Першы год навучання ў школе – надзвычай складаны, пераломны перыяд у жыцці дзіцяці. Мяняюцца яго месца ў сістэме грамадскіх зносінаў, лад жыцця.

Парады бацькам дае псіхолаг.

У гэты час павялічваецца псіхаэмацыйная нагрузка. Бесклапотныя гульні раптам замяняюцца на штодзённыя вучэбныя заняткі. Урокі патрабуюць напружанай разумовай працы, увагі і пры гэтым амаль нерухомага становішча.

Безумоўна, для дзіцяці шасці-сямі год так званая статычная нагрузка вельмі цяжкая. Да таго ж, многія школьнікі займаюцца музыкай, замежнымі мовамі, а адпачываюць за праглядам тэлевізара. Таму рухомая актыўнасць дзіцяці рэзка змяньшаецца ўдвая, але патрэба застаецца ранейшай.

Дзіця, якое ўпершыню прыходзіць у школу, сустракае новы калектыў дзяцей і дарослых, яму даводзіцца выконваць новыя абавязкі і правілы дысцыпліны. Але не ўсе да гэтага падрыхтаваныя. Нават першакласнікі з высокім узроўнем інтэлектуальнага развіцця з цяжкасцю спраўляюцца са школьнай нагрузкай.

Пачатак новага навучальнага года складаны для ўсіх дзяцей. У адказ на новыя павышаныя патрабаванні да арганізма, школьнік можа наракаць на стомленасць, галаўны боль. Можа ўзнікнуць раздражняльнасць, плаксівасць, парушыцца сон. У дзяцей можа паменшыцца апетыт і знізіцца вага.

Адмова ад ежы — адна з прыкмет стрэсу.

Здараюцца і складанасці псіхалагічнага кшталту: пачуццё боязі, адмоўнае стаўленне да вучобы ці настаўніка, няправільнае ўяўленне пра свае магчымасці.

Перыяд адаптацыі можа доўжыцца ад дзвюх-трох тыдняў да паўгода.

Падчас адаптацыі вельмі важная падтрымка дарослых – мамы, таты, бабуляў і дзядуляў. Чым больш дарослыя дапамогуць прызвычаіцца да школы, тым больш паспяхова дзіця гэта зробіць.

Прыкметы паспяховай адаптацыі:

1. Задаволенасць навучаннем. Яму падабаецца ў школе, не адчувае няўпэўненасці і боязі.

2. Дзіця даволі лёгка выконвае праграму. Калі школа звычайная, а дзіцяці складана паспяваць за праграмай, неабходна падтрымаць сына ці дачку. Не крытыкуйце за маруднасць і не параўноўвайце з іншымі дзецьмі! Усе дзеці розныя, падтрымайце свайго ў цяжкі момант.

3. Надзвычай важна з самага пачатку натхніць дзіця, напоўніць упэўненасцю ў поспех. Змагайцеся з панурасцю (“у мяне нічога не атрымаецца”). Інакш змагацца з апатыяй давядзецца вельмі доўга.  

4. Наколькі самастойна дзіця выконвае хатнія заданні. Прыкмета паспяховасці – калі дзіця просіць дарослых дапамагчы толькі ПАСЛЯ таго, як паспрабуе выканаць заданне сам. Здараецца, бацькі залішне стараюцца дапамагчы дзіцяці. З-за гэта вучань можа прывыкнуць рыхтаваць заданні разам. Таму лепш адразу дамовіцца аб межах вашай дапамогі і паступова змяншаць іх.

5. Самае галоўнае – калі дзіця задаволенае міжасабовымі адносінамі з аднакласнікамі і настаўнікам.

Новы клас – гэта і новыя сябры.

Некалькі парадаў псіхолага для паспяховай адаптацыі:

1. Будзіце дзіця спакойна. Калі сын ці дачка прачнецца, ён ці яна павінны ўбачыць вашу ўсмешку і пачуць ваш голас.

2. Не спяшайцеся. Уменне разлічыць час – ваш клопат. Калі ў вас гэта не атрымліваецца, дзіця не вінаватае.

3. Не варта развітвацца словамі: “Каб не гарэзіў!”, “Каб сёння дрэнных адзнак не было”. Пажадайце поспеху, знайдзіце некалькі ласкавых словаў.

4. Забудзьце фразу: “Што ты сёння атрымаў?” Калі сустракаеце дзіця са школы, не накідвайце на яго тысячу пытанняў, дайце крыху расслабіцца. Падумайце, як вы самі адчуваеце сябе пасля працоўнага дня.

5. Калі вы бачыце, што дзіця засмучанае, маўчыць – не дапытвайцеся, няхай супакоіцца і сам раскажа вам.

6. Выслухайшы заўвагі настаўніка, не спяшайцеся сварыцца. Старайцеся, каб размова з настаўнікам адбылася без дзіцяці.

7. Пасля школы не прыспешвайце садзіцца за ўрокі. Дзіцяці трэба дзве гадзіны адпачыць. Займацца цэлымі вечарамі бессэнсоўна.

8. Не прымушайце выконваць усе практыкаванні адразу: 20 хвілін заняткаў – 10 хвілін перапынак.

9. Падчас падрыхтоўкі ўрокаў не сядзіце “над душой”. Дайце дзіцяці працаваць самому. А калі неабходная ваша дапамога – набярыцеся цярпялівасці: спакойны тон і падтрымка неабходныя школьнікам.

10. Імкніцеся пазбягаць умоў: “Калі ты выканаеш, то…”

Па псіхалагічную дапамогу і падтрымку можна звярнуцца па адрасе: Маладзечна, Таўлая, 4.     

Тэлефон “Давер” 8(0176) 74-66-20

11. Знайдзіце на працягу дня хаця б паўгадзінкі, калі будзеце належаць толькі сыну ці дачцэ.

12. Выбірайце адзіную тактыку зносін з дзіцем усіх дарослых у сям’і. А ўсе разыходжанні ў пытаннях педагагічнай тактыкі вырашайце без яго.

13. Будзьце ўважлівыя да нараканняў на галаўны боль, стомленасць, кепскае самаадчуванне. Найчасцей гэта аб’ектыўныя паказчыкі ператамлення.

14. Улічвайце, што нават вялікія дзеці вельмі любяць казку перад сном, песеньку, ласкавае пагладжванне. Усё гэта супакоіць дзіця і дапаможа зняць напружанасць за дзень.

15. Нельга спадзявацца, што адаптацыя да школы сама па сабе пройдзе паспяхова. Гэтаму працэсу не толькі можна, але і трэба дапамагчы.

16. З прычыны цяжкой адаптацыі арганізм можа моцна знясілець з-за пертамленняў, прастуд, эмацыйных перагрузак. Таму пастарайцеся, каб дзіця прызвычаілася да школы як мага лягчэй.

Рабіць дамашнія заданні з цікавасцю – асаблівая навука.

Памятка для бацькоў

У шэсць-сем год фарміруюцца мозгавыя механізмы, якія дазвалюць вучню быць паспяховым у навучанні. Медыкі лічаць, што ў гэты час дзіцяці складана з самім сабой. Таму мелі рацыю нашыя прабабулі, якія адпраўлялі дзяцей у гімназію толькі ў дзевяць год, калі нервовая сістэма сфарміравалася.

Аднак сур’ёзных зрываў можна пазбегнуць і сёння, калі выконваць простыя правілы.

Правіла 1

Ніколі не адпраўляйце дзіця адначасова ў падрыхтоўчы (ці першы) клас і якую-небудзь секцыю ці гурток. Ужо толькі пачатак школьнага жыцця – цяжкі стрэс для шасці-сямігодак.

Калі дзіця не будзе мець магчымасці гуляць, адпачываць і рыхтаваць урокі не спяшаючыся, могуць узнікнуць праблемы са здароўем.

Калі вы лічыце заняткі музыкай і спортам неабходнай часткай выхавання, пачніце вадзіць на іх ці за год да пачатку вучобы, ці з другога класа.

Правіла 2

Дзіця можа канцэнтраваць увагу не больш за 10-15 хвілін. Таму, калі будзеце разам займацца ўрокамі, рабіце перапынкі і абавязкова давайце фізічную нагрузку.

Можна проста паскакаць на месцы 10 разоў, пабегаць ці патанчыць пад музыку некалькі хвілін.

Пачынаць урокі найлепш з пісьма. Можна чаргаваць пісьмовыя заданні з вуснымі. Выконваць хатнія заданні першакласнік павінен не больш за адну гадзіну.

Правіла 3

Камп’ютар, тэлевізар і іншыя заняткі, якія вымагаюць вялікай зрокавай нагрузкі, павінны працягвацца не больш за гадзіну на дзень. Так лічаць дактары-афтальмолагі і неўрапатолагі ўсіх краін свету.

Правіла 4

Больш за ўсё на свеце ўвесь першы год вучобы дзіцяці неабходная ваша падтрымка. Ён не толькі фарміруе свае зносіны з аднакласінікамі і настаўнікамі, але і ўпершыню разумее, што хтосьці хоча з ім сябраваць, а хтосьці – не.

Менавіта таму ў дзіцяці складваецца асабісты погляд на сябе. Калі вы хочаце, каб з яго вырас спакойны ўпэўнены чалавек, абавязкова хваліце сына ці дачку.

Падтрымлівайце, не сварыцеся за двойкі і брудныя сшыткі. Усё гэта дробязі ў параўнанні з тым, што ад бясконцых папрокаў і пакаранняў вашае дзіця згубіць веру ў сябе.

І яшчэ некалькі кароткіх правілаў

– паказвайце дзіцяці, што яго любяць такім, які ён ёсць, а не яго дасягненні

– нельга ніколі (нават калі вы злуяцеся) казаць дзіцяці, што ён горшы за іншых

– варта цярпяліва і па магчымасці праўдзіва адказваць на любыя пытанні дзіцяці

– старайцеся штодня знаходзіць час, каб пабыць сам-насам са сваім дзіцем

– вучыце дзіця свабодна і нязмушана размаўляць не толькі з аднагодкамі, але і з дарослымі

– падкрэслівайце, як вы ганарыцеся сынам ці дачкой

– будце шчырыя, калі ацэньваеце свае пачуцці да дзіцяці

– заўсёды кажыце дзіцяці праўду, нават калі вам гэта нявыгадна

– ацэньвайце толькі ўчынкі, а не само дзіця

– не дамагайцеся поспеху сілай. Прымушаць – найгоршы варыянт маральнага выхавання. Прымус у сям’і стварае атмасферу разбурэння асобы дзіцяці

– прызнавайце права дзіцяці на памылкі

– думайце пра дзіцячы “банк” шчаслівых успамінаў

– дзіця ставіцца да сябе так, як ставяцца да яго дарослыя

– хоць зрэдку стаўце сябе на месца свайго дзіцяці, тады вам будзе больш зразумела, як паводзіць сябе з ім.

Жадаем поспехаў вам і вашым дзеткам!

Таццяна ЖДАНАВА, псіхолаг Маладзечанскага раёнага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Фота orelsreda.ru, enportal.hu, apinews.ru, marta-club.ru, za-avto.by.