Каляндар падзей на гэты тыдзень.

5 ліпеня. 75 гадоў з часу прыняцця (1938) Пастановы Прэзідыума ЦВК БССР аб стварэнні дзяржаўных архіваў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай і Палескай абласцей.
***
75 гадоў назад (1938) створаны архіўныя ўпраўленні пры Мінскім, Магілёўскім, Гомельскім, Віцебскім і Палескім абласных выканаўчых камітэтах.
***
75 гадоў з часу прыняцця (1938) Пастановы Прэзідыума ЦВК БССР аб стварэнні Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР (першапачаткова знаходзіўся ў Магілёве; з лістапада 1963 года – у Мінску; у 1992–1995 гадах – у складзе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь; з 16 чэрвеня 1995 года – Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі).
***
75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Машкова (1938–2000), беларускага пісьменніка.
***
6 ліпеня. Купалле.
***
225 гадоў з дня нараджэння Дамініка Манюшкі (1788–1848), асветніка, філантропа. Стрыечны брат кампазітара Станіслава Манюшкі. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта атрымаў вучоную ступень доктара права. Прымаў удзел у вайне 1812 года. Прымыкаў да масонскага руху: быў членам ложы “Паўночная паходня”. Усё сваё жыццё прысвяціў паляпшэнню становішча сялян. Уласны маёнтак i зямельныя ўгоддзі ён аддаў у карыстанне сваім сялянам, пакінуўшы сабе толькі невялікі ўчастак. Кожны селянін атрымаў асобную сядзібу з ворнай зямлёй, лугам i дзялянкай лесу. У канцы жыцця пераехаў у Мінск, дзе i памёр. На яго магіле ў прадмесці Камароўкі пастаўлены помнік з надпісам: “Ад верных сялян i падданых”. Паводле сведчання гісторыка Адама Кіркора, сяляне з Радкаўшчызны вылучаліся дасведчанасцю, сумленнасцю, працавітасцю, высокай маральнасцю i з вялікай павагай ставіліся да памяці Манюшкі.
***
7 ліпеня. 75 гадоў з часу выхаду (1938) Пастановы СНК БССР аб арганізацыі ў Мінску тэатральнага вучылішча (адкрытае 1 верасня 1938 года).
***
8-10 ліпеня. 20 гадоў назад (1993) у Мінску адбыўся І з’езд беларусаў свету, які прыняў дзевяць дакументаў-зваротаў і дэкларацый.

Падрыхтавала Марыя БЕРАСНЕВА.