Парады дае Мікалай Малінец, галоўны дзяржаўны ветэрынарны доктар Маладзечанскага раёна.
Для таго, каб разабрацца ў сітуацыі вакол афрыканскай чумы, карэспандэнтка “РГ” звярнулася па каментары да Мікалая Малінца.
– Як хвароба магла патрапіць у краіну?
– У Беларусі віруса не было, яго прывезлі з-за мяжы. Хутчэй за ўсё з Расіі, бо ў Еўропе ён таксама не быў зафіксаваны. Пра канкрэтны шлях перадачы можна толькі здагадвацца. Вірус маглі пераносіць дзікі, а таксама кармы для жывёл.
– Але ж кармы праходзяць абавязковую сертыфікацыю. Ці маглі яны стаць крыніцай хваробы?
– Існуе вельмі шмат прадпрымальнікаў. Яны прывозяць свой камбікорм з Расіі не на свінагадоўчыя комплексы, а на асобныя хутары. Дзе яны яго бралі – невядома. І той камбікорм бяруць, бо ён таннейшы.
– Ці можа хвароба перайсці на чалавека?
– Ніяк, для людзей няма ніякай небяспекі. Вядома, хвароба наносіць вялікую эканамічную шкоду: перакрываецца экспарт, выплачваецца кампенсацыя тым, у каго забілі свіней.
– Якую кампенсацыю атрымаюць гэтыя людзі?
– Памер выплаты залежыць ад вагі свінні. Раней, калі ўзнікалі выпадкі трыхінелёзу, выплаты ішлі па рыначных цэнах. Гэта рабілася спецыяльна, каб гаспадар фінансава не пацярпеў.
– Апрацоўка хлявоў праводзіцца платна?
– Бясплатна. Да таго ж мы рэкамендуем мінімум паўгода не трымаць у гэтым памяшканні новых свіней.
– Ці бяспечна цяпер есці мяса?
– З тэрыторыі, дзе зафіксавалі афрыканскую чуму, мяса не вывезуць. Там стаяць спецыяльныя пасты. А прадукцыю мясцовых вытворцаў – бярыце і ешце. Адзінае, што я магу параіць: не набываць мяса з рук.
– А самі вы ясце мяса?
– Я ўвогуле імкнуся быць вегетарыянцам. Мясам не злоўжываю. Але калі частуюць тымі ж шашлыкамі – не адмоўлюся.
– Якія парады вы можаце даць фермерам?
– Калі ў вас з’явіліся нейкія падазрэнні, не трэба спрабаваць рабіць нешта самім. Ёсць адмысловыя спецыялісты, якія дапамогуць. Магчыма, калі чалавек трымае парсючка і той ужо падрос, ёсць сэнс закалоць яго цяпер, каб не было небяспекі заражэння. У лядоўні мясу ўжо нічога не будзе пагражаць.
Як паводзіць сябе тым, хто трымае свіней?
Існуе некалькі парадаў, выкананне якіх дапаможа пазбегнуць узнікнення і распаўсюджання хваробы.
Заўважыць хваробу ў жывёлы можна на 2-6 дзень заражэння.
Звярнуць увагу варта на наступныя сіндромы: кашаль, прыступы рвоты, параліч задніх ног, выдзяленні з носа і вачэй, чырвона-фіялетавыя плямы на скуры, язвы.
Пры гэтым у свіней можа захоўвацца здаровы апетыт.
У выпадках, калі хвароба развіваецца імкліва, жывёла можа загінуць і без праяўлення сімптомаў.
Калі свіння выжывае пасля хваробы, яна пажыццёва застаецца пераносчыкам вірусу. Значыць, застаецца небяспечнай для іншых жывёл.
Асабліва важна:
– не пускаць на тэрыторыю сваёй гаспадаркі пабочных людзей;
– трымаць свіней у закрытых памяшканнях, не выпускаць на свабодны выгул;
– апрацоўваць саміх жывёл і памяшканні, дзе іх трымаюць, спецыяльнымі сродкамі ад кляшчоў, вошай, блох і пацукоў;
– абавязкова тэрмічна апрацоўваць харчовыя адходы і корм перад кармленнем;
– не завозіць новых свіней без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай раёна;
– неадкладна паведамляць аб усіх выпадках захворвання жывёл у ветэрынарныя службы;
– пры знаходжанні трупаў дзікоў паведаміць у мясцовы выканкам і ветэрынарныя службы;
Паводле інфармацыі ўпраўлення веткамітэта па сельскай гаспадарцы і прамысловасці Мінвыканкама.
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота youtube.com.
Чытаць яшчэ:
21.06.2013.У Чартавічах на Валожыншчыне забілі ўсіх свіней
25.06.2013.У Беларусі створаны штаб па барацьбе са свіной чумой
31.05.2010.Ачагі сібірскай язвы