Працавалі стваральнікі выдання «Волат» і сябры Таварыства аховы помнікаў у чацвер, 9 мая.

Удзельнікі аднавілі надмагільную пліту, якая ўжо разбуралася. Яе зрабілі шырэйшай па перыметры на 10 сантыметраў і вышэйшай на пяць, каб была больш трывалая.

Наверсе на цэмент паклалі гранітны крыж чорнага колеру і выклалі кавалкамі чырвонага граніту вянок, у цэнтры якога размясцілі шыльду з надпісам “1863”.

Ля магілы размясцілі стэнд з інфармацыяй пра бой пад Уладыкамі.

Працавалі над аднаўленнем стваральнікі выдання «Волат», сябры вілейскай суполкі Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і актывіст Алесь Раткевіч. На аднаўленне помніка выдаткаваныя сродкі стваральнікаў выдання «Волат».

Такой была пліта да працы Таварыства.

Стэнд ва Уладыках – першы з шасці запланаваных, які ўжо паставілі. Паводле слоў старшыні суполкі Таварыства аховы помнікаў Дзяніса Канецкага, да канца мая паставяць яшчэ два – у Гануце і Сэрвачы. На працягу года яшчэ збіраюцца паставіць стэнд у Куранцы, дзе знаходзіцца магіла паўстанцаў. Яшчэ вырашаюць, паставіць адзін ці два ў Ручыцы.

28 мая споўніцца 150 год бою пад Уладыкамі. Гэты дзень прыпадае на аўторак, таму ўрачыстасць, прысвечаная юбілейнай даце, запланаваная на 1 чэрвеня. Пазней мы паведамім аб месцы і часе правядзення.

На гэтым тыдні выдавецтва “Кнігазбор” можа завяршыць працу над друкаваннем кнігі “Падзеі паўстання 1863 г. на Вілейшчыне: гістарычныя нарысы”.

Праца над выданнем краязнаўчага альманаха, які таксама плануюць выдаць сёлета, яшчэ вядзецца, паведаміў сябра Таварыства Зміцер Хаценчык.

Пліта ў аўторак, 14 мая.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Фота Дзяніса КАНЕЦКАГА.