Праца ў Мінскім абласным драматычным тэатры не спыняецца нават летам. Цяпер творчыя работнікі рыхтуюць тры прэм’еры да новага сезона.

Цяпер актыўна ідуць рэпетыцыі боскай камедыі, якую напісала беларускі драматург Дыяна Балыка. Арыгінальная назва п’есы можа чытацца па-рознаму, мяняючы сэнс – “Жизньубога”.

Маладзечанскія акцёры рыхтуюць спектакль паводле кнігі Рэд’ярда Кіплінга “Маўглі”.

– У  асноўным гэта спектакль для дзяцей, але не толькі для іх. У сучасным свеце прынцып “не забі” дастаткова актуальны, – патлумачыў мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Дзінаў.

Да новага года для маладзечанцаў рыхтуе спектакль запрошаны рэжысёр Аляксей Лаберка паводле п’есы Галіны Кабяковай “Людаед па імені Чайкоўскі”, які будзе цікавы і дзецям, і дарослым. Афармляць усе спектаклі будзе галоўны мастак тэатра Валеры Юркевіч.

У наступных нумарах будзем распавядаць чытачам пра закуліснае жыццё.

Аднак на падрыхтоўцы спектакляў праца тэатра не заканчваецца – яны задумалі новы праект разам са спеваком і музыкантам Віталем Качатковым. На маладзечанскай сцэне паставяць сапраўдны мюзікл.
Зоя ХРУЦКАЯ.
Фота mir-teatra.com.