Сёлета 4 мая споўнілася роўна 70 гадоў ад дня трагедыі, якая адбылася падчас вайны на Вілейшчыне ў вёсках Любча, Боркі, Брыгідава, Старынкі Хаценчыцкага сельсавета.

Вілейскі  райвыканкам арганізаваў і правёў 7 мая мітынг каля помнікаў у Любчы і Борках. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады і грамадства, госці з Мінска, было шмат школьнікаў, якія выступілі з адпаведнай праграмай, жыхары з суседніх вёсак. Па запрашэнні ўлады ў якасці ганаровага госця прысутнічала і Фаіна Анасовіч (Кучко), адзіная жыхарка былой вёскі Боркі, якая выжыла ў той жахлівы дзень.

Святары правялі адпяванне па загінулых  жыхарах вышэйзгаданых вёсак. Да помнікаў па загі­нулых ўсклалі шмат кветак. Да гэтага памятнага дня пачалі рыхтавацца два гады таму. Яшчэ ў 2011 годзе ў райвыканкам паступіла некалькі зваротаў з прапановамі ўшанаваць памяць трагічна загінулых жыхароў вёсак Любча і Боркі. На працягу двух гадоў зрабілі вельмі шмат.

На пагост у Боркі пабудавалі дарогу, якая не існавала некалькі дзесяцігоддзяў, а стары помнік па загінулым боркаўцам наноў адбудавалі. На помніку ў Любчы ўсталяваная новая гранітная пліта з прозвішчамі загінулых. Дарэчы, як сказала намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Святлана Дзяруга, яго таксама плануецца адрамантаваць да 70-годдзя вызвалення краіны ад фашызму.

У Лукаўцы новай вуліцы прысвоілі назву Любчанска-Боркаўская. На аўтадарозе Мінск-Мядзел, на павароце на Сакалоўку, упершыню за 70 год усталявалі ўказальнік “Любча, Боркі”.

Хоць і ўзнікалі нейкія непаразуменні паміж уладай і грамадствам, але агульную мову знайшлі і ўсе пытанні і прапановы вілейскае кіраўніцтва цалкам падтрымала. Гэта вельмі радуе і натхняе на далейшае супрацоўніцтва.

Як бачым, вынік агульнай працы цудоўны. З чым і віншую ўсіх удзельнікаў гэтай акцыі. А зроблена на самой справе вельмі шмат бязвыплатна, у вольны час і ўсяго за два гады.

Аднаўленне і ўшанаванне гістарычнай памяці ў гэтых мясцінах будзе працягвацца і далей. А некранутай гісторыі тут вельмі шмат.

 Алесь РАТКЕВІЧ.

Фота Алеся РАТКЕВІЧА.

Чытайце яшчэ на гэтую тэму: “Памру – ніхто не раскажа” (+аўдыё)

Сведчыць Фаіна Анасовіч (Кучка) са спаленай у 1943 годзе вёскі Боркі (відэа)