– Ядомыя, натуральна…

– Выйшаў з хаты – і набраў…

На пытанне адказвалі жыхары мястэчка Ілья.

Анатоль Усціновіч, грузчык у магазіне:

– Усялякія. Ядомыя, натуральна (смяецца). Лісічкі цяпер толькі пачалі ісці. Мясціны тут грыбныя – лясы вакол Ільі, Уладыкі, Малявічы… Пазней будуць парасонікі – смачныя грыбы!

Юлія Гараева, медсястра Маладзечанскай ЦРБ:

– Люблю лісічкі. Вельмі смачна іх рабіць смажанымі, з бульбай і цыбуляй. Раней самі збіралі, цяпер купляем. Купляць не баімся, усе ж збіраюць тут, побач, тут і прадаюць.

Людміла Любамірская, пенсіянерка, жыве ў Мінску:

– Лісічкі і баравікі. Сястра жыве ў Сватках, што на Мядзельшчыне. Для мясцовых там іншыя грыбы гэта не грыбы. Бяруць толькі лісічкі і баравікі, прычым не збіраюць зусім маленькія грыбы і не грабуць ягады прыстасаваннямі. Гэтага не скажаш пра гараджан, якія едуць на “зялёнае паляванне”.

Іван Панкоў, выпускнік Ільянскай школы:

– Люблю падбярозавікі, баравікі. Яшчэ парасонікі – яны  вельмі смачныя смажаныя. Збіраем самі. Ходзім з бацькам у лес, тут вакол шмат добрых мясцін.

Алёна Антоненка, вучаніца мінскай гімназіі №31, прыехала на лета да бабулі:

– Грыбы не вельмі люблю. Калі ем, то баравікі і лісічкі. Збіраем усёй сям’ёй тут, на Вілейшчыне.

Ганна Бялькевіч, пенсіянерка:

– Люблю лісічкі, яны ўжо ёсць, пайшлі падбярозавікі, маслякі. У нас вельмі маляўнічыя мясціны, блізка лес, побач рэчка. Выйшаў з хаты – і набраў. Цяпер маленькіх лісічак, асабліва ўздоўж лясных дарог – проста як гузічкаў парассыпана. Такія не бяром, даём падрасці, інакш рабіць нельга, усе вясковыя гэта ведаюць.

Віка Навумік, у дэкрэтным адпачынку:

– Я не збіраю грыбы і не ем іх. У мяне трое малых дзяцей, не рызыкую ўжываць грыбы, каб не атруціцца.
Падрыхтавала Наталля БРОЎКА.