Двух маладых маладзечанцаў прыгаварылі да прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму і абмежавання свабоды.
Аднаму з іх 22 гады, ён мае працу, другому – 20, і ён беспрацоўны.
Першае злачынства адзін з хлопцаў здзейсніў сам. У маі мінулага года ён украў пашпарт у знаёмага мужчыны, пакуль той знаходзіўся з ім у адной кватэры. Як прызнаўся абвінавачаны на судзе, ён гэтага не памятае, бо быў моцна п’яны.
Ужо на наступны дзень з чужым пашпартам ён накіраваўся ў офіс адной з мабільных кампаній. Прадставіўшыся іншым чалавекам, ён набыў сім-карту і тэлефон за 1,5 мільёна рублёў. Пры гэтым заплаціў першы абавязковы ўнёсак.
Як высветліла экспертыза, хлопец падрабіў подпіс уладальніка пашпарта.
Адразу ж вырашыў скарыстацца пашпартам яшчэ раз: набыў другую сім-карту і тэлефон у іншага мабільнага аператара. Тэлефон каштаваў 1,8 мільёна рублёў.
Другое злачынства здзейснілі разам у верасні мінулага года. Хлопцы стаялі на ганку аднаго з інтэрнатаў разам са знаёмымі. Абодва пры гэтым былі п’яныя.
Пасля таго, як адзін са знаёмых адмовіўся пазычыць грошы на новую бутэльку, яны вырашылі забраць грошы самі. Адзін з іх заламаў пацярпеламу рукі, другі забраў з яго кішэні 120 тысяч рублёў. Пацярпелы не атрымаў ніякіх цялесных пашкоджанняў.
На судзе абодва прызналі сваю віну. Гэта дапамагло абвінавачаным на працэсе. Але ж супраць іх былі адмоўныя характарыстыкі з месца жыхарства і тое, што абодва злачынствы яны здзейснілі ў нецвярозым стане.
Знаёмаму, у якога ўкралі грошы, вярнулі ўсю суму. Ніякіх прэтэнзій той больш не мае. Скрадзены пашпарт таксама вярнулі ўладальніку.
Адзін са злачынцаў пакрые шкоду, нанесеную мабільным аператарам. Да таго ж яго чакае абмежаванне свабоды тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў.
Другі хлопец, які ўдзельнічаў толькі ў крадзяжы, атрымаў два гады абмежавання свабоды.
Абодвух маладзечанцаў будуць прымусова лячыць ад хранічнага алкагалізму.
Іван Неўмяржыцкі, старшы памочнік пракурора па маладзечанскім раёне.
Фота govorim.by