Трэці год запар маладых маладзечанцаў натхняў на творчасць і напоўненае жыццё фестываль-конкурс “Час жыць”, арганізаваны моладзевым клубам сустрэч і творчасці “Дыялог+” пры Маладзечанскім музычным каледжы імя Міхала Клеафаса Агінскага.

Ён праходзіў 10-12 мая. Усе праекты, якія сталі часткай фестывалю, – гэта вынік калектыўнага стварэння ідэй на сустрэчах клуба “Дыялог+”, які адкрыты для кожнага.

Фестываль створаны для таго, каб падтрымліваць маладых творчых людзей, якія арыентуюцца на маральнасць. Калі творца застаецца чалавечным – гэта асноўны крытэрый, каб яго працу прынялі да творчага конкурсу “Час жыць”. Для арганізатараў вельмі важная шчырасць аўтара.

– Увогуле, фестываль пачынаўся як спосаб прафілактыкі суіцыдаў і крызісных сітуацый, распавядае арганізатар фестывалю Марына Валасковіч. – Праўда, мы ўжо не гаворым слова “суіцыд” і не абмяркоўваем гэтую тэму напрамую. Ужо ўсё сказана. А наша мэта – даць моладзі новы жыццёвы рэсурс.

Любы мог панюхаць пот кіцеля часоў Першай сусветнай

Фестываль пачаўся з адкрыцця выставы творчых прац “Чалавек скрозь час”. На ёй былі малюнкі, фотаздымкі, паштоўкі. Размясцілі нават выставу, экспанаты якой – старадаўнія ліхтары, камяні, даўнія фотаздымкі, нават рэчы з Першай сусветнай вайны – ліст, медальён, кіцель.

– Любы мог падысці да кіцеля, панюхаць яго і зразумець, што ён мае пах поту, – гаворыць арганізатар фестывалю. – Гэты чалавек, які насіў яго, жыў. Адразу ўсведамляеш гэта і разумееш: вось ён, гэты час. Тады разумееш, што ты – звяно ў ланцугу. І гэта дае проста каласальны жыццёвы рэсурс. Дрэва не можа расці без каранёў.

 

На адкрыцці выставы Марына Валасковіч распавяла, што кожны чалавек адначасова існуе ў чатырох вымярэннях: цялесным, душэўным (сфера псіхалогіі), сацыяльным і духоўным (якое сягае да Бога). Кожнае з гэтых вымярэнняў было задзейнічана ў межах фестывалю.

Таццяна Беланогая атрымала Гран-пры

На арт-медытацыі этнографа і мастака Наталі Сухой “Дакраніся да каранёў” кожны мог ў выглядзе выцінанкі стварыць сваё родавае дрэва і адчуць сваю сувязь з родам.

Вечарам 10 мая ў музычным падворку прайшоў прагляд сучаснага беларускага кіно.

Псіхолаг Марына Скарбеева на сваім майстар-класе “Іграем жыццё” прадэманстравала магчымасці інтэрактыўнага тэатра. Любую сітуацыю можна прайграць. Загадзя – каб быць гатовым прыняць правільнае рашэнне, постфактум – каб не паўтараць памылак  і ўнутрана ўзбагаціцца.

У межах фестывалю прайшоў і творчы конкурс, падчас якога ўдзельнікі прадэманстравалі свае музычныя, тэатральныя, паэтычныя і бардаўскія таленты. Пераможцаў адзначылі дыпломамі і падарункамі.

Гран-пры ў музычнай намінацыі ўзяла бард Таццяна Беланогая.

Таццяна Беланогая падчас выступлення.

Літаратурныя працы больш чым 30-і аўтараў выдалі зборнікам, які дарылі аўтарам. Сярод пераможцаў цяперашнія і былыя ўдзельнікі клуба маладых журналістаў “Маладзік”: Таццяна Касьян, Дар’я Бабенка, Вікторыя Вільтоўская, Алёна Дзямчук, Ганна Мажуць, Любоў Мяцеліца, Валеры Пінчук, Ксенія Рагель, Ірына Рудзько, Наталля Скарынка, Юлія Шаблоўская.

Таццяна Касьян.

– Убачыўшы зборнік, мама сказала, што ганарыцца мной, і мне цяпер нічога не страшна, – падзялілася адчуваннямі Таццяна Касьян. – Удзел у зборніку вельмі натхняе!

Давалі лекі ад расчалавечвання

У выніку ўсё гэта мела на мэце стварыць поле, якое насыціць жыццёвы рэсурс удзельніка, каб яго жыццё стала больш інтэнсіўным, сапраўдным і чалавечным.

Фестываль мае розную тэму кожны год. Першы абвяшчаў, што жыццё не супермаркет, а творчасць. Другі выносіў галоўнай тэмай тое, што заўсёды ёсць час, каб штосьці змяніць. Сёлета арганізатары імкнуліся паказаць удзельнікам, што яны стаяць на лініі часу цяперашняга, мінулага і будучага. На гэтай лініі стаіць гісторыя яго, асобнага чалавека, яго роду і яго народа.

– Ахапіць усё – не наша задача, – тлумачыць Марына Валасковіч. – Наша задача – сабраць стымулы. Каб чалавек адчуў, што і да яго жылі людзі, тады ён прымае, што існуюць вечныя каштоўнасці. І ён мусіць прыняць іх ад продкаў і перадаць сваім дзецям. Гэтыя гены чалавечнасці. Разумееце, цяпер на моладзь уплывае столькі расчалавечвальных фактараў. У сусветным грамадстве ідзе сціранне такіх каштоўнасцяў, як сям’я, як гендэрныя адметнасці. Мы паказваем альтэрнатыву гэтай адметнасці, якую бачым у нацыянальнай культуры і свядомасці.

У цэнтры горада сустрэліся з продкамі: флэшмоб

Гэту ж ідэю ўдзельнікі фестывалю прадэманстравалі ўсяму гораду падчас флэшмобу “Сустрэча з продкамі”. Удзельнікі апранулі ўборы даўнейшых часоў. У дзве калоны яны ішлі вечарам 11 мая ўздоўж вуліцы Прытыцкага. Яны ігралі ролю бацькоў. Калону замыкаў хлопец, які ішоў у сарочцы і басанож, трымаючы свечку – ён сімвалізаваў далёкага прашчура.

Яны дайшлі да кінатэатра і спыніліся. Да іх выйшла пара – хлопец і дзяўчына, якія пакланіліся бацькам. Бацькі адказалі ім паклонам і пакланіліся сваім бацькам, ланцужок паклонаў дайшоў да прашчура.

Падышоўшы да прашчура, бацькі запалілі свае свечкі ад яго “Агню любові” і перадавалі, пакуль свае свечкі не запалілі хлопец  дзяўчына. Яны разам падышлі да вялікай свечкі  і запалілі яе.

– Гэты агонь пранеслі з глыбіні стагоддзяў да маладой сям’і. І яны таксама прадоўжылі ланцуг і перадалі яго, запалілі новы агонь. Мы за сям’ю, за каханне. Яны разам, а ўсё дзеянне сімвалізуе яднанне, – патлумачыла Марына Валасковіч. – Сваім фестывалем мы хочам данесці, што кожны адказны за час свайго жыцця.

Фестываль прадоўжыць сваё жыццё, і любы зможа далучыцца да ўдзелу ў ім.

Зоя ХРУЦКАЯ.

Глядзіце іншыя навіны пра фестываль “Час жыць”:

Канцэрт-конкурс фестываля “Час жыць”: Таццяна Беланогая, тэатр ценяў і аўтарская песня

Маладзечанцы дзівіліся, калі бачылі флэшмоб “Сустрэча з продкамі”

Узнагароджанне пераможцаў творчых конкурсаў фестываля “Час жыць” (+ВІДЭА)

Інтэрактыўны тэатр дапамагаў вырашаць складаныя пытанні на фестывалі “Час жыць” (+ВІДЭА)