“Трус не играет в хоккей!” – успомніліся словы з песні пасля маёй размовы з “Лядовымі пінгвінамі”, хакейнай камандай, якая знаходзіцца ў фінале аматарскай хакейнай лігі.
У гульцоў столькі энтузіязму! Толькі ўсё прыходзіцца рабіць за свае грошы. Пра сітуацыю ў маладзечанскай хакейнай камандзе “Лядовыя пінгвіны” распавядае капітан каманды Сяргей Траццяк.
– Сяргей, скажыце, калі ласка, каманду хто-небудзь фінансуе?
– Нас ніхто не фінансуе. Усё робім за свае грошы: і форму, і амуніцыю, і арэнду лёду аплачваем самі. Толькі арэнда лядовай арэны каштуе 1 мільён 200 тысяч рублёў за гадзіну.
– Як часта прыходзіцца арандаваць лёд?
– Трэніроўкі праходзяць восем разоў на месяц. У камандзе нас агулам чалавек дваццаць. Раскідваем суму арэнды на ўсіх, і атрымліваецца, што прыкладна 60 тысяч трэба аддаць за адну трэніроўку, а за месяц – амаль пяцьсот. Гэта не ўлічваючы тое, што на матчы таксама трэба арандаваць арэну. Але тут ужо дзве каманды скідваюцца.
– Як ставіцца да такога хобі сям’я? Жонкі не абураюцца, што частка грошай ідзе на хакей?
– Што ж зробіш, калі так атрымліваецца. Інакш мы не зможам гуляць у хакей. Цяпер спрабуем выбіць хоць нейкія грошы ў горада. Але ніхто на гэта не хоча іх выдзяляць, нягледзячы на тое, што мы ўвайшлі ў фінал аматарскай хакейнай лігі.
– Чым займаюцца “Лядовыя пінгвіны” акрамя хакея?
– Усе па-рознаму. Некаторыя працуюць на чыгунцы, ёсць прадпрымальнікі. Хто вокны робіць, хто дзверы ставіць.
– Сяргей, а які ўзрост хакеістаў у камандзе?
– Самаму малодшаму ў нас 15 гадоў, а самаму старэйшаму – 52. Мы прыцягваем моладзь, якая хоча гуляць у хакей.
– Калі да вас у каманду захоча нехта прыйсці, то што яму рабіць?
– Гэтаму чалавеку трэба да нас прыйсці і паказаць, што ён можа гуляць лепш, чым гэтыя 20 чалавек. У нашай камандзе натуральны адбор. Хто слабей – прабач, дай гуляць іншаму чалавеку. Таму штогод у камандзе мяняецца чалавек пяць.
– Хто як з гульцоў прыйшоў у хакей?
– Шмат з нас вырасла ў раёне Лясных. За Ляснымі, у канцы вуліцы, ёсць невялікая сажалка, можна сказаць, што там мы “жылі” ўсю зіму. А калі ў 2011 годзе пабудавалі лядовы палац – вырашылі зрабіць сваю каманду.
Вось прозвішча ў мяне такое, Траццяк, як у знакамітага варатара “ЦСКА” Уладзіміра Траццяка. А з такім прозвішчам мне сорамна не гуляць у хакей.
– Сяргей, якія планы складае для сябе каманда?
– Цяпер каманда ў тупіку. Галоўнае для нас было – адгуляць фінал, які пройшоў у сераду. Усё ўпіраецца ў грошы. Калі б выйгралі фінал, то прайшлі б у вышэйшую лігу. А там ужо ў два разы вышэйшыя запыты і выдаткі: і арэнда лёду, і выязныя гульні.
– Колькі чалавек прыходзіць на хакейны матч?
– Чалавек 200-300 дакладна. Спачатку прыходзілі толькі сваякі, блізкія, сябры. А потым я стаў заўважаць, што на трыбунах з’яўляюцца незнаёмыя людзі, якія проста прыходзяць паглядзець на гульню. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Мікалай Шрымф нават хацеў прывесці футбалістаў, каб яны паглядзелі, што робяць людзі за свае грошы і якіх вынікаў дасягаюць.
– А дзе праходзілі выязныя гульні для вашай каманды?
– Пакуль мы выязджалі толькі ў Мінск. А калі пройдзем далей, то паедзем і ў Салігорск, і ў Баранавічы, па ўсёй Беларусі прыйдзецца катацца.
– Як вы дабіраецеся, калі прыходзіцца ехаць на выезд?
– На сваіх машынах. У некаторых ёсць бус, таму прасцей, што не прыходзіцца наймаць аўтобус. Але тады трэба грошы на бензін. Каманда ездзіла нават за мяжу, у горад Тарту, што ў Эстоніі, і прывезла адтуль кубак.
– А вы кантактуеце з прафесійнымі хакеістамі?
– Я асабіста кантактую. Бо раней гуляў у хакей у Мінску.
– Сяргей, хто прыдумаў назву каманды?
– Мы проста сядзелі і жартавалі. Справа ў тым, што ў нас вельмі павольная каманда. Мы ўсе навічкі, ніхто прафесійна хакеем не займаўся. Потым падумалі, якая самая павольная жывёла? Вырашылі, што пінгвін. Раней каманда называлася “Вар’яцкія пінгвіны”, а калі пачалі больш сур’ёзна гуляць, то памянялі на “Лядовыя пінгвіны”.
– А хто прыдумаў лагатып каманды?
– Лагатып прыдумаў наш гулец Сяргей Гайдукевіч. Але не тое, што прыдумаў. Лагатып узялі з нямецкага клуба.
– Сяргей, а ці ёсць ў Маладзечне перспектывы для хакея?
– На маю думку, перспектывы для хакея ў Маладзечне невялікія. Грошы нам ніхто не выдзеліць. Пра гэта можна будзе весці размову прыкладна ў 2026 годзе. Лядовы палац пабудавалі два гады таму, а каб вырасці хакеісту, трэба гадоў пятнаццаць. Мы ж не прафесіяналы. Толькі калі мы патрапім у вышэйшую аматарскую лігу, тады нам прэзідэнцкі клуб выдзеліць сродкі. Чым у цябе вышэйшае месца, тым больш сродкаў табе даюць.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота Вольгі ЮРКЕВІЧ.