У пятніцу, 24 мая, у 17.30 у музычным каледжы імя Міхала Клеафаса Агінскага пройдзе 3D-прэзентацыя праекта турыстычнага комплексу ў раёне замчышча.

На мерапрыемства запрошаны старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец.

Па словах дырэктара музычнага каледжа Рыгора Сарокі, старшыня вельмі зацікаўлены ў аднаўленні замчышча.

– 3D-прэзентацыя праекта – першы крок, – кажа спадар Рыгор. – Хочацца, каб і гатэль быў, і возера, і крыніца, адкуль бы людзі бралі ваду. Трэба, каб і крама была, дзе можна было б набыць сувеніры. У Беларусі ёсць Нясвіжскі замак, Мірскі замак, куды прыязджае шмат замежнікаў і дзе заўсёды натоўпы. Чаму б не існаваць і замку Агінскага? Гэта багацце нашай краіны. Цяпер жа даводзіцца глядзець на лысую гару.

Калі будынак разбураны на 80 працэнтаў, то ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, аднаўленню ён не належыць. Таму немагчыма дамагчыся дазволу на рэканструкцыю замка.

 – Але самае галоўнае для нас – знайсці інвестараў, якія б далі грошы на аднаўленне замчышча, – кажа Рыгор Сарока. – На прэзентацыі мы пакажам толькі прыблізны праект аднаўлення замка. У гэты праект свае прапановы можа ўнесці кожны зацікаўлены чалавек. Але ў любым выпадку фонд будзе кантраляваць карэкціроўкі праекта, каб замак захаваў культурна-гістарычную спадчыну.

3D-праект рабілі цягам двух месяцаў

За падрабязнасцямі прэзентацыі мы звярнуліся да Мікалая Тамашэўскага, намесніка старшыні праўлення мясцовага дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”.

– У 3D-праекце можна пабачыць усё ў каляровым выглядзе. Там будзе 6 ці 8 слайдаў, на якіх можна паглядзець кожны будынак асобна. А таксама ўявіць, якім можа выглядаць турыстычны комплекс, – кажа спадар Мікалай.

Над 3D-праектам працавала шэсць чалавек. І дызайнеры, і праграмісты, і ландшафтнікі. Каманда распрацавала праект за два месяцы.

Малюнак будынка карчмы, якая некалі знаходзілася тут.

– Мэта прэзентацыі – стварыць агульную карціну новага аб’екта, якой бы ў выніку мог зацікавіцца і сам горад, і інвестары, – кажа спадар Мікалай. – Важна, каб у зямлі ўрэшце з’явіўся гаспадар. І новаму старшыні райвыканкама трэба будзе вырашыць, у чые рукі аддаваць яе. Мы хочам паказаць, што праект – грамадзянская ініцыятыва.

Мікалай Тамашэўскі займаецца тэмай замчышча з 2005 года. Цяпер такі праект, якім яго бачыць спадар Мікалай, дэталёва распрацаваны. Ці будзе ён рэалізаваны на практыцы – усё яшчэ пытанне.

– Кожны са старшыняў райвыканкама, якія былі ў Маладзечне за апошнія гады, хваліў ідэю аднаўлення замчышча, – кажа Мікалай Тамашэўскі. – Кожны яе на словах падтрымліваў. Які вынік ёсць – мы ўсе бачым.

Аляксандра ПАРАХНЯ, Вольга ЮРКЕВІЧ.

Малюнкі забяспечаны Мікалаем ТАМАШЭЎСКІМ.

Чытайце таксама:

17.04.2013.Агінскага пабачаць у галаграме

8.02.2013.Ці дапамогуць шведы аднавіць маладзечанскае замчышча Агінскага?

7.06.2012.Ва ўзнёслай атмасферы ў Маладзечне прайшла прэзентацыя дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага” (фотарэпартаж)

26.11.2011.Маладзечна. Таямніцы радавога маёнтка Агінскіх

3.12.2010.Замчышча стане папулярным