У суботу, 1 чэрвеня, ва Уладыках непадалёк ад Ільі мясцовая грамадскасць адкрыла адноўлены помнік паўстанцам 1863 года.
Пад крыжам супакоіліся 121 удзельнік бою, які адбыўся тут паміж паўстанцамі і падраздзяленнем царскіх войск 28 мая 150 гадоў таму. Надмагільная пліта была тут пастаўлена ўпершыню ў 1933 годзе.
Аўтар праекта адноўленага помніка архітэктар з Вілейкі Анатоль Капцюг. Помнік адноўлены дзякуючы намаганнямі вілейскіх краязнаўчых суполак, ад імя якіх на адкрыцці выступілі Аляксей Лужынскі і Дзяніс Канецкі.
Прысутныя, а іх сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, з увагай выслухалі казанне ксяндза альковіцкага касцёла айца Анатоля, прасякнутае патрыятызмам і болем за тое, што мы часта больш шануем чужое, забываючыся на сваё.
Зміцер Хаценчык, які разам з Дзянісам Канецкім незадоўга да урачыстага дня выпусціў у выдавецтве “Кнігазбор” кнігу, прысвечаную паўстанню 1863 года на Вілейшчыне, расказаў прысутным аб ёй.
Побач, у адной агародцы з магілай паўстанцаў, знайшлі свой спачын сем’і мірных жыхароў, якіх забілі фашысцкія карнікі ў час апошняй вайны. Аднаму з ахвяр, Валодзю Захарэвічу, быў усяго толькі год.
– Гэта святое, намоленае месца, – сказаў адзін з мясцовых жыхороў, які прысутнічаў на ўрачыстасці. – Можа, таму і пахавалі ў вайну з фашыстамі іх менавіта тут. Забілі за сувязь з партызанамі.
Нават калі гэта не так, бо ваенныя пахаванні часта рабіліся не там, дзе лепш, а дзе было магчымым, ёсць сімвалічнасць у гэтай повязі часоў. І касінеры-паўстанцы, і жыхары Уладык 70 гадоў таму хацелі жыць у свабодзе.
На адкрыцці помніка, акрамя мясцовых жыхароў і віляйчан, былі тыя, хто прыехаў сюды спецыяльна з Маладзечна і Мінска.
Зміцер Хаценчык (у цэнтры) расказвае пра тое, як праходзіў трагічны бой 150 гадоў таму тут, пад Уладыкамі. Тады ахвярамі расійскай ваеншчыны сталі 121 паўстанец:
Мікола ГАЙДУК.
Фота Аляксандра Манцэвіча.