Вікторыя Рынкевіч, гаспадыня:
– Бывае, што дзеці адмаўляюцца, часам адпраўляюць туды з-за кватэры. З аднаго боку, добра, што існуюць такія месцы, з іншага ж, дзеці павінны даглядаць тых, хто даў ім жыццё. Наўрад ці за імі там будуць даглядаць так, як за родным чалавекам.
Вячаслаў Арлоўскі, фларыст:
– Сталыя людзі найчасцей трапляюць туды, бо застаюцца без сваякоў. Наша беларускае грамадства варожа ставіцца да таго, што дзеці аддаюць сваіх бацькоў, але ж у іх ёсць розныя на тое прычыны. Асабіста я быў бы не супраць пад старасць пайсці ў дом састарэлых. Там ёсць усе ўмовы для жыцця сталых людзей.
Артур Васільеў, дызайнер мэблі:
– Калі адзіная альтэрнатыва дома састарэлых адзінота, калі чалавек адчувае сябе непатрэбным, калі няма каму падаць ваду ці лекі, тады я добра стаўлюся да гэтай справы. Умовы там такія ж, як і ў медыцынскіх установах. Было б лепш, каб у Беларусі з’яўляліся прыватныя дамы састарэлых.
Дзяніс Галюк, фермер:
– Галоўная прычына – узрост. Хутчэй за ўсё, гэта людзі, за якімі няма каму даглядаць. Дзяржава павінна клапаціцца пра такіх людзей. Напэўна, умовы там даволі добрыя. Ёсць каму і памыць, і накарміць.
Алег Міхеенка, намеснік дырэктара краязнаўчага музея:
– Часцей за ўсё туды трапляюць нікому непатрэбныя старыя людзі, часам і інваліды. Бывае, што і людзі, якія выйшлі з турмы і ім няма дзе жыць. Мяркую, гэта нармальна, калі старых даглядаюць там. На захадзе гэтыя дамы нібы санаторый, а ў нас, на жаль, іх нельга так назваць.
Ганна Навумава, пенсіянерка:
– Калі чалавека няма каму даглядаць, тады ён і ідзе ў дом састарэлых. А хто там хоча даглядаць старых, абмываць, парадкаваць? Лічу, што гэта ненармальна, калі дзеці туды аддаюць сваіх бацькоў.
Зоя Сцяцко, пенсіянерка:
– Старыя туды трапляюць з-за дрэннага выхавання дзяцей. У вайну такога не было, а цяпер моладзь не глядзіць за бацькамі. Хаця, на маю думку, умовы там даволі добрыя, ёсць усё неабходнае для жыцця чалавека.
Падрыхтаваў Яўген КАРОСЦІК.