На Захадзе менавіта малы і сярэдні бізнес шмат у чым рухаюць эканоміку. Як разняволіць іх патэнцыял у Беларусі?

Чыноўнікі і некаторыя блізкія да ўладаў аналітыкі ўспрынялі нядаўні бунт малога бізнесу супраць тэхрэгламенту Мытнага саюза як нежаданне прымаць справядлівыя патрабаванні і ўпісвацца ў цывілізаваныя рамкі. Аднак малыя прадпрыемствы адыгрываюць важную ролю ва ўсіх развітых эканоміках.

У краінах Заходняй Еўропы, ЗША і Японіі гэта, у асноўным, прадпрыемствы, дзе працуе не больш за 20 чалавек. Малы бізнес забяспечвае 2/3 прыросту новых працоўных месцаў, што дазволіла значна скараціць беспрацоўе ў гэтых краінах. Яго доля ў ВУП для краін Еўрасаюза складае каля 60%, для эканомікі ЗША – каля 50%.

У Беларусі ўклад малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП істотна ніжэйшы – 22%. У краінах-партнёрах па Мытным саюзе – 20 і 19% у эканоміку Расіі і Казахстана адпаведна. Такія дадзеныя на VI Астанінскім эканамічным форуме прывёў дырэктар Дэпартамента развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці Еўразійскай эканамічнай камісіі Рустам Акбердзін. Пры гэтым эксперт падкрэсліў, што вага малога і сярэдняга бізнесу ва ўсіх краінах Мытнага саюза не адпавядае патрэбам эканомік.

Дзяржава павінна перастаць даставаць бізнес праверкамі

Доля індывідуальных прадпрымальнікаў сярод катэгорый плацельшчыкаў у Беларусі пакуль нязначная, хоць аб’ём падаткаў і збораў, якія яны ўносяць у казну, пастаянна расце. Аднак гэта не мяжа, асабліва, калі дзяржава будзе сапраўды заклапочаная стымуляваннем росту малога і сярэдняга бізнесу.

У Беларусі на працягу шэрагу гадоў дзейнічае Праграма дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальніцтва. Некаторыя эксперты мяркуюць, што ў апошнія гады ўмовы для вядзення бізнесу ў краіне прыкметна палепшыліся. Аднак да паказчыкаў развітых краін айчыннага бізнесу яшчэ далёка. Якія рэформы могуць раскрыць патэнцыял малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў нашай краіне?

Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнесу Сяргей Балыкін упэўнены, што рэформа патрэбна толькі адна – не перашкаджаць ініцыятыве, пакінуць прадпрымальнікаў у спакоі. Эксперт адзначае вялікую колькасць адміністрацыйных бар’ераў, якія перашкаджаюць бізнесу развівацца:

– Важна не дэклараваць лібералізацыю, а проста не замінаць бізнесу працаваць. Трэба перастаць даставаць праверкамі, справаздачамі.

Сур’ёзным ударам па малым бізнесе Сяргей Балыкін лічыць указ аб барацьбе з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі, паколькі ўключэнне ў рэестр досыць адвольнае і непразрыстае, а правяраць на прадмет прысутнасці ў ім зараз прыходзіцца усіх контрагентаў.

– Для маленькай фірмы з невялікім штатам правяраць кожнага даволі клопатна. І не дай Бог прапусціць. Хоць бы зрабілі базу дадзеных, якой лёгка карыстацца, – прапануе Сяргей Балыкін.

Бізнесу трэба даваць нішы на рынку

Каб малы бізнес даў вялікія вынікі, неабходна раскрыць патэнцыял народа, лічыць сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. На думку лідара прадпрымальнікаў, умовы вядзення бізнесу ў Беларусі паляпшаюцца, аднак пакуль далёкія ад ідэальных.

Неабходны крок, які дапамог бы развіццю прадпрымальніцтва – магчымасць бізнесу ўдзельнічаць у фарміраванні “правілаў гульні”.

– Трэба перагледзець баланс міжгаліновых інтарэсаў, – прапануе Віктар Маргелаў. – У Беларусі вялікі перакос у бок банкаўскага сектара, які зарабляе значна больш за малы бізнес, асабліва той яго часткі, якая займаецца вытворчасцю.

Сярод іншых прапаноў прадпрымальнікаў – неабходнасць захавання балансу працоўных рэсурсаў, паколькі сёння ў краіне няма каму развіваць малы бізнес. Бізнесу трэба даваць нішы на рынку, долю ў дзяржаўных закупках, як гэта робіцца ў развітых краінах. Тады б доля малога бізнесу ў краіне гарантавана расла.

– Патрэбна рэформа інфраструктуры і пераразмеркаванне рэсурсаў, – мяркуе эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітры Крук. – Напрыклад, сёння дзяржпрадпрыемствы маюць прыярытэт у доступе да фінансавых рэсурсаў, што не дазваляе малому і сярэдняму бізнесу канкураваць з імі на роўных умовах.

Еўрапейскі досвед з нацыянальнымі асаблівасцямі

Уклад малога і сярэдняга бізнесу ў эканоміку можа быць значна больш істотным пры ўкараненні шэрагу інструментаў для падтрымкі і развіцця прадпрымальніцтва.

– У Еўрасаюзе ёсць вялікі досвед, які нам не зашкодзіла б прымяніць у сябе для развіцця прадпрымальніцтва, – адзначае Віктар Маргелаў. – І вельмі добра, калі атрымаецца зрабіць гэта ў рамках “Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю” ці іншых праграм. Іншая справа, што сістэму трэба будаваць з улікам нацыянальных, эканамічных, культурных асаблівасцяў.

На думку Дзмітрыя Крука, “Дыялог аб мадэрнізацыі” прадугледжвае больш шырокі спектр пытанняў і абмеркаванне рэформаў для больш шырокага пераліку эканамічных суб’ектаў.

– Аднак як адзін з кірункаў тэма рэформаў у малым і сярэднім бізнесе была б цалкам дарэчная, – мяркуе эксперт.

Сяргей Балыкін лічыць больш актуальным досвед ЗША і Канады, паколькі эканомікі гэтых краін нашмат вальнейшыя. У той жа час, адзначае эксперт, досведам шэрагу еўрапейскіх краін варта было б скарыстацца.

– Цікавы быў бы досвед стварэння некамерцыйных бізнес-інкубатараў, якія дапамагалі б пачаткоўцам прадпрымальнікам браць па нізкай цане або наогул бясплатна памяшканні ў арэнду, – прапаноўвае Сяргей Балыкін.

Высокага ўзроўню развіцця малы бізнес у краінах з развітой эканомікай дасягнуў у тым ліку дзякуючы дапамозе дзяржавы, якая актыўна інвестуе ў развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Пётр СТАРОБІНЕЦ,

“Заўтра тваёй краіны”.