Кірмашы ўсходніх тавараў ладзяцца ў нашых гарадах па некалькі разоў на год. Асабліва любяць іх жанчыны: па невялікіх коштах там можна набыць і летняе адзенне, і ўпрыгожванні, і касметыку, і прыправы.

Ёсць і свае сакрэты таго, як лепей сябе паводзіць на такіх кірмашах, каб не выйсці адтуль расчараванай.

Карэспандэнтка “РГ” неаднаразова працавала прадавачкай на кірмашах усходніх тавараў. Погляд на кірмаш з другога боку прылаўка стаў цікавым досведам.

Знайсці якасны тавар – сапраўднае майстэрства

Звычайна кірмашы ўсходніх тавараў стракочуць вывескамі кшталту “стопрацэнтны шоўк”, “сапраўдны індыйскі кашамір”, “лепшае срэбра з Усходу”.  Так гэта ці не – кожны вырашае сам.

Калі прыходзіш працаваць за прылавак, гаспадар гандлёвага пункта праводзіць просты інструктаж: злева шаўковыя хусткі, справа – кашамір.

Разабрацца ў тым, ці сапраўды гэта так, можа толькі той, хто сам цяміць у тканінах. Таму пытацца ў дзяўчат-прадавачак, ці праўда, што гэта стопрацэнтны шоўк, – не мае сэнсу.

Назіраць з-за прылаўка даводзіцца рознае. Адна жанчына, выбіраючы шаўковую хустку, прапусціць яе праз сярэбраны пярсцёнак, падпаліць нітачку – спосабы у кожнага свае – і пасля з агідай кіне тканіну, абураючыся, што яе падманваюць. Праз пару хвілін гэту ж хустку “пратэстуе” другая пакупніца і набудзе яе ў вялікім захапленні, хвалячы высокую якасць.

Меркаванне аб тым, што

на кірмашы гандляры з Усходу прывозяць тое, што не носяць самі і не могуць прадаць на радзіме,

часам мае рацыю.Прывяду просты прыклад.

Прадаючы кашаміравыя (па сцвярджэнні гаспадара) паланціны па 80-100 тысяч рублёў, я неаднаразова бачыла, як пакупнікі ціхенька размаўлялі з гандлярамі. “Ці ёсць у вас сапраўдны кашамір?” – пыталіся яны. Тады гандляры даставалі з-пад прылаўкаў паланціны, зусім іншыя на выгляд, і прадавалі іх па 100 даляраў за штуку. Дзяўчаты-прадавачкі пра гэты тавар нічога не ведалі.

Пазней, прачытаўшы пра тое, што кашамір – гэта поўсць высакагорных авечак, я зразумела, што наўрад ці за 100 тысяч рублёў прадаю кашаміравыя паланціны.

Калі вы гатовыя аддаць вялікія грошы за сапраўды якасны тавар – мае сэнс размаўляць з гаспадарамі самастойна.

Не бойцеся зніжаць кошты

Гандаль ва ўсіх усходніх краінах пабудаваны на абавязковым таргаванні між гандляром і пакупніком. Часам магчыма панізіць кошты нават у некалькі разоў.

Абавязкова варта прасіць скідку ў дзвюх сітуацыях. Па-першае, калі вам ёсць да чаго прычапіцца ў тавары. Зацяжка, нераўнамерная афарбоўка, нейкі іншы брак. Па-другое, калі вы бераце некалькі тавараў у аднаго гандляра.

Але для таго, каб знізіць кошт, неабавязкова шукаць нагоду.

Можна казаць пра тое, што не хапае грошай, што вы бедны студэнт, што сёння для скідак спрыяльныя месяцавыя суткі.

Людзі з усходу ахвотна зніжаюць кошты і ўвогуле паважаюць таго пакупніка, які просіць скідку.

Вельмі высокая верагоднасць таго, што ў апошнія дні працы гандлёвых пунктаў кошты істотна панізяцца. Самім гандлярам не хочацца цягаць вялікія баулы з горада ў горад, таму ў апошні дзень яны звычайна ладзяць распродаж. Адваротны бок закупак у апошні дзень – магчыма, выбар у вас будзе не такі шырокі. Але гэта пераважна тычыцца адзення і ўпрыгожванняў, а не касметыкі і прыпраў.

Самі гандляры грэбуюць сваім таварам

Калі запытацца ў гандляроў, якім сваім таварам яны карыстаюцца самі, адказ наўрад ці будзе доўгім.

У шчырых размовах гандляры прызнаваліся, што з усяго прапанаванага варта набываць толькі прыправы і касметыку па доглядзе за целам.

Дзяўчаты-прадавачкі бралі алей для догляду за валасамі і заставаліся вельмі задаволеныя. Але і кошт бутэлечкі алею нашмат вышэйшы, чым у таго ж кашаміравага паланціна.

На кірмашы высокі кошт – амаль заўсёды гарантыя якасці.

Досвед паказвае, што ад кірмашоў не трэба чакаць высокай якасці. Гэта відаць і пры набыцці рэчы: часам трэба перабраць некалькі аднолькавых хусткаў, каб знайсці адну без браку. Чэк на рукі вам наўрад ці дадуць. Вярнуць тавар немагчыма. Вы набываеце  рэч і не маеце ніякіх гарантый.

Праца за прылаўкам па-ўсходняму

Дзяўчатам-прадавачкам даводзіцца працаваць у нялёгкіх умовах. Іх набіраюць пры ўмове валодання англійскай мовай на размоўным узроўні. Самі гандляры ведаюць па-руску толькі некаторыя лічбы і некалькі кампліментаў для мясцовых жанчын.

Часцей за ўсё гаспадары гандлёвых пунктаў не дазваляюць прадавачкам сядзець – гэта значыць, што ты нічога не робіш і проста адпачываеш.

Аднойчы за просьбу узяць табурэтку мяне, як асабліва лянівую, накіравалі да іншага гандляра.

Кожны выхад у прыбіральню ці на каву патрабуе адмысловага дазволу. Падчас наплыву пакупнікоў нават і думаць аб прыбіральні забаронена.

Да таго ж трэба пастаянна лезці да наведнікаў з парадамі і пытаннямі.

“Калі ты маўчыш – ты не працуеш”, – такі прынцып Усходу.

Давесці да ўсходніх людзей, што беларускіх пакупнікоў можа проста адпужаць гіперактыўнасць прадавачкі – амаль нерэальна.

Таму ненармальныя для беларусаў выкрыкі прадавачак кшталту: “Падыходзьце, таннае адзенне!”, “Сёння прадаём са скідкай!” і іншыя – не ініцыятыва саміх дзяўчат.

Паколькі звычайна плацяць прадавачкам не вельмі шмат, а заробак не залежыць ад колькасці прададзенага, многія дзяўчаты ідуць за прылавак далёка не за грашыма. Праца на кірмашы ўсходніх тавараў – выдатная магчымасць… красці.

Гаспадары ніколі не пералічваюць свой тавар. Некалькі разоў на дзень яны адыходзяць ад прылаўка.

Многія прадавачкі карыстаюцца гэтым для таго, каб узяць рэчы для сябе, для маці і ўсіх сябровак – колькі дазволіць сумленне.

Апраўданне ва ўсіх аднолькавае: калі нам не плацяць годна, то мы маем права ўзяць рэчы самі.

Некаторыя шчодрыя гаспадары самі робяць падарункі сваім прадавачкам альбо ў канцы працы прапануюць узяць тое, што спадабалася. Менавіта так у канцы працы мне дасталася прыгожая сукенка з усходнім узорам. А вось ці з сапраўднага яна шоўку – я не ўпэўненая і дагэтуль.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.

Аляксандра ПАРАХНЯ.