Гандляры сёння далучыліся да забастоўкі, якую абяцалі па ўсёй Беларусі.
Лаўкі з прадуктамі.

А насупраць:

Але ж не ўсе гандляры непрадуктовых тавараў сёння байкатуюць. Новы рэгламент не тычыцца гандляроў бытавой хіміі.

А таксама тых, хто прадае беларускае адзенне і галантарэю. Не тычыцца і гандляроў сэканд-хэндам.

З гэтай нагоды мы правялі сярод маладзечанцаў апытанне: Калі рынак перастане працаваць, для вас гэта будзе катастрафічна?

Пакупнікі, у якіх мы пыталіся, што адбываецца з павільнамі, у якіх гандлююць адзеннямі, адказвалі: «Бастуюць з-за сертыфікатаў».

Гандляры прадуктамі кажуць, што падтрымліваюць сваіх калег:

— Калі б у такія ўмовы паставілі б нас, і мы б не выйшлі на працу.

Аб іх намеры мы пісалі ў аўторак: Гандляры маладзечанскіх рынкаў далучацца да агульнанацыянальнай забастоўкі

“У чацвер ладзім папераджальную забастоўку. Калі нічога не зменіцца, ад 1 ліпеня не працуем”, – казалі нам гандляры ў аўторак.

Прычынай стала тое, што 1 ліпеня ўступае ў сілу тэхнічны рэгламент Мытнага саюза “Аб бяспечнасці прадукцыі лёгкай прамысловасці”.
Паводле яго, пэўныя групы тавараў, якія ўвозяць са знешнеэканамічнай зоны, павінны прайсці сертыфікацыю ў межах Мытнага саюза (у які ўваходзіць Беларусь, Расія і Казахстан).

Ён, на думку гандляроў, ставіць іх у немагчымае для працы становішча. Таму, калі нічога не зменіцца, ад 1 ліпеня гандляры, што прадаюць тавары лёгкай прамысловасці, працаваць не будуць.

Прадпрымальнікі абвясцілі аб сваім намеры баставаць на форуме, які адбыўся 24 чэрвеня ў Мінску. Яго арганізатар – рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Перспектыва”, якое аб’ядноўвае прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу.

Сутнасць у тым, што цяпер гандлярам давядзецца самім займацца сертыфікаваннем тавараў, што адыме і час, і грошы.

Вось як патлумачыла пазіцыю калег прадпрымальніца Алена ў аўторак:

– Знак сертыфікацыі, які адпавядае новаму стандарту, у нас павінен быць з першага ліпеня. Без яго мы не зможам прадаваць тавар. Але і рабіць сертыфікаты таксама не маем як. У Маскве, дзе мы пераважна купляем рэчы, сертыфікат проста не выдаюць. Там такога не існуе. Лагічна было б так. Чалавек прывозіць оптам партыю, скажам, з Турцыі. У кожнай партыі, напрыклад, тысяча аднолькавых сукенак. Ён аддае дзве штукі з тысячы на экспертызу і атрымлівае сертыфікаты. А калі ўжо мы прыязджалі б закупляць, то нам выдавалі б сертыфікаты.  
– А паводле новага рэгламенту, – працягвае яна, – абавязак сертыфікаваць ускладзены на нас. Значыць, мы прыязджаем на аптовы рынак у Маскву, кожны купляе з аптовай партыі рознічную партыю сабе – пяць штук. І з гэтай партыі кожны мусіць аддаць дзве штукі на экспертызу. Заплаціць за яе 1,3 мільёна рублёў і атрымаць той сертыфікат. А калі не прытрымлівацца пастановы і тавар не сертыфікаваць, то канфіскуюць яго ўвесь і накладуць штраф 200% ад рэалізаванага з 1 ліпеня да дня праверкі тавару.

Паводле пастановы “Аб унясенні дапаўненняў…” у пастанову “Аб пацвярджэнні бяспекі і якасці пры іх рэалізацыі ў рознічных гандлёвых аб’ектах…”, не рабіць сертыфікаты можна толькі тым, хто будзе мець дакументы, якія пацвердзяць, што тавар паступіў з краін Мытнага саюза. Гэта тычыцца толькі індывідуальных прадпрымальнікаў, якія плацяць адзіны падатак. А на прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы (ПУП) не распаўсюджваецца – ім неабходна мець усе дакументы, згодна з тэхрэгламентам.

Прадпрымальнікі заявілі, што калі рашэнне аб уступленні тэхрэгламенту не адменяць, яны пачнуць збіраць подпісы за выхад Беларусі з Мытнага саюза.

Галоўнае патрабаванне: “Унесці змены ў пастанову, а менавіта прыбраць патрабаванне аб наяўнасці суправаджальных дакументаў і распаўсюдзіць дакумент не толькі на ІП плацельшчыкаў адзінага падатку, але і на ПУПы”.

Спіс патрабаванняў забастоўкі.