Чарговы матч з камандай Кобрына скончыўся ўжо звыклым для маладзечанцаў паражэннем з лікам 0:3.
Невыпадкова, што пытанні да кіраўніцтва клуба з’яўляюцца, і пачуць адказы на іх шматлікім аматарам футбола хочацца.
Але галоўны трэнер па-ранейшаму ігнаруе просьбы аб інтэрв’ю. Таму пытанні, на якія хацелася б пачуць адказ ад Дзяніса Мятліцкага, карэспандэнтка “РГ” вымушаная задаваць дырэктару клуба “Маладзечна – 2013 “ Аляксандру Любанцу.
– Аляксандр, чарговае паражэнне. Што вы можаце сказаць?
– А што тут гаварыць? Няма асноўнага саставу каманды.
– А што з асноўным саставам? Хацелася б пачуць ад вас, чаму на поле не выходзяць вядучыя гульцы: Віталь Макрыцкі, Андрэй Шаблінскі, Сяргей Парфенчык, Юры Бугай?
– Віталь Макрыцкі з’ехаў у Маскву на заробкі. Аляксандр Данілік і Дзяніс Жыліч, якія да таго ж гуляюць за “Іслач”, у Італіі на зборах. А Парфенчык, Бугай і Шаблінскі былі вымушаныя прапускаць матчы з-за атрыманых чырвоных картак. Але ў бліжэйшым матчы яны ўжо выйдуць на поле.
– Якая цяпер атмасфера ў камандзе? Як гульцы і кіраўніцтва ставяцца да таго, што на каманду пасыпалася столькі крытыкі?
– Я не магу адказаць за ўсіх, але маральны настрой у каманды той яшчэ! Што датычыцца персанальна мяне, то я да гэтага стаўлюся нармальна. Разумею, што сачыць за камандай, якая толькі церпіць паражэнні, нікому не цікава. І многае з таго, што мы абяцалі гульцам на пачатку сезона, мы не выканалі.
– Вы пра спонсарскую дапамогу?
– Не толькі. Некаторыя гульцы ішлі ў каманду толькі з умовай выплаты ім прэміяльных, але так атрымалася, што “Беларусбанк” так і не выдзеліў нам абяцаных 200 мільёнаў рублёў.
Таму мы гатовыя да таго, што некаторыя гульцы могуць сысці з каманды. Ужо цяпер ёсць такія, якія адмаўляюцца гуляць. А што датычыцца спонсарскай дапамогі, то яна ёсць ад “Маналіт-буда”, але падрабязнасці раскрываць пакуль не буду. Я ўжо апёкся з “Эціхадам” і “Беларусбанкам”.
– Што чуваць наконт дамовы з ДЮСШ? Яна будзе?
– Я дасылаў ім два афіцыйныя лісты, на якія так і не атрымаў адказаў. Першы ліст быў з просьбай аб’яднаць, па магчымасці, нашы каманды. А другі тычыўся просьбы да ДЮСШа дапамагчы з гульцамі.
– І не атрымалі адказаў нават у вуснай форме?
– Дырэктар ДЮСШ патэлефанаваў мне. З гульцамі абяцаў дапамагчы, але, разумееце, выхаванцы ДЮСШ 1997-2000 года нараджэння. Таму пра іх, як пра гульцоў, не можа быць і размовы. Дапамога ДЮСШ разлічаная на некалькі гадоў наперад. Такіх гульцоў яшчэ трэба выхоўваць, гадаваць.
– Я так зразумела, што рукі вы ўсё ж не апускаеце?
– А чаго іх апускаць? Мы працуем і даволі адэкватна сябе ацэньваем. Мы ж разумеем, што, напрыклад, каб мы перамаглі ў Оршы тым саставам, які мелі, гэта б было сапраўднае дзіва! А ў гэту нядзелю на поле выйдуць і Парфенчык, і Шаблінскі, і Бугай, таму з камандай Віцебска мы яшчэ пазмагаемся!
Наталля ТУР.
Фота Наталлі ТУР.