Сёння было прынятае канчатковае рашэнне наконт далейшага лёсу помніка. Расколаты на дзве чаткі камень адрэстаўруюць і паставяць у гарадскім парку Перамогі, недалёка ад помніка воінам-інтэрнацыяналістам.

Камень “Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі” памяняў месца

– На рэстаўрацыю спатрэбіцца літаральна дзень-два, – паведаміў Аляксандр Рамановіч, кіраўнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама. – Таму да 3 ліпеня ўсе працы павінны скончыцца.

Сёння ў Маладзечна прыязджалі рэстаўратары з Заслаўя, якія кансультавалі мясцовых спецыялістаў.

Адбітую частку каменя вернуць на месца, прымацаваўшы спецыяльным растворам. Месцы адбіткаў зашліфуюць.

– На валуне была трэшчына, – заўважае спадар Аляксандр. – Ні ў каго не магло быць ніякай варварскай думкі, каб спецыяльна пашкодзіць камень. Ні ў якім разе! Калі верхняя частка адбілася, было відаць, што ўся паверхня валуна ў іржаўчыне. Таму камень будуць дадаткова апрацоўваць.

Камень дэмантавалі ў пятніцу, 28 чэрвеня.

Была і думка наконт таго, каб зрабіць новы помнік замест расколатага. Але яе не падтрымалі – усё ж стары камень быў асвечаны, яго выгляд быў ужо знаёмы і родны для жыхароў горада.

– У добрага гаспадара ўсё павінна быць на сваім месцы, – кажа Аляксандр Рамановіч. – Так павінна быць і ў горадзе. Вы ведаеце, што ў парку цяпер будуюць пляцоўку для пляжнага валейбола. Калі б мы пакінулі камень на тым жа месцы, ля спартыўнага аб’екта, гэта было б няправільна.

Камень будзе ўваходзіць у так званы “шлях памяці”, які месціцца ў гарадскім парку.

– У Маладзечне мы традыцыйна арганізуем шэсце на Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, – кажа спадар Аляксандр. – Шэсце ідзе праз помнік воінам-інтэрнацыяналістам, каля помніка “Стэла” і завяршаецца на гарадскіх могілак ля брацкай магілы. Камень пакутнікам тут будзе дарэчы, да яго таксама будуць ускладаць кветкі падчас шэсцяў.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ.