У суботу, 31 жніўня, прайшлі фінальныя гульні Чэмпіяната Еўропы.
Новы для Маладзечна від спорту ў фінале здолеў-такі сабраць поўныя трыбуны.
Месцы сярод дзявочых каманд размеркаваліся наступным чынам: першае месца засталося за расіянкамі Дар’яй Рудых і Надзеяй Макрагузавай, другое – за немкамі Сарай Шнайдэр і Леані Вельш. Трэцімі сталі ўкраінкі Дар’я Удавенка і Аліна Дзямідава.
Пасля перамогі расійскія спартсменкі расказалі, што Беларусь стала для іх шчаслівай краінай: дзяўчаты перамагаюць тут ужо другі раз. Гэтым летам яны выступалі на спаборніцтвах у Бабруйску.
Моманты фінальнага матча паміж камандамі Расіі і Германіі.
Спартсменкі з Германіі.
Дар’я Рудых і Надзея Макрагузава.
– Вялікі дзякуй гледачам за падтрымку! – разам гавораць дзяўчаты. – Нам яна вельмі дапамагла. Калі немкі пачалі выходзіць наперад, дапамагла тактыка нашага трэнера. А таксама ўпэўненасць у сабе і жаданне ўсё ж перамагчы.
Падчас размовы спартсменкі перадаюць з рук у рукі кацяня: яно стала талісманам дзяўчат на спаборніцтвах. Маленькую котку назвалі Гера.
Адразу пасля гульні дзяўчаты раздавалі аўтографы.
Напруджаным атрымаўся і фінал у хлопцаў: аўстрыйцы і расіяне ішлі вельмі шчыльна. На апошніх хвілінах гульні расійскія спартсмены Арцём Ярзуткін і Алег Стаяноўскі вырвалі перамогу. Другое месца засталося за аўстрыйцамі Паўлам Бухегерам і Морысам Прыстаўз-Тэлснігам. Бронзавыя медалі ўзялі немцы Ніклас Рудольф і Давід Сосэнхэймер.
Моманты фінальнай гульні паміж камандамі Расіі і Аўстрыі.
– Эмоцыі проста шалёныя, б’юць цераз край! – у захапленні расказваюць расійскія хлопцы пасля пераможнай гульні. – Вядома, мы чакалі перамогі, бо па перамогу і ехалі ў Беларусь. Тое, што Расія ўзяла першае месца і ў дзявочым валейболе не здзівіла. Мы ехалі сюды перамагаць усёй краінай!
Гледачам на матчах больш за ўсё хацелася не поп-корна, а звычайнай вады.
Самыя маладыя аматары пляжнага валейбола.
Падрыхтоўка да ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання.
Так выглядаюць медалі, якія спартсмены прывязуць з Маладзечна.
Нагадаем, што ў беларускіх спарсменаў не атрымалася прайсці другі этап спаборніцтваў і выйсці ў фінал.
Аляксандра ПАРАХНЯ.
Фота Аляксандры ПАРАХНІ.