“Хіба ж можна збіраць настолькі маленькія лісічкі, – сказаў абураны маладзечанец пенсіянер Іван Лось, зайшоўшы да нас у рэдакцыю. – Няўжо можна знішчаць прыроду?”. І мы вырашылі высветліць, ці сапраўды так адбываецца.

Грыбны сезон ужо пачаўся. Сведчанне гэтаму – прыдарожныя прадаўцы. Лісічкі з’явіліся недзе ўжо тыдзень таму. На рынку райспажыўтаварыства ў Маладзечне з пяцёра прадаўцоў гандлююць грыбамі.

– Колькі лісічкі? – пытаюся ў пажылой жанчыны ў хустачцы, якая ажно на зямлю выставіла празрыстую пластмасавую ёмістасць з грыбамі.

– Паўлітровы слоік – 28 тысяч рублёў. Цэлую раніцу збірала, купляйце, дзяўчына, грыбочкі чыстыя, – адказвае мне гандлярка.

Сумневы мае, аднак, выклікала зусім іншая рэч: лісічкі прадаюць вельмі дробныя. Па сантыметры ў дыяметры, а то і менш. Здалёк нават не зразумела, ці грыбы гэта? Няўжо такую дробязь можна прадаваць?

– Нельга збіраць лісічкі з памерам шапак менш за паўтара сантыметра, да таго ж забаронена разграбаць лясную падсцілку, – кажа галоўны спецыяліст Маладзечанскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Танана. – За парушэнне гэтых патрабаванняў прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь.

Згодна з “Правіламі збору, нарыхтоўкі і закупкі дзікарослых раслін”, нельга наносіць шкоду грыбніцы. А каб яе не пашкодзіць, неабходна грыбы зразаць нажом ці асцярожна іх выкручваць з зямлі. Вырываць грыбы з зямлі нельга: ад гэтага пашкоджваецца не толькі грыбніца, але і зародкі будучых грыбоў.

Але  ў пагоні за грашыма гандляры не вельмі клапоцяцца пра ўраджай, раз вырываюць з зямлі нават самыя маленечкія грыбкі. І штрафаў, мабыць, яны не баяцца, раз у кожнага прадаўца на рынку палова слоіка дробязі.

Як нельга збіраць ягады

Ягады таксама трэба збіраць асцярожна, каб не пашкодзіць ягаднікі. Нельга збіраць недаспелыя брусніцы і журавіны. Недапушчальна, каб у вядры было назбірана больш за адзін працэнт недаспелых брусніцаў і больш за пяць працэнтаў недаспелых журавін.

На падыходзе ўжо і чарніцы. Іх нельга збіраць “камбайнамі”, каб не пашкодзіць куст.

У сваю чаргу Маладзечанская райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя абяцае кантраляваць і сачыць за прадаўцамі, якія гандлююць грыбамі маленькага памеру і няспелымі ягадамі.

Забаронена гандляваць ландышамі

На рынку, акрамя грыбоў, гандлююць ландышамі. Яны занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Зрываць іх, а да таго ж гандляваць імі, забаронена.

– Ландышамі са свайго двара можна гандляваць, – кажа спадар Сяргей. – Але вельмі цяжка даказаць, што кветкі прадаюць не з лесу. Толькі вельмі разумны батанік можа вызначыць, адкуль гэтыя ландышы. Тым больш, ландышаў цяпер развялося шмат. І ў хуткім часе яны могуць быць выкрасленыя з Чырвонай кнігі.

Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.