Як адпачыць дзікуном у Нарачанскім краі? Што цікавага паглядзець падчас адпачынку?

Пра гэта ішла гаворка з намеснікам генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Нарачанскі” па навуковай рабоце Валерыем Люштыкам.

– Што Нацыянальны парк можа прапанаваць турысту-дзікуну?

– Для аматараў актыўнага адпачынку абсталяваны 16 турыстычных стаянак. Размешчаны яны на ўзбярэжжах дзевяці азёр. Там альтанкі, вогнішчы,  дровы, на некаторых ёсць пітная вада. Асобна адзначу турстаянку на аўтакемпінгу «Нарач», дзе больш за 20 месцаў для адпачынку. Размешчаны яны на адлегласці адно ад аднаго. Да ўсяго тут яшчэ ёсць месца для паркоўкі машыны.

– Колькі каштуе адпачынак на такіх стаянках?

– Суткі знаходжання на большасці з іх абыдуцца ў 15 тысяч рублёў з чалавека, а на стаянках “Антанізберг” і “Качаргі” — 25 тысяч рублёў, на аўтакемпінгу «Нарач» – 30 тысяч рублёў. Да таго ж з гасцей Нацыянальнага парку “Нарачанскі” спаганяецца курортны збор – 10 тысяч рублёў.

– На ваш погляд, якія мясціны і аб’екты павінен наведаць цікаўны турыст на Мядзельшчыне?

– Гэта залежыць ад яго захапленняў. Калі яму цікава гісторыя і архітэктура, то варта пабачыць архітэктурную спадчыну Нарачанскага краю. Гэта храмы ў Будславе, Засвіры, Шэметаве ды іншыя, сядзіба ў Камарове, рэшткі сядзібна-паркавых комплексаў у Альшэве, Шэметаве.

Калі цікавяць ланшафты і расліны  – то можам прапанаваць вандроўку ў “Парк рэдкіх раслін” на паўвостраве Чараўкі. Тут захаваўся ўнікальны ўчастак, дзе расце больш за дзесяць рэдкіх і знікаючых відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваемых у Еўропе. Таксама можна наведаць дэндрасад каля вёскі Мікольцы. Яго калекцыйны фонд налічвае каля 400 відаў розных раслін, там створаны музей лесу.

Каму цікава ваенная гісторыя – у Нарачанскім краі нямала аб’ектаў, якія засталіся ад Першай сусветнай. Напрыклад, рэшткі бетонных дотаў, складоў боепрыпасаў, а таксама траншэі і г. д.

– Які ж самы папулярны аб’ект у турыстаў?

– Гэта экалагічная сцежка ў прыродным комплексе “Блакітныя азёры”. Адпачынак “два ў адным”. Можна прагуляцца па экалагічнай сцежцы, дзе абсталяваны назіральныя пляцоўкі, устаноўлены драўляныя скульптуры, палюбавацца на азёры, а потым правесці час на якімсьці з трох месцаў для адпачынку. Праўда, трэба памятаць што на месцах адпачынку нельга ставіць палаткі, раскладваць вогнішчы. 

– На сайце Нацыянальнага парку ёсць раздзел, прысвечаны аглядавым кропкам…

– Вылучылі трынаццаць такіх умоўных месцаў, адкуль можна пабачыць уражваючыя краявіды азёр і ландшафтаў, зрабіць добрыя здымкі.

– А якія аглядавыя кропкі параіце наведаць?

– Мне найбольш падабаюцца кропкі ўздоўж лініі фронту Першай сусветнай вайны – ля вёсак Пасынкі і Целякі. З  іх адкрываецца найбольш уражваючы від на наваколле – вялікі прастор, бачна некалькі азёр: Нарач, Мястра, Баторына і Мядзел. Недарэмна ж падчас той вайны немцы захапілі гэтыя вышыні, абсталявалі доты. Так што, там можна паглядзець не толькі на прыгожыя краявіды, а і на рэшткі фартыфікацый таго часу. Яшчэ на гэтай лініі фронту кропкі каля вёскі Пасашкі, Расохі, на паўвостраве Дубавое.

Цяпер многія вандруюць з GPS-навігатарамі. Для іх зручнасці на сайце Нацыянальнага парку (http://www.narochpark.by) змясцілі каардынаты аглядавых кропак. Таксама ёсць каардынаты турыстычных стаянак. А з інтэрактыўнай карта рыбака, даведніка “Водныя рэсурсы Нацыянальнага парку “Нарачанскі” ахвотныя могуць атрымаць больш інфармацыі пра азёры ды рэкі, умовы рыбалкі.

– Што можаце прапанаваць турысту, які хоча адпачыць з камфортам?

– Ён можа прыпыніцца ў гасцінічным комплексе “Нарач”, гасцініцы і модулі аўтакемпінгу «Нарач», гасцявых катэджы, на базе адпачынку “Пронькі” – і гэта толькі названыя аб’екты адпачынку Нацыянальнага парку.

– Гляджу, прапануеце не толькі пазнавальныя ці экскурсійныя туры, а нават і гастранамічныя…

– Так. Робім больш разнастайныя нашы прапановы. Падчас гастранамічнага тура турысты могуць паспрабаваць фірмовыя мясныя і рыбныя стравы – юшку з вугра, традыцыйны фаршыраваны шчупак і многія іншыя. Збольшага такой прапановай карыстаюцца для святкавання юбілеяў, вяселляў.
Алесь ВЫСОЦКІ.

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.

Карта турстаянак ў НП «Нарачанскі». Не пазначана стаянка «Шырокі роў» на беразе возера Вішнеўскае.

У наступнай публікацыі пагаворым больш дакладна пра магчымасці адпачынку на пляжах і пра тое, якая сітуацыя на возеры Нарач з цэркарыёзам –  так званым свербам купальшчыка.



Паглядзець Турстаянкі на Мядзельшчыне на карце большага памеру.

 Алесь ВЫСОЦКІ.