Такое меркаванне ў сваім інтэрв’ю выказаў дырэктар УП “Камунальнік” Мікалай Наздрын-Платніцкі, маючы на ўвазе  публікацыі ў папярэдніх нумарах газеты, дзе ўзнімалася праблема дваровага праезду ад вуліцы Багдана Хмяльніцкага.

– Прыкладна 900 мільёнаў рублёў закладзена ў бюджэце на 3-4 квартал сёлетняга года на абуладкаванне гэтай пешаходна-транспартнай сувязі. Мы аб’явілі тэндар, які павінен адбыцца 15 жніўня. Калі ніхто не заявіцца ні на гэты, ні на паўторны тэндар, то мы, атрымаўшы дазвол Мінэканомікі, будзем шукаць падрадчыка самі. У любым выпадку работы ўключаныя ў план, сродкі выдзяляюцца і праезд будзе зроблены. Нармальнай арганізацыі аб’ёму там на два месяцы. Таму, я лічу, газета з акцыяй паспяшалася. Усё будзе зроблена.

– Мікалай Пятровіч, а як вызначаюцца прыярытэты: якую вуліцу трэба рамантаваць?

Першы прыярытэт – гэта вуліцы, дзе праходзяць аўтобусныя маршруты. Так, напрыклад, сёлета былі часткова адрамантаваныя вул. Лясная, Шаранговіча, Ларына, Міру, Тамары Дудко, Крынічная па маршруце гарадскіх аўтобусаў, скрыжаванне на Лібава-Роменскай, іншыя. Толькі на ямачны рамонт было выдаткавана каля 680 мільёнаў рублёў. Работы праводзіліся нашым рамонтна-будаўнічым участкам.

Другое, мы звяртаем увагу на звароты грамадзян і рэагуем на іх.

Трэцяе. Двойчы на год праводзім агляды дарожнай сеткі і прымаем рашэнні, што падлягае рамонту. Але ж вы разумееце, што такое бюджэт. Гэта даходная частка і расходная. І расходы не могуць перавышаць даходаў. Калі нейкі прадпрымальнік схавае частку даходаў, каб не плаціць падаткі, ці тое ж дзяржаўнае прадпрыемства спрацуе не так добра, як планавалася, то за што рамантаваць вуліцы? Прытым, па сацыяльных стандартах у горадзе павінна быць не менш за 60% вуліц з асфальтавым пакрыццём. А іх у нас больш за 61 працэнт. Людзі ж усё адно хочуць асфальт!

– То людзям трэба казаць праўду.

– Праўда такая, што там, дзе не пакладзены асфальт, рэгулярна праводзім грэйдзіраванне. У мінулым годзе чыгунка нам аказала спонсарскую дапамогу і выдзеліла шчэбень, зняты з пуцей, якім мы засыпалі вуліцы прыватнага сектара.

– Сярод тых вуліц, на якія найчасцей скардзяцца нашы чытачы, напрыклад, ёсць вуліца Меліраяцыйная, Астрожскага.

– Меліярацыйную мы грэйдзіруем, асфальту там, на жаль, не будзе. І гэта праўда. З Астрожскага сітуацыя больш складаная. Каб вуліца была добрай, трэба зрабіць адвод вады. Мы сёлета кінуліся зрабіць сваімі сіламі канаву ўздоўж праезнай часткі па Астрожскага, але там столькі кабеляў, іншых камунікацый! І ўсё ж падтрымліваем яе ў праезным стане, хай сабе не такім, як на Вялікім Гасцінцы, рамантуем. Гэта мы робім і будзем рабіць.

– Гараджане часам выказваюць апасенні, што пасля “Дажынак” многія камунальныя праблемы перастануць вырашацца.

– Канешне, “Дажынкі” не проста дапамаглі заасфальтаваць шэраг вуліц, і заасфальтаваць па тэхналогіях і з матэрыяламі з вельмі высокай якасцю.  Яны дапамаглі змяніць горад. Цэнтральная плошча і парк змяніліся абсалютна. Людзі там адпачываюць з задавальненнем.

Але не толькі “Дажынкі”, якія, безумоўна, зрабілі Маладзечна больш утульным і прыдатным да жыцця, вырашаюць будучыню. Вялікую ўвагу Маладзечну сталі ўдзяляць яшчэ з таго часу, як да кіраўніцтва горада прыйшоў Мікалай Чурсін. Тады і Палац культуры перастаў быць даўгабудам, а Маладзечна атрымала такі шыкоўны будынак, і 14-я школа з’явілася. Вы параўнайце горад, якім ён быў дваццаць, трыццаць гадоў таму і якім ён стаў цяпер. Ён стаў нашмат больш абуладкаваны, дагледжаны, прыдатны для жыцця. І тут не толькі “Дажынкі”. Гэта штогодняя пастаянная праца.

– Калі параўноўваць Маладзечна з іншымі гарадамі, з Салігорскам, дапусцім, ці Барысавам. Што вы можаце сказаць?

– Параўнанне з Салігорскам будзе абсалютна некарэктным, бо гораду, які будаваўся “з нуля”, усяго толькі 50 гадоў. А параўноўваць з Барысавам можна. І гэта параўнанне відавочна на карысць Маладзечна.

Аляксандр МАНЦЭВІЧ.

Даведка “РГ”: Дарожная сетка Маладзечна складае 168 км, у тым ліку з асфальтавым пакрыццём – 108 км. На ўтрыманне дарожнай сеткі ў 2013 годзе выдзелена 4,0 млрд. руб. асвоена – 3,0 млрд. руб.