Пра тое, як беларусу жывецца ў далёкай Японіі і чаму японцы з’ядаюць дзясятую частку ўсіх рыбных запасаў Зямлі, расказаў маладзечанцам экс-пасол Беларусі ў Японіі, колішні жыхар Маладзечна Пётр Краўчанка.

Сустрэча прайшла ў чацвер, 23 мая, у цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча. Экс-пасол падзяліўся сваімі ўражаннямі і ўспамінамі – цягам чатырох гадоў спадар Пётр жыў у Японіі.

У Японіі ўсё навыварат

Усе мы ведаем, што японскае – гэта заўсёды нетрафарэтнае і нестандартнае. Заўважыць гэта можна і ў бытавых дробязях.

– Нават замкі на дзвярах японцы зачыняюць справа налева, а не як мы, – заўважае спадар Пётр. – У невялікіх гарадах увогуле не прынята зачыняць дзверы на замок. А ў мясцовых рэстаранах ніколі не даюць чаявыя.

Краіна размешчаная на 6800 асобных астравах. Большасць жыхароў жыве на чатырох з іх. Па тэрыторыі Японія ў 1,5 раза большая за Беларусь, а па колькасці насельніцтва – у 14 разоў. Паміж нашымі краінамі 9 тысяч кіламетраў і 6 гадзін розніцы ў часе.

– У Японіі вельмі складаны клімат, – дзеліцца ўспамінамі экс-пасол. – Нават летам там цямнее а 17 гадзіне. Ёсць сезон дажджоў: залевы ідуць некалькі тыдняў запар без перапынку. Спёка там бывае да 40 градусаў пры стопрацэнтнай вільготнасці. Не ўсе людзі змогуць жыць у такім клімаце.

Таму я ўпэўнены, што кожны чалавек павінны жыць пад тымі зоркамі, пад якімі нарадзіўся.

– Пражыўшы ў Японіі некалькі гадоў, я магу ўпэўнена сказаць: якасць жылля ў маладзечанцаў непараўнальна высокая, – заўважыў спадар Пётр. – Японцы могуць рабіць неверагодную тэхніку, аўтамабілі, добра харчавацца. Але ж жывуць яны збольшага ў кепскіх умовах – на чалавека прыходзіцца каля 3-4 квадратных метраў жылля, да таго ж яно дрэннай якасці. Якаснае жыццё будаваць няма сэнсу: там вельмі высокая верагоднасць землятрусаў.

Японцы могуць мяняць сваё веравызнанне некалькі разоў у жыцці.

Самыя распаўсюджаныя рэлігіі – сінтаізм і будызм.

– Часта аднаго і таго ж чалавека хрысцяць у традыцыях сінтаізму, а хаваюць ужо па традыцыях будызму, – распавядае спадар Пётр. – Проста таму, што так атрымліваецца танней.

Японцы вядомыя і даўгалеццем: сярэдні ўзрост мужчыны там 79 гадоў, жанчыны – 87. У першую чаргу гэта звязана з разнастайнасцю харчавання. Жыхары Японіі з’ядаюць амаль 14% усіх рыбных запасаў Зямлі! У іх рацыёне каля 400 відаў рыбы.

– Амаль уся ежа ў Японіі падаецца на стол без тэрмаапрацоўкі, – кажа Пётр Краўчанка. – Нам добра вядома такая страва, як сусі. Мы называем яе “сушы”, але ў японскай транскрыпцыі правільна менавіта “сусі”.

Японцы патрыятычныя, беларусы – творчыя

Высветлілася, што беларусы і японцы маюць шмат агульнага. Да таго ж нам ёсць чым падзяліцца адно з адным.

Пётр Краўчанка.

– Японскі патрыятызм не мае межаў, – заўважыў Пётр Краўчанка. – Існуе верагоднасць таго, што ў будучыні астравы Японіі знікнуць у водах акіяна.

Калі ў японцаў запыталіся, што яны будуць рабіць, калі краіна пачне знікаць, 99% апытаных адказалі – здзейсню самазабойства.

Думкі з’ехаць у іншую краіну ў іх не ўзнікае, бо японцы не могуць жыць без Японіі. Такому патрыятызму беларусам варта павучыцца.

Да таго ў японскіх традыцыях працаваць на адным прадпрыемстве ўсё жыццё. Таму маладыя японцы вельмі пільна выбіраюць месца працы. Але за гэта працаўнікі маюць свае бонусы: пасля выхаду на пенсію кожны чалавек атрымлівае калі 200 тысяч даляраў (сума залежыць ад канкрэтнай фірмы).

Таму японскіх пенсіянераў-турыстаў можна пабачыць ва ўсім свеце. У пажылым узросце яны могуць сабе дазволіць пабачыць свет.

Самім жа японцам не зашкодзіла б пазычыць у беларусаў крыху творчага, імправізацыйнага падыходу да жыцця.

Доўгая самаізаляцыя краіны і прытрымліванне традыцый прывялі да таго, што японцы знаходзяцца пад уплывам стандартаў і не выходзяць за іх межы.

У японцаў калектыўнае цэніцца вышэй за індывідуальнае.

– Калі японец будзе прадстаўляць сябе новым сябрам, то спачатку скажа, што ён рабочы нейкай фірмы, а ўжо пасля назаве сваё імя і прозвішча, – заўважае Пётр Краўчанка.

Астравеччына доўга не ведала свайго героя

Прыгадаў Пётр Краўчанка і беларусаў, якія сваёй працай праклалі першыя культурныя мосцікі між Беларуссю і Японіяй.

Наш зямляк, ураджэнец Астравеччыны Восіп Гашкевіч, пабудаваў у Японіі царкву і шпіталь для дапамогі хворым на туберкулёз.

Апошнія гады свайго жыцця Гашкевіч правёў у вёсцы Малі Астравецкага раёна, дзе набыў маёнтак. Там ён займаўся вырошчваннем рысу. У Вільні ж паспеў выдаць кнігу “Пра карані японскай мовы”.

Яго асобу памятаюць і шануюць у Японіі. У дзень нараджэння Восіпа Гашкевіча праваслаўныя японцы збіраюцца разам.

– У 60-х гадах мінулага стагоддзя першыя японскія турысты прыехалі на Астравеччыну, каб наведаць месца пахавання Восіпа Гашкевіча, – распавядае Пётр Краўчанка. – Але з мясцовых жыхароў ніхто не ведаў, хто такі Гашкевіч. Гасцей павезлі на віленскія могілкі, дзе паказалі магілу сына Восіпа Гашкевіча. Давялося хлусіць, што там пахаваны сам навуковец, бо іншага выйсця не было.

Ужо пазней вызначылі, што Гашкевіч быў пахаваны ля сцяны праваслаўнага храма ў Астраўцы. Але сапраўднай яго магілы няма.

У 1994 годзе ў Астраўцы з’явіўся бюст Восіпа Гашкевіча. Яго аўтарам стаў скульптар Валяр’ян Янушкевіч, які таксама працаваў над помнікам Міхалу Клеафасу Агінскаму ў Маладзечне.

Вывучыць японскую мову за пару гадоў нерэальна

Прысутных на сустрэчы слухачоў цікавіла, ці ведае спадар Пётр японскую мову.

– Вучыць гэту мову трэба сапраўды ўсё жыццё, – адказаў экс-пасол. – У ёй больш за 40 тысяч іерогліфаў. Мясцовыя школьнікі часам не ў стане нават у канцы школьнага навучання прачытаць звычайную японскую газету. Таму для таго, каб вывучыць японскую, трэба сапраўды прысвяціць гэтаму жыццё.

Даведка “РГ”. Пётр Кузьміч Краўчанка – беларускі палітык, дыпламат і гісторык. Першы міністр замежных спраў Беларусі (да 1994 года). З 1998 па 2002 – надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Аўтар чатырох кніг, прысвечаных міжнародным стасункам Беларусі, а таксама асобе Міхала Клеафаса Агінскага.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота 1.bp.blogspot.com, venividi.ru, builduptoday.com, Аляксандры ПАРАХНІ.