Нядаўна да нас у рэдакцыю ў чарговы раз заляцела абураная жанчына: “І вы яшчэ называеце сябе газетай?! Побач з вамі дарога такая, што ні прайсці, ні праехаць, а вы зрабіць нічога не можаце!”

Сапраўды, зрабіць мы нічога не можам, бо адной рыдлёўкай тут ужо не дапаможаш. Але нагадаць пра гэта – нагадаем.

Заходзячы ў рэдакцыю, людзі ў размове часта ўзгадваюць разбітую дарогу: на машыне не праехаць, дзяцей у садок не завесці, на рынак не прайсці.

«РГ» зладзіла акцыю “Зрабіце нам дарогу”

На ўласным досведзе мы ведаем, што на аўтамабілі без скрыгатання падвескай праехаць немагчыма нават на мінімальнай хуткасці. Адчуванне такое, што ў машыны адарвецца не толькі падвеска, але і колы адваляцца.

Дарога моцна б’е і па кашальках кіроўцаў. Ім даводзіцца рамантаваць ці мяняць падшыпнікі, падвескі ды амартызатары. Каштуе гэта нятанна. Нават у “Жыгулях” памяняць падшыпнікі – 200 тысяч. Уявіце, колькі будзе каштаваць рамонт дарагой машыны?

Аднойчы здарылася так, што кіроўца, які вёз у дзіцячы садок прадукты, падчас дажджу мёртва засеў ў яміне. Каб выцягнуць машыну, давялося выклікаць МНС.

За апошнія гады праезд зусім пагоршыўся. Яміны з кожным днём і з кожным дажджом усё павялічваюцца.

Не першы раз “РГ” піша пра гэта. Апошні раз мы дасылалі ліст у “Камунальнік” у 2010 годзе. Адказ быў чаканы: “Разбяромся ў сітуацыі”.

Дарожная служба лічыць, што праезд разбураюць карані дрэў, якія растуць уздоўж яго. Аднак дрэвы растуць і побач з цэнтральнымі вуліцамі, але асфальт там добры.

Карэспандэнты “РГ” самі правялі даследаванне праезду

Даўжыня праезду каля 150 метраў. З боку садка ямін аказалася 136, а з боку гімназіі №6 – 57.

Самая вялікая яма, якую мы знайшлі, – 150 сантыметраў у даўжыню і 100 – у шырыню. Глыбіня яе каля чатырох сантыметраў. Іншыя ямы былі глыбейшыя, аж да дзевяці.

Праезд мералі сантыметрам і школьнай лінейкай у спякоту. У дождж ямы размывае яшчэ больш. Пра міжсезонне няма чаго і казаць.

Зімой вада ў ямах замярзае і павялічвае іх памеры. Гэта значыць, што з кожным годам яміны становяцца большыя.

Медыкі кажуць, хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Чаму ж хвароба нашага праезду становіцца хранічнай?

Вольга ЮРКЕВІЧ, Галіна СІНІЦА.

Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.