Ад 19 ліпеня на мясных прылаўках можна набыць толькі ялавічыну і кураціну. Такой рашэнне прыняў Маладзечанскі райвыканкам.

– Свіная чума да Маладзечанскага раёна пакуль не дайшла, – кажа галоўны дзяржаўны ветэрынарны доктар Маладзечанскага раёна Мікалай Малінец. – А тое, што забаранілі гандляваць свіным мясам, гэта ў мэтах прафілактыкі.

Учора адміністрацыя маладзечанскіх рынкаў атрымала пастанову ад райвыканкама, дзе у мэтах недапушчэння распаўсюджвання афрыканскай свіной чумы на тэрыторыі Маладзечанскага раёна забаранілі гандляваць свінінай.

 – Цяпер на прылаўках мяснога павільёна нельга гандляваць свежым свіным мясам, – кажа начальнік Маладзечанскага рынку райспажыўтаварыства Ганна Сіняўская. – Ні сала, ні сырых кілбас у продажы няма. Можна набыць толькі кураціну і ялавічыну.

Але кілбасны павільён не зачынены, там можна набыць перапрацаваныя прадукты: вараныя і вэнджаныя кілбасы, рулеты.

 – Свініну, якую ўчора не прадалі, цалкам вывезлі з тэрыторыі рынку, – кажа спадарыня Ганна. – А што з ёй будуць рабіць далей – я не ведаю. Такое правіла распаўсюджваецца на прыватных асоб і прадпрымальнікаў.

Гандляваць свінінай забаранілі да асобага распараджэння райвыканкама.

Тым часам людзям вяртаюць грошы за забітых свіней. Напрыклад, у вёсцы Чартавічы Валожынскага раёна ўсім ужо пакрылі страты. Так Мікалаю Галоўчыцу выплацілі амаль 1 900 000 рублёў за два яго кабанчыкі вагой па 50 кілаграмаў кожны. Атрымліваецца, за кілаграм жывой вагі заплацілі каля 19 тысяч рублёў.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.