Вандроўка маладзечанскага турклуба «Пілігрым» дапамагла ўдзельнікам адкрыць для сябе новыя куточкі Беларусі.

Вось яна, доўгачаканая раніца 12 жніўня. Ля турыстычнага клуба “Пілігрым” шматлюдна: тут сабраліся аматары веласіпедных падарожжаў самага рознага ўзросту.

Сярод іх і навічкі, і тыя, хто ідзе ў паход ужо не першы раз.

Маршрут сёлетняй вандроўкі распрацаваў старшыня клуба Сяргей Бялкоў. Кожны год маршрут новы і вельмі цікавы.
Сёлета мы пачалі свой шлях з вёскі Заброддзе. Тут мы былі не ў першы раз. Але гістарычнае месца падзей Першай сусветнай вайны не перастае захапляць.

Прыпынак у Заброддзі.

На тэрыторыі вёскі рукамі сям’і Цітовічаў створаны музей. Высаджаны парк памяці, у цэнтры якога з 2000 года расце прыгажун-каштан нашага клуба “Пілігрым”. Да таго ж, прырода гэтых мясцін разам з рэчкай Нарачанкай вельмі жывапісная.

Далей нас сустракае Гродзенская вобласць. Мільгаюць адна за адной прыгожыя вёсачкі – Войстам, Вішнева.

Ехаць давялося па розных дарогах. Асфальтаваныя замяняліся гравейнымі, таму часам было цяжка. Але ніхто не скардзіўся, круцілі педалі насустрач сонцу і ветру.

У Войстаме.

Пабывалі на гары ў форме арла

Вось зноў мы на Міншчыне. Уразіла невялікае падарожжа па гарадскім пасёлку Свір.

Там у далёкім мінулым па загадзе Напалеона стварылі гару, якая мае форму арла з распраўленымі крыламі.

Прыгожы краявід адкрываецца з гэтай гары на навакольныя мясціны.

Недалёка ад вёскі Альшэва, што на Мядзельшчыне, пабачылі у  гушчары рэшткі былога маёнтка пана Людвіка Хамінскага. Маёнтак быў пабудаваны ў 1893 годзе. На жаль, цяпер пабудова разбураная.

Ля маёнтка.

На шляху да Блакітных азёраў

А якой непралазнай сцежкай нам давялося прабірацца далей! Але хутка перад намі ўжо адкрылася водная прастора Блакітных азёраў.

Заказнік быў створаны ў 1972 годзе, а па плошчы ён займае 1500 гектараў. На тэрыторыі заказніка – больш за 20 азёр.

Пакінуўшы ровары і заплечнікі, мы пайшлі ў невялікі пешы паход у ваколіцах азёр Глубля, Глубелька, Мёртвае.

Далей на нашым шляху – Паставы. Тут мы наведалі палац Антонія Тызенгаўза, пабудаваны ў 1760 годзе. Цяпер тут месціцца гарадская бальніца.

У мясцовым краязнаўчым музеі пра пастаўскі край нам распавёў экскурсавод Уладзіслаў Шышко.

Па дарозе дамоў купаліся ў роднай Віліі

Падчас паходу мы жылі ў палатках, а ежу гатавалі на вогнішчы. Калі хто-небудзь каштаваў стравы, прыгатаваныя на вуголлі, то ведае, як гэта смачна. Асабліва калі за справу бярэцца Маргарыта Собаль. А Міхаіл Бандура спявае песні пад гітару.

Наступны прыпынак – вёска Стары Двор. Гэта родныя мясціны Сяргея Бялкова. Тут мы папарыліся ў лазні і пачаставаліся смачнымі яблыкамі.

Па дарозе да нацыянальнага парку “Нарачанскі” мы пабывалі ў вёсцы Лучай, а таксама на страўсінай ферме.

Далей ехалі праз Мядзел і Любань, і хутка апынуліся ля роднай Віліі. Стомленыя дарогай, мы адразу кінуліся ў рэчку.

За ўвесь час вандроўкі мы праехалі 325 кіламетраў па Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях.

Усё гэта было б немагчыма без нашага веламайстра Юрыя Самсановіча.

Неаднойчы ў дарозе ён выпраўляў паломкі ў роварах. І асобны дзякуй – кіраўніку Сяргею Бялкову. Цяпер мы ведаем, што ў велападарожжа можа пайсці кожны жадаючы.

Антаніна АЛЯКСАНДРАВА, фармацэўт аптэкі №3.

Фота забяспечана Сяргеем БЯЛКОВЫМ.