Вілейскі райаграсервіс паказаў найгоршы вынік у жывёлагадоўлі.

Праверка дзяржкантролю паказала, што большасць недахопаў узнікла з-за неэфектыўнага кіравання таварыствам.

За 2012 год практычна ні адзін з паказчыкаў вытворчасці не дасягнуў узроўню 2011 года. Вытворчасць малака ўпала на 391 тону (14,5% да ўзроўня 2011), а яго рэалізацыя − на 18%. У сярэднім на карову надоена 3018 кілаграмаў малака. Сярэдні паказчык па Мінскай вобласці ў 2012 г. быў 5047 кілаграмаў

Прыплод буйной рагатай жывёлы ў 2012 годзе знізіўся ў параўнанні з папярэднім годам на 105 галоў (-13%).

Пра якія надоі можна весці гаворку, калі больш за палову кароў не змаглі зацяжарыць.

Валавае прыбаўленне ў вазе знізілася на 25%.

Будаўнікам незаконна налічылі 67 мільёнаў

Са студзеня 2012 года таварыства рэканструюе ферму “Кузьмічы” без патрэбнай дакументацыі. Таму будаўнікам незаконна налічылі заробак больш чым на 67 мільёнаў рублёў.

Да таго ж, на аб’екце дзесяць тон цэменту закамянела, бо яго захоўвалі на будаўнічай пляцоўцы, ніяк не абараняючы ад ападкаў. Так таварыства згубіла амаль дзесяць мільёнаў рублёў.

Для будаўнічай працы прадпрыемства незаконна здабыло 2,7 тоны пясчана-гравійнай сумесі на адным з кар’ераў. Гэта нанясла шкоду навакольнаму асяроддзю больш чым на шэсць мільёнаў рублёў.

Да таго ж, спатрэбілася даналічыць падатак на 13 мільёнаў рублёў.

Знікла амаль 500 літраў паліва

З-за таго, што таварыства не мела дастаткова механізатараў і паліўна-змазачных матэрыялаў, вапнаванне кіслай глебы змаглі выканаць толькі на 60% ад плана. Б

ольш за год на полі захоўвалася амаль 55 тон вапняку, за які за кошт  бюджэтных сродкаў заплацілі пяць мільёнаў рублёў.

Пры гэтым сёлета ў студзені Вілейскі райаграсервіс аформіў недакладныя ўліковыя дакументы на спісанне 200 літраў бензіну і 378 літраў дызельнага паліва. Як выкарыстоўвалі паліва, высвятляе міліцыя.

Прадпрыемства атрымала 21,4 мільёна рублёў штрафу, 6,4 мільёна за шкоду навакольнаму асяроддзю. Адзінаццаць службовых асоб прыцягнутыя да дысцып­лінарнай адказ­насці, тры − да адміністрацыйнай.

Праверка знайшла хібы ў парадку вядзення бухгалтарскага ўліку, працоўнага заканадаўства і будаўніцтве. Сталі відавочнымі факты неэфектыўнага выкарыстання бюджэтных і ўласных сродкаў і безгаспадарлівасці.

Паводле паведамлення Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю.

Фота 15minut.org.