Праблемы маладзечанскага футбола абмяркоўвалі ў рэдакцыі “РГ”.

З пачаткам футбольнага сезона ў футбольных аматараў не памяншаецца колькасць пытанняў пра яго далейшы лёс.

Для таго, каб абмеркаваць найбольш важныя з іх, за адным сталом у рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” сабраліся загадчык аддзела фізкультуры, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Мікалай Шрымф, дырэктар гарадскога стадыёна Аляксей Язневіч, дырэктар ФСК “Маладзечна-2013” Аляксандр Любанец,  заснавальнік клуба Дзмітры Ганчароў, футбаліст Юры Бугай і футбольны заўзятар Павел Карэцкі.

Размова транслявалася ў прамым эфіры на сайце “Рэгіянальнай газеты”. Любы ахвотны мог наўпрост задаць пытанне ўдзельнікам “круглага стала”. Усяго за час трансляцыі ў рэдакцыю паступіла каля дваццаці пытанняў. Праглядзець відэа з «круглага стала» можна тут.

Прыводзім некаторыя моманты з размовы.

– На якіх умовах футбольная каманда можа карыстацца стадыёнам?

Аляксей Язневіч: – У адпаведнасці з указам №150  мы не можам даваць стадыён у бясплатнае карыстанне (маецца на ўвазе Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб некаторых пытаннях арэнды і бязвыплатнага карыстання маёмасцю” – аўт.). У аплату ўваходзіць карыстанне полем на дзве гадзіны, праца васьмярых чалавек, якія абслугоўваюць стадыён, камунальныя паслугі. 

Пры мінімальным разліку адна гульня абыдзецца крыху больш, чым тры мільёны рублёў. 

Гэта пры ўмове, што паслугі “хуткай дапамогі” клуб будзе аплачваць асобна.  

– Якую дапамогу можа аказаць клубу райвыканкам?

Мікалай Шрымф: – Для таго, каб атрымаць фінансавую дапамогу, клуб павінен аформіць некалькі дакументаў. У тым ліку план развіцця клуба, яго каштарыс на сезон. Дапамога ад райвыканкама не можа перавышаць 40% ад усіх сродкаў клуба. Іншыя сродкі клуб павінны зарабляць сам.

Вядома, ёсць пэўны недавер да клуба з боку кіраўнікоў прадпрыемстваў, бо клуб – новая структура, ён утварыўся пару месяцаў таму.

Аддзел спорту можа дапамагчы ў тым, каб клубу  па мінімальных коштах разлічвалі аплату за стадыён ці пражыванне ў гасцініцы. Бясплатна мы не можам гэтага рабіць – гэта будзе проста фінансавае злачынства.

– Як будзе вырашацца пытанне з транспартам падчас выездаў?

Мікалай Шрымф: – У аддзела спорту райвыканкама ёсць аўтобус на балансе, але ёсць тэхнічная перашкода: ужо два месяцы не можам знайсці кіроўцу. Аўтобус на 40 месцаў. Апошнім разам ездзілі на ім у Брэст: дарога туды і назад абышлася ў сем мільёнаў рублёў. Калі клуб хоча карыстацца гэтым аўтобусам, то сам павінны плаціць грошы. Мы не можам даць яго бясплатна. Адзінае, у чым мы можам пайсці насустрач, – браць грошы не па камерцыйных, а па бюджэтных разліках. Гэта прыкладна на 30% танней.

Вядома, клуб можа знайсці і іншы аўтобус за іншую плату. Магчыма, нехта дасць аўтобус у якасці спонсарскай дапамогі.

– Як будзе выглядаць састаў каманды ў далейшым?

Дзмітры Ганчароў: – Як толькі мы арганізавалі клуб “Маладзечна-2013”, мы сабралі футбалістаў, якія раней выступалі за горад.

Яны адмовіліся выступаць за новы клуб і, наколькі я ведаю, будуць гуляць за вобласць у камандзе Стоўбцаў. 

Гэта іх рашэнне, да якога мы ставімся з павагай.

Вядома, нам бы хацелася, каб за клуб выступалі маладыя маладзечанскія футбалісты. Мы прапанавалі выхаванцам мясцовай юнацкай спартыўнай школы гуляць за клуб, але па нейкіх неверагодных прычынах ніводны з іх не пагадзіўся.  

Мы склалі дамову, паводле якой хацелі б, каб лепшыя выхаванцы школы выступалі за клуб. Цяпер будзем разглядаць яго з дырэктарам школы Віктарам Дзмітрачковым.

Вельмі хочацца, каб трэнер Дзяніс Мятліцкі і Віктар Дзмітрачкоў селі за стол перамоваў і закапалі “сякеру вайны”.

Мікалай Шрымф: – Я таксама лічу, што за горад павінны выступаць маладзечанскія футбалісты. Тады іначай выглядаюць і трыбуны: падтрымаць гульцоў прыходзяць родныя, сябры, суседзі. Размова з дырэктарам школы абавязкова адбудзецца. Паўтаруся, што пакуль існуе недавер да новага клуба – я сам гэта бачу. Трэба спакойна і з цярплівасцю да гэтага ставіцца.

Юры Бугай: – Каманда прадстаўляе горад Маладзечна і яго футбольныя традыцыі ў турніры.

Пакуль маладзечанцаў у нас толькі трое. У будучым павінна быць больш. Каманда гуляе на маладзечанскім стадыёне, на яе матчы ходзяць маладзечанскія гледачы. Таму я не лічу, што з-за саставу каманда адарвалася ад горада.

Колькі барысаўчан у БАТЭ? Ніводнага. Але ўсе іх падтрымліваюць, бо гэта нашы беларусы.

Павел Карэцкі: – Ёсць каманда з назвай “Маладзечна”, ёсць традыцыйныя колеры – гэта мы і падтрымліваем. Няхай і маладзечанцаў цяпер на поле выходзіць мала. У еўрапейскім футболе клубы не прымацоўваюцца да горада і нават краіны.

 – Як будзе выкарыстоўвацца стадыён у Чысці?

Мікалай Шрымф: – У нас ужо быў падобны досвед, таму магу сказаць: да Чысці не так складана дабрацца. Некалі маладзечанскія заўзятары запаўнялі ўвесь стадыён у Чысці. Арганізоўвалі і спецыяльныя аўтобусы, і на электрычцы ездзілі. Праблема таго, што будзе складана патрапіць на матч, падаецца мне надуманай.

Увогуле, стадыён са штучным пакрыццём мае дапаможны характар. Хто сказаў, што адразу каманда пераедзе туды? Стадыён можа выкарыстоўвацца для трэніровак, напрыклад, у лютым ці сакавіку.

Аляксандр Любанец: Мы, праўда, не збіраемся пераязджаць у Чысць. Матчы ў нас запланаваныя на гарадскім маладзечанскім стадыёне. А стадыён у Чысці будзе выкарыстоўвацца больш для трэніровак.

Павел Карэцкі: – Мы будзем старацца выязджаць у максімальнай колькасці, дзе б не праходзілі гульні.

– Ці можна будзе выкарыстоўваць піратэхніку падчас матчаў?

Аляксей Дзмітрачкоў: – Забарона піратэхнікі ідзе ад Федэрацыі футбола. Тэарэтычна ёсць магчымасць атрымаць дазвол. Для гэтага трэба сабраць некалькі подпісаў: міліцыі, МНС, дырэктара стадыёна і інспектара матча. У пасляматчавай справаздачы інспектар павінен указаць, ці выкарыстоўвалася піратэхніка. 

Калі яе выкарыстоўвалі без дазволу – штраф атрымае клуб.

– Якія арганізацыі і прадпрыемствы ўжо дакладна стануць спонсарамі клуба?

Аляксандр Любанец: – Канкрэтны спонсар на сёння – гэта “Маналітбуд”. Палову заявачнага ўнёску кампанія ўжо пералічыла на наш разліковы рахунак. З арабскай авіялініяй супрацоўнічаць сёлета не будзем. Спадзяёмся, да наступнага сезона з імі з’явіцца нейкая канкрэтыка. Пошук спонсараў працягваецца.

– Ці будзе клуб зарабляць грошы гандлем падчас матчаў?    

Аляксандр Любанец: – Мы думаем наконт продажу марожанага на гульнях. Але як гэта рэалізаваць на практыцы – пакуль вялікае пытанне. Калі ставіць асобны гандлёвы пункт, людзям будзе нязручна хадзіць: трэба будзе ісці падчас матча, а за перапынак шмат не нагандлюеш. Быў варыянт, каб прадавец хадзіў паміж радамі ці сектарамі. Патрэбны будзе яшчэ і касавы апарат, каб абавязкова выдаваць чэк. Таму над пытаннем гандлю будзем яшчэ думаць. Наконт клубнай атрыбутыкі мы пакуль што нічога не вырашалі.

Павел Карэцкі: Над атрыбутыкай мы працуем самі. 

Напрыклад, дызайн шалікаў распрацоўваем самі, пасля замаўляем іх праз Украіну ці Польшчу.

 – Якія заробкі ў футбалістаў “Маладзечна”?

Юры Бугай:  – Пра заробкі мы пакуль не гаворым, усё трымаецца на энтузіязме. Вядома, грошы ніколі лішнімі не бываюць. Тым больш, што некаторыя гульцы маюць свае сем’і, у некаторых ёсць дзеці. Можна зразумець тых футбалістаў, якія пасля мінулага сезона, калі даводзілася ездзіць на матчы за свае сродкі, сёлета вырашылі выступаць за вобласць.

Каляндар гульняў клуба “Маладзечна-2013” на сезон 2013 года глядзіце тут.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ.