Уладзімір Альфер з Вілейкі разводзіць курэй. “І што тут дзіўнага?”, – спытаеце вы.

 А тое, што куры ў яго – не звычайныя нясушкі, а экзатычныя. І прыехалі яны не з бліжэйшай птушкафабрыкі, а з Германіі ды Украіны.

– Куры ў мяне ўвесь час былі – звычайныя вясковыя нясушкі, – успамінае гаспадар. – Як яны звяліся, вырашыў набыць інкубатар. Пачаў на звычайных куранятах вучыцца. Вывеў, усё атрымалася.

Яйкі ад пародзістых курэй паказвае Уладзімір Альфер

І тут зацікавіўся, а якія ёсць пароды курэй. Вывучаў, знаёміўся з інфармацыяй у інтэрнэце.

– У свеце існуе больш за 280 парод, – кажа. – З гэтай колькасці выбраў 10 парод, якія мне спадабаліся. Улічыў, што падворак не вельмі вялікі. Каб у вёсцы жыў, то можа б і 30 выбраў. Паставіў мэту завесці ўсе дзесяць.

Было гэта чатыры гады таму. І ў пачатку справы давялося Уладзіміру з рознымі праблемамі сутыкнуцца:

– У нас не так шмат у Беларусі аматараў, якія курэй разводзяць. А парод жа многа. І атрымліваецца, што курэй той пароды, якая мне падабаецца, у нашай краіне зусім няма. Ці можа яе разводзіць адзін чалавек, а калі ў адным месцы узяць пеўніка і курыцу, то пойдзе выраджэнне пароды. Значыць даводзіцца шукаць у розных месцах. Шукаў паўсюдна, дзе бываў: і ў нас, і за мяжой.

– І ці ўдалося сабраць гэтыя пароды?

– Удалося.

– Адкуль самыя далейшыя?

– З Адэсы, Германіі.

Птушкі пахаваліся ад дажджу

Прыгожыя птушкі – не з танных. Нядаўна вілейскі гаспадар заказаў пеўніка ў Пецярбургу. Каштуе ён каля 130 долараў, плюс дастаўка.

Затое ёсць на што палюбавацца. Па двары разгульваюць брамы і кахінхіны з пышным апярэннем тулава і ног, паўлаўскія куры са своеасаблівым “іракезам” на галаве, фаверолі і прадстаўнікі іншых парод.

 – А якія з іх самыя любімыя?

– З тых дзесяці парод у мяне няма нелюбімых. Кожная парода нечым цікавая, мае свае асаблівасці. Але вядома, каралі гэтага ўсяго – блакітныя кахінхіны і брамы (апошніх у мяне чатыры віды).  

Клопатаў з птушкамі хапае, асабліва зараз, калі шмат куранят. Але лічыць Уладзімір Альфер, што гэта справа ўдзячная.

– Цікава назіраць, як вылупліваюцца кураняткі, як яны растуць, бачыць, як штосьці атрымліваецца з такога камочку. Ды і за дарослымі назіраць цікава, калі яны ўсе разбрыдаюцца па тэрыторыі. Людзі прыходзяць, кажуць: “У цябе як у заапарку”. Хтосьці паглядзіць – таксама пачынае цікавіцца, жадае завесці такіх курэй. 

Каб апраўдаць выдаткі, гаспадар прадае гадаванцаў.  “Гэта не бізнес. Хутчэй затратаў больш”, – прызнаецца. Пераконвае ён, што добрая птушка не можа быць таннай:

– Калі ўсё рабіць толкам, каб птушка здаровая і дагледжаная была, то ўтрыманне, вырошчванне дорага выходзяць. Шмат аспектаў трэба ўлічыць. Скажам, камбікорм толькі правераны даю – у Пухавічах і Баранавічах добры камбікорм робяць.  

– А хто такіх курэй купляе?

– Аматары, якія хочуць абнавіць пароду. А таксама тыя, хто пачынаюць гэтай справай займацца ці хочуць, каб у замест банальнай нясушкі жыла прыгожая птушка.

Цікава, а ці шмат яек экзатычныя куры нясуць?

– Калі б разводзіў звычайных нясушак, то меў бы больш яек. Мае нясуцца горш. Але ж не ў гэтым справа, а ў тым, каб развесці пароду.

– Вось дзесяць любімых парод завялі, цяпер, можа, і на іншыя ўвагу звернеце?

– Астатнія пароды мяне мала цікавяць. А новую пароду я не выведу сам,  не ў тым узросце. Гэта нерэальна зрабіць: жыццё трэба пакласці. Так што, буду весці селекцыйную работу па любімых пародах.

Шмат чаго для  развядзення пародзістых кур неабходна. І памяшканне падыходзячае, і месца для выгулу, і грошы, вядома. Але ж галоўная ўмова, лічыць Уладзімір Альфер, такая:

– Трэба, каб душа да гэтага ляжала, калі не – то толку не будзе. З-пад палкі ніводная справа не атрымаецца. А я люблю з жыўнасцю вазіцца, мне гэта цікава.

Алесь ВЫСОЦКІ.

Экзатычныя кураняты

Фота Алеся ВЫСОЦКАГА.