«Маладзечна-2013» парадавала аматараў футбола доўгачаканай перамогай з лікам 2:1.

Каманда паклала ў сваю скарбонку яшчэ тры ачкі.

Абодва галы ў вароты «Віцебска» забіў Юры Марціновіч.

Сапернікі пачалі больш актыўна атакаваць на пачатку другога тайма. Адна з атак скончылася паспяхова – віцебчане здолелі скараціць адставанне ў ліку. Але зраўняць лічбы на табло не атрымалася.

Для карэспандэнтаў «РГ» гульню пракаментаваў галоўны трэнер каманды «Маладзечна-2013» Дзяніс Мятліцкі:

– У першую чаргу радуе тое, што мы набралі тры ачкі. І ўрэшце змаглі парадаваць прыхільнікаў футбола. Гульня была складанай, пра гэта я папярэджваў футбалістаў загадзя: з «Віцебскам» мы прыкладна на адным узроўні, бо і ў нас, і ў іх гуляе моладзь. У другім тайме папрасіў дабавіць у гульні, але не атрымалася.

– Гульнёй вы задаволеныя?

– Вынікам задаволены, а гульнёй… Ведаеце, ёсць такая прымаўка: гульня забываецца, а вынік застаецца. Самым галоўным цяпер была перамога пасля пяці паражэнняў. І мы яе атрымалі.

– Сёння абодва галы на рахунку аднаго футбаліста…

Два галы «Маладзечна» у матчы з «Віцебскам» на ВІДЭА

– Дарэчы, учора Юра Марціновіч гуляў за другую каманду, якая выступае на першынстве вобласці. І таксама адзначыўся двума галамі.

– Пасля некалькіх паражэнняў запар не ўсе прыхільнікі маладзечанскага футбола працягваюць верыць у вашу каманду. Можа, праз газету хочаце звярнуцца да іх?

– Ведаеце, мы будзем вяртаць іх веру ў каманду не праз словы, а праз дзеянні. Будзем перамагаць і яны зноў павернуцца да нас.

Каментары Дзяніса Мятліцкага наконт сітуацыі ў камандзе чытайце ў наступным нумары «Рэгіянальнай газеты», якая выйдзе ў пятніцу, 12 ліпеня.

Трыбуны паступова запаўняліся цягам матча.

Галоўныя трэнеры віцебскай і маладзечанскай каманд.

Адна з атак у выкананні маладзечанцаў.

Першы гол каманды «Маладзечна-2013».

У цэнтры – аўтар абодвух галоў «Маладзечна» Юры Марціновіч.

Пасля фінальнага свістка фанацкі сектар дзякуе камандзе…

…а каманда ў сваю чаргу дзякуе фанатам за падтрымку.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота Аляксандры ПАРАХНІ і Вольгі ЮРКЕВІЧ.