Калі сёння ці заўтра не будзе прыняты дакумент, які абароніць прадпрымальнікаў ад вельмі дарагой і нявыгаднай сертыфікацыі, то ў чацвер, 27 чэрвеня, яны правядуць папераджальную забастоўку: не выйдуць на працу.

Калі тэхнічны рэгламент «Аб бяспечнасці прадукцыі лёгкай прамысловасці» ўступіць у дзеянне, як гэта запланавана, 1 ліпеня, то ад гэтай даты прадпрымальнікі не будуць працаваць. Калі толькі новы дакумент не абароніць іх ад спусташальнага гандлю.

Прадпрымальнікі абвесцілі аб сваім намеры на форуме, які адбыўся ўчора ў Мінску. Яго арганізатар — рэспуліканскае грамадскае аб’яднанне «Перспектыва», якое гуртуе прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу.

Цяпер ім давядзецца самім займацца сертыфікаваннем тавараў, што адыме не столькі час, колькі грошы.

Вось як тлумачыць пазіцыю калег прадпрымальніца Алена:

— Калі нічога за сёння і заўтра не вырашыцца, то мы не выходзім на рынак. А ад першага ліпеня наогул перастаем працаваць. Справа ў тым, што па новым законе сертыфікаваць мусіць не той, хто прывозіць оптам, скажам, з Турцыі ў Маскву, а той, хто купляе дробныя партыі ў Маскве. Так гандляр з Турцыі зрабіў бы сертыфікацыю і даваў бы дакументы тым, хто купляе рэчы ў розніцы. То бок, чалавек, які прывозіць тавар са знешнеэканамічнай зоны на тэрыторыю Мытнага саюза.

Аднак гэта цяпер мусім рабіць мы самі. Вось уявіце. Мы купляем у кожнай партыі па пяць экзэмпляраў рэчаў. Калі самім рабіць сертыфікацыю, трэба дзве штукі з пяці аддаць на экспертызу, якая каштуе 1 мільён 300 тысяч рублёў. Калі рэчы не праходзяць экспертызу, мы губляем грошы. А калі праходзяць, то дзве з партыі ўтылізуюцца. Застаецца толькі тры, і кошт партыі даводзіцца размяркоўваць на іх. Калі ж не прытрымлівацца нормы і тавар не сертыфікаваць, то канфіскуюць яго увесьі накладуць штраф 200% ад рэалізаванага тавару.

Вось пералік, чым незадаволеныя прадпрымальнікі: Патрабаванні забастоўкі прадпрымальнікаў.

Вольга ЮРКЕВІЧ, Зоя ХРУЦКАЯ.