Мерапрыемствы, прысвечаныя 87-м угодкам святара і паэта Канстанціна Стаповіча (Казіміра Сваяка) пройдуць на Астравеччыне ў нядзелю, 19 мая. Госці збяруцца ў доме-сядзібе, якая знаходзіцца ў вёсцы Барані, а 14-й гадзіне.

Прыедуць на сустрэчу і родныя Казіміра Сваяка, двое з якіх цяпер жывуць у Вільні.

У літаратурна-музычнай часцы імпрэзы будзе браць удзел мясцовая творчая і краязнаўчая супольнасць.

Музычным аздабленнем мерапрыемства стане выступленне фальклорнага беларуска-балтыйскага гурта “Балцкі Субстрат”.

– У нас ужо склалася шматгадовая традыцыя, – расказвае дырэктар астравецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Ачарэтава, – у дзень смерці Казіміра Сваяка, які мы адзначаем у маі, да нас прыязджае ксёндз з касцёла ў Камаях. Там у свой час служыў сам Сваяк. Ксёндз праводзіць святочную імшу. А ў дзень нараджэння Сваяка, 19 лютага кожнага года, наша астравецкая дэлегацыя едзе з узаемным візітам у Камаі.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота ostrovets.by