Сяргей Пучкін змяніў месца жыхарства з Пермскай вобласці на Вілейшчыну, прафесію – з настаўніка на трэнера па байдарках і каноэ. Дзякуючы яму на Вілейскім вадасховішчы цяпер ёсць база для трэніровак.

А пачыналася ўсё ў 1981 годзе, калі Сяргей Пучкін прыехаў у Вілейку. Вось ужо 33 гады яго жыццёвы шлях звязаны з нашым рэгіёнам і яго жыхарамі. У Беларусі ён паспеў павучыцца ў жодзінскай школе, на геаграфічным факультэце БДУ, а пасля папрацаваць настаўнікам у Смалявіцкім і Любанскім раёнах.

Жывучы і працуючы на Вілейшчыне ўжо тры дзесяцігоддзі, Сяргей падрыхтаваў 30 кандыдатаў у майстры спорту і трох майстроў спорту.

Яго выхаванцы неаднаразова прадстаўлялі горад на ўсебеларускіх спаборніцтвах, а Беларусь – на міжнародных.

Выхаванцы з цеплынёй успамінаюць пра свайго першага трэнера, а таксама пра базу для трэніровак на Вілейскім вадасховішчы. Яе Сяргей Пучкін пабудаваў практычна на ўласным энтузіязме, правёўшы рэканструкцыю пустога будынка. База не пустуе і цяпер.

Любоў да спартыўнага ладу жыцця ён перадаў і сваім дзецям.

Сын стаў майстрам спорту па веславанні, а дачка – віцэ-чэмпіёнам Еўропы па каратэ.

Акрамя спорту, ёсць у спадара Сяргея і яшчэ адно захапленне – турызм і бардаўская песня. Ёсць і свае любімыя мясціны: гара Бялуха на Алтаі, рака Сэрвач, мястэчка Гальшаны.

У храмах Гальшанаў і Барунаў Сяргей Пучкін праводзіў вышынныя работы, бо мае неабходную альпінісцкую тэхніку і навыкі. Да таго ж спадар Сяргей – выдатны экскурсавод.

Свае экскурсіі ён ладзіць на беларускай мове, хаця нарадзіўся ў далёкім Шукшыне Пермскай вобласці Расіі.

Сяргей прызнаецца, што любоў да Беларусі і беларускай мовы  яму перадалася ад лепшага сябра, украінца Віталя Кастэнкі, а таксама ад любімай “Рэгіянальнай газеты”.

Жадаем Сяргею Пучкіну новых паходаў і песняў, здароўя, жадаем выхаваць унукаў сапраўднымі патрыётамі і абавязкова дачакацца праўнукаў!

Сябры па спорце і турызме.

Фота забяспечана Міхаілам МІХАЛЕВІЧАМ.