У пятніцу, 5 ліпеня, на будслаўскі фэст прыехалі і прыйшлі каля 40 тысяч вернікаў.

Мы ехалі з Вілейкі. Дарога была свабоднай зусім нядоўга: толькі ад’ехалі за горад, паказаліся цэлыя калоны машын. Абміналі адну, а спераду з’яўляліся яшчэ, яшчэ і яшчэ.

Ніколі не бачыла, каб за Вілейкай быў такі рух! Ад здзіўлення нават спытала: “Куды яны ўсе едуць?” Здавалася, што толькі мы накіроўваемся ў бок Будслава. Але адказ быў відавочны – на фэст.

Прыехалі рана. Нам пашанцавала, што машыну яшчэ можна было паставіць недалёка ад мястэчка, на палях. Аўтамабілі выстройваліся ў некалькі радоў.

Кіроўцы спрабавалі паставіць свае машыны як мага шчыльней, каб даць магчымасць даехаць сюды астатнім. Але як яны ні стараліся, месцаў хапіла не ўсім: машыны ставілі далей ад мястэчка і, каб людзям не трэба было ісці вельмі доўга, пусцілі аўтобусы. Рух рэгулявала міліцыя.

На споведзь у полі стаялі чэргі

У касцёл было не прабіцца. Многія ахвотныя стаялі на лесвіцы, каб паслухаць імшу. Шмат хто пакідаў грошы на патрэбы касцёла, падаваў паперы з імёнамі сваякоў, каб пасля за іх памаліліся. Усё гэта можна было зрабіць у маленькім памяшканні з задняга боку касцёла.

Здзівілі вялікія чэргі да споведзі, якая адбывалася ў полі. На крэслах сядзелі святары, а побач з імі на каленях людзі каяліся ў сваіх грахах.

Які ж будслаўскі фэст без асвечанай вады! На дзіва, вялікіх чэргаў адразу не было. Набраць яе можна было ў вялікай цыстэрне і ў калодзежы побач з царквой.

Многія вернікі, набіраючы ваду, разлівалі яе. А адзін малады чалавек на нашых вачах пачаў мыць у ёй рукі. Іншыя вернікі абурыліся яго паводзінамі і пачалі саромець маладзёна. Хутка той збег.

Цікавасць у прыезджых выклікалі палаткі вакол парку, дзе можна было купіць салодкіх пеўнікаў, магніцікі з выявай Будслава, фігуркі маленькіх анёлаў, саламяныя капелюшы і многае іншае.

З ахвотай людзі куплялі свечкі, каб  прайсціся з імі ў час працэсіі. З цікавасцю разглядалі мазі ад розных хваробаў, шампуні, чаі, зробленыя на лекавых травах. Іх таксама можна было набыць.

Адны – слухалі службу, а іншыя – елі папкорн

У 23.40 пачалася працэсія вакол парку. Распачалі яе святары, якія неслі абраз Маці Божай Будслаўскай. У гэты час людзі з’ядналіся ў адно цэлае. Запальвалася адна свечка, потым другая, трэцяя. У хуткім часе на вуліцы стала бачна як днём.

Пакуль людзі прайшлі кола вакол парку, святары на сцэне пачалі службу. Яе вялі на беларускай мове. Некаторыя падрыхтаваліся вельмі грунтоўна: прынеслі с сабой дываны, каб слухаць седзячы. Многія малітвы людзі гаварылі хорам. Што самае дзіўнае, іх ведалі нават маленькія дзеці, якіх было даволі шмат.

За паркам жа ішло іншае жыццё. Людзі куплялі шашлыкі, гулялі ў бяспройгрышныя латарэі, ласаваліся салодкай ватай і папкорнам.

Фота 2005 года

Галіна СІНІЦА.

Фота забяспечаныя Галінай СІНІЦАЙ.