Жанчына двое сутак ехала з Урала разам з сынам Міхаілам, каб пакласці кветкі на прыступкі маладзечанскага “Шталага-342” і запаліць лампадку ў памяць аб бацьку.

Цяпер Ніне Зюзікавай 74 гады. Калі ёй было тры, іх сям’і прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. І толькі цяпер, праз 70 гадоў, жанчыне стаў вядомы яго лёс.

Сын Ніны Зюзікавай Міхаіл.

– Усё жыццё чакалі звестак пра майго бацьку Пятра Лаўрэнцьевіча Кальцова. Цяпер мы яго знайшлі. Пляменнікі даведаліся з Інтэрнэта, што ён памёр у лагеры ад хваробы. Калі мне патэлефанавалі і сказалі пра гэта, я заплакала.

Адразу прыехаць не змаглі, атрымалася толькі праз год. Вялікі дзякуй клубу “Пошук”! Калі б не ён, майго тату, мабыць, ніколі б не знайшлі. Цяпер, стоячы перад шталагам, я адчуваю ўдзячнасць за тое, што мы можам тут пабываць праз 70 гадоў пасля смерці таты.

Мы ж не ведалі, што з ім стала. Я ўбачыла, дзе мой бацька пахаваны, і вельмі гэтаму рада. Я адчуваю і радасць, і смутак. Радасць, што даведаліся, і смутак за лёс таты. Яшчэ раз вялікі дзякуй Лідзіі Барысаўне Князевай, яе клубу і ўсім людзям, якія ім дапамагаюць. Яны робяць такую добрую справу! Дапамагаюць даведацца пра лёс блізкіх. Хоць позна, хоць шмат сваякоў ужо памерла… Цяпер і мае пляменнікі будуць ведаць, што ў іх ёсць такі дзед, і, магчыма, хутка прыедуць сюды ўбачыць на свае вочы.

Пляменнікі Ніны Зюзікавай жывуць ва Удмурціі ў сяле Юські. На адміністрацыю гэтай рэспублікі клуб “Пошук” высылаў спісы вязняў, якіх ім удалося адшукаць. Там жа было пазначана, што больш падрабязныя звесткі пра гэтых людзей можна атрымаць на сайце “Мемарыял”.

Лідзія Князева (справа) распавядае пра “Шталаг-342”.

– Магчыма, тыя, хто атрымлівае нашы спісы, дапамагаюць адшукаць сваякоў, – тлумачыць кіраўніца клубу “Пошук” Лідзія Князева. – Атрымалася так, што ў гэтым выпадку нашы пошукі сустрэліся. Яны шукалі нас са свайго боку, а мы іх – з нашага. Аднак сустрэча была для нас нечаканасцю. На электронную пошту прыйшоў ліст, што да нас з Удмурціі едуць госці. Я заўсёды такія прыезды пераношу вельмі цяжка. Нягледзячы на тое, што тут пабывала ўжо столькі сваякоў, прайшло столькі сустрэч, кожная з іх пакідае сівыя валасы на маёй галаве і рубец на сэрцы. Мы бачым, што праз столькі гадоў, нягледзячы на ўзрост, нягледзячы на адлегласць, людзі прыязджаюць сюды. Гэта, канешне, вартае шмат чаго. Я лічу, што менавіта для гэтага мы і працуем.

У новых спісах ёсць прозвішча Пятра Кальцова, аднак на памятную дошку “Шталагу-342” яго яшчэ не занеслі. Магчыма, што ў наступным годзе, да 11 красавіка, Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, гэта будзе зроблена.

Настасся РОЎДА.

Фота Настассі РОЎДЫ.

На гэтую ж тэму:

9.05.2013.Дачка вязня, пахаванага ў “Шталагу-342”: “Хоць бы магілку пабачыць, пакуль на зямлі косткі ляжаць”

12.04.2013.У Маладзечне прайшоў мітынг-рэквіем у памяць аб загінулых у “Шталагу-342”

22.06.2012.Клуб “Пошук” працягвае працу

8.05.2012.Праўда пра канцлагер у Маладзечне Шталаг-342 (+відэа)