вогнішчам. А калі яго заварыць, ён становіцца цёмна-чырвонага колеру. Я некалі бачыла, як жонка не магла нават глядзець та тое, як яе муж набывае такі чай.

Гэты чай адзін з недарагіх. Сто грамаў такога чаю каштуе 30 тысяч рублёў.

Ёсць шмат разнавіднасцяў араматызаванага чорнага чаю.

 Хутчэй за ўсё разыходзіцца чай з прысмакам клубніц і ёгурту, а таксама чай – “Чароўны месяц”. Асабліва жанчыны купляюць чай з назвай “Велікодная кветка” – гэта сумесь буйналіставога чаю з кветкамі васількоў, пялёсткаў сланечніку і водарам віна.

Папулярны чай і “Мексіканскае манга” – чорны, з кавалачкамі манга, кветкамі кактуса і граната.

Чай пуэр
Гэта сапраўдны кітайскіт чай. У асноўным ён спрасаваны.

 

– Напрыклад, вельмі цікавы і экзатычны чай – пуэр мандарын, – кажа спадарыня Вольга. – Гэта кітайскі элітны чай, запрасаваны ў лупіны мандарына. Калі яго заварыць, атрымаецца непразрысты настой з мяккім цытрусавым водарам. Такі чай можна заварваць як асобна, так і з лупінамі мандарына. 

Чай пуэр бывае не толькі спрасаваным, але і рассыпным, да таго ж і араматызаваным.

Па словах прадаўца Вольгі Немкаловіч, папулярнасцю карыстаюцца чаі з водарам суніц з вяршкамі, манга і маракуі.

Белы чай
– “Кітайская белая малпа” – адзін з самых распаўсюджаных, белы, лісце і пупышкі для яго сушаць на адкрытым паветры і яны атрымліваюць цікавую выгнутасць, – кажа спадарыня Вольга. – Такі чай каштуе 110 тысяч за 100 грамаў.

Чай аалонг
Аалонгі – гэта вельмі дарагія чаі. (Аалонг – гэта значыць, чырвоны). Напрыклад, чай Да Хун Пао, што перакладаецца, як вялікі чырвоны халат, – самы дарагі. Гэты чай здымае эмацыйнае напружанне, мае патагонны эфект пры прастудных захворваннях. Яшчэ гэты чай цалкам раскрываецца толькі пры трэцім заварванні.

Добра карыстаецца папулярнасць чай – Тэ Гуань Інь. У ім вельмі буйныя чайныя лісцікі.

Кітайскія элітныя чаі
Гэтыя чаі таксама ахвотна купляюць маладзечанцы.

“Вочы фенікса” – зялёны чай з маладога лісця з водарам язміну.

Хай Та (кітайскае надвор’е) – гэта самы дарагі чай. За сто грамаў такога чаю трэба аддаць 150 тысяч. Ён збіраецца ў правінцыі Юньнань, прычым выкарыстоўваюцца толькі пупышкі з адным лісцікам. Калі чай заварыць, ён атрымае бледна-жоўты колер. Заварваецца ён 5 разоў на 600 мілілітраў вады.

Некаторыя купляюць чай “Лічы чырвоная сліва”.

Выглядае ў форме шарыка. Унутры яго знаходзіцца кветка чырвонай слівы. Пры заварванні кветка раскрываецца. Гэты чай багаты вітамінам С і фосфарам.

 

Які піць чай на працягу дня?
Раніцай лепш за ўсё вас пабудзіць белы чай ці зялёны. Яны нададуць бадзёрасць і тонус, а кафеін, які ў іх утрымліваецца, паскорыць цыркуляцыю крыві, што дазволіць вам хутчэй прачнуцца.

Днём лепш піць зялёны ці чорны. Зялёны чай вельмі добра зніжае нервовае напружанне, а таксама дапамагае засваенню ежы.
Вечарам піце чорны чай – ён не перашкаджае сну. Увечары можна піць і травяныя сумесі. 

Яны дапамогуць аднавіць і папоўніць запасы арганізма ў неабходных яму рэчывах.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота au7.ru, wallpampers.ru і Настассі РОЎДЫ.