У пятніцу,  17 мая, у цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча прайшоў канцэрт нью-ёркскага гурта “Project-trio” .

Музыкі сваёй творчасцю надаюць новае гучанне класічнай  музыцы, выконваючы яе з элементамі джаза, хіп-хопа і рока.

Мерапрыемства  адбылося ў форме творчай сустрэчы. Пасля невялікага канцэрта,  на якім гурт выканаў  некалькі сваіх  кампазіцый,  музыкі самі распавялі пра сябе і пра сваю музыку.

У склад гурта ўваходзяць тры хлопцы, якіх, як яны самі адказалі, звязала любоў не толькі да музыкі, але і да Нью-Ёрка.

Грэг Паціла іграе на флейце, на якой можа іграць нават бітбокс, што і прадэманстраваў адразу прысутным.

Эрык Стывенсан іграе на віяланчэлі з трохгадовага ўзросту. Пітэр Сэймур – кантрабасіст.

– Музыка – гэта вельмі крутая рэч. Мы не разумеем адно аднаго, – кажа Эрык слухачам, маючы на ўвазе моўны бар’ер. – Але музыка якраз тая рэч, якая дапамагае нам паразумецца.

– Наш гурт існуе ўжо шэсць гадоў, – гаворыць Пітэр. – Кожны год у Нью-Ёрку праходзяць кастынгі сярод 500 калектываў за права несці амерыканскую культуру  ў свет. У гэтым годзе пашанцавала нам. Так мы трапілі сюды. Спыніліся ў Мінску. Заўтра ў нас там вялікі канцэрт (размова адбывалася 17 мая). Да гэтага мы выступалі  ў Расіі, а ў нядзелю едзем у Кіеў. Для нас выступаць у гэтай частцы свету – унікальная магчымасць.

– Ці ведалі вы штосьці пра Беларусь да таго, як сюды прыехалі?

– Ведалі, што яна знаходзіцца недзе побач з Польшчай, – адказвае Пітэр.

– А я бачыў вашых спартсменаў на Алімпіядзе, – кажа Эрык.

– Якія гасцінцы павезяце з Беларусі?

– А што нам лепей прывезці адсюль?

“Бульбу!” – падказваюць з залы.

– Дарэчы, прывязу ў Амерыку рэцэпт беларускіх дранікаў, – кажа Грэг.

– А я набыў сабе гадзіннік “Прамень”, – паказвае абноўку Эрык.

– Я магу даць параду, – падключаецца да размовы Пітэр. – Калі вы будзеце ў Нью-Ёрку, набудзьце сабе майку з надпісам “I love NY”. Гэта самы папулярны гасцінец з Нью-Ёрку. А ў вас мы бачылі саламяных лялек, зуброў  і буслоў.

– А якіх славянскіх кампазітараў вы ведаеце?

– У нашым рэпертуары ёсць творы Чайкоўскага. А таксама мы пачалі рэпеціраваць “Купалінку”. Мы ніколі не выконвалі яе, але можам паспрабаваць. І абавязкова на далейшых нашых канцэртах будзем гаварыць, што ўпершыню выканалі “Купалінку” ў Маладзечне.

– Ці сочыце вы за конкурсам “Еўрабачанне”?

– Што? Першы раз чуем! У Амерыцы шмат музычных конкурсаў, і калі прыдумаюць які-небудзь для кантрабаса, флейты і віяланчэлі, мы абавязкова возьмем у ім удзел.

У сваю чаргу музыканты цікавіліся ў прысутных, якая амерыканская музыка цяпер папулярная ў Беларусі, ці ведаюць беларусы  гульню фрызбі і дзе ў Маладзечне можна пакаштаваць ежу ў збанках.

Сустрэча скончылася на тым, што музыканты падпісалі ўсім ахвотным  карткі і абяцалі яшчэ раз наведаць наш горад.

Я ж пасля сустрэчы накіравалася  шукаць  выступленні “Project-trio” ў інтэрнэце. Як так, у інтэрнэце 71 мільён праглядаў(!), а я пра іх даведалася толькі сёння?

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.