На агародзе ў Івана Капцюга, жыхара мястэчка Ілья, не растуць памідоры і агуркі, як звычайна ў людзей, а растуць травы.

Вырошчваць травы – гэта ў Івана Рыгоравіча своеасаблівае хобі. І травы не простыя, а гаючыя.

Івану Капцюгу 81 год, жыве адзін, а агарод у яго дагледжаны. Ніводнай лішняй травінкі няма. Я вам скажу, такі агарод не ў кожнай жанчыны будзе. Але, акрамя траў, растуць і аксаміткі.

Калі дзядзька Іван паказаў мне свой агарод, ён сказаў: “Мой агарод – мая аптэка. Я ніколі не хаджу ў аптэку. Усё самае неабходнае расце на маім агародзе”.

І сапраўды, на агародзе вельмі шмат траў. Расце божае дрэва – гэта адзін з відаў палыну.

– Яно лечыць ад бранхіяльнай астмы, – кажа Іван Капцюг. – А таксама ад зубнога болю і моцнага галаўнога.

Іван Капцюг вельмі даражыць такой раслінай, як амарант.

 – А гэта мой амаранцік, мая самая дастойная расліна, – кажа спадар Іван. – Ён змяшчае ў сабе шмат бялку. Яшчэ гэтую расліну называюць несмяротнай.

Па словах гаспадара, амарант вырастае да двух метраў у вышыню. Саджае яго ў красавіку ці ў маі, калі зямля ўжо дастаткова прагрэецца, бо расліна баіцца замаразкаў.

– Амарант упрыгожвае мой агарод, працягвае Іван Рыгоравіч. – Цвіце паўметровымі гронкамі пурпурна-ружовага колеру бесперапынна ўсё лета, да самых замаразкаў.

Смажанае насенне расліны мае смак толькі што сабранага ляснога арэха. З яго можна варыць кашу і не класці масла, бо расліна сама па сабе атрымліваецца вельмі духмянай і тлустай. Яшчэ гэта насенне можна дадаваць у суп і салату.

“Тэлефанаваў мужчына і надта прасіў, каб я яму выслаў нарычніку”

– Патэлефанаваў мне неяк мужчына і запытаў: “А ці ёсць у вас нарычнік?” Я яму кажу, што толькі для сябе настойку зрабіў – няма. І мужчына яшчэ больш пачаў прасіць. Я кажу, у мяне толькі трошкі засталося. Але ён так слёзна прасіў, што гэту каплю я яму і выслаў.

Праходзіць час. Зноў тэлефануе гэты мужчына і кажа: “Мне дапамагло, дзякуй вам! Калі будзе час, то абавязкова сам да вас заеду”.

“Мурашкі – мае лепшыя сябры”

 – Я вельмі паважаю мурашак, – кажа дзядзька Іван. – Яны мае выратавальнікі. Калі мне было гадоў сем, у мяне вельмі балела нага. А яшчэ пачалася вайна. Мой тата мяне спытаў: “Прызнавайся, што з нагой?”. Я кажу, не ведаю. Тады ён загадаў маме і мне збірацца ў лес. Пайшлі мы ўсе разам і назбіралі мурашак. Калі прыйшлі дадому, бацькі намазалі мне нагу нечым тлустым і наверх наклалі мурашак. І вось з таго часу прайшло больш за 70 гадоў. І такога ніколі не паўтарылася.

Цяпер, калі дзядзька Іван прыходзіць у лес, ён заўсёды размаўляе з мурашкамі. Яны назаўжды засталіся яго сябрамі.

Іншыя цуды на агародзе…

Акрамя гэтых раслін, на агародзе ў спадара Івана расце балігалоў, герань. Да таго ж на агародзе расце фігалісны гарбуз. Насенне Івану Капцюгу прыслалі з Чэхіі.

Па словах гаспадара, з аднаго гарбуза вырастае больш за 20 пладоў. Ён беленькі з далікатнай і прыемнай салодкай мякаццю. Можна есці і ў сырым выглядзе, як дыню. Мне нават пашчасціла яго пакаштаваць.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.