Здарэнне адбылося каля 23 гадзін вечара на Радаўніцу, 14 мая.

Тры сябры вырашылі прагуляцца па горадзе. Аднаму хлопцу – 21, другому – 22, а трэцяму – 23.

– Шпацыравалі яны каля стаматалагічнай паліклінікі. За імі ішла маладая пара з дзіцем, – кажа следчы па асабліва важных справах Маладзечанскага аддзела Следчага камітэта Марына Рагінская.

Насустрач маладзёнам ішоў п’яны мужчына. Яго кідала ў розныя бакі. Ён падышоў да аднаго з сустрэчных хлопцаў і ўдарыў нажом у шыю, той яго адштурхнуў ад сябе, але мужчына не зваліўся з ног, а, прамармытаўшы нешта сабе пад нос, пайшоў далей.

Хуліган паспрабаваў ударыць нажом і мужчыну, які ішоў са сваёй сям’ёй, але ў яго не атрымалася. Мужчына паспеў ад яго адысці.

Хлопец жа адразу не адчуў болю, а калі дакрануўся да шыі – з яе капала кроў. Яго сябры пабеглі за хуліганам, павалілі на зямлю і выклікалі міліцыю.

Калі мужчына працверазеў, то сказаў, што акрамя таго, што быў у гэты дзень на могілках, нічога не памятае.

Цяпер 49-гадовы мужчына можа быць пакараны на тэрмін ад трох да пяці гадоў абмежавання ці ад трох да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота cdn1.img22.rian.ru.