Што яшчэ чакае гараджан, расказала  начальнік архітэктуры і будаўніцтва Ашмянскага райвыканкама  Ірына Рамэ.

– Да “Дажынак” у нас запланавана добраўпарадкаваць у горадзе 11 вуліц. – На Адама Міцкевіча, Піянерскай, Камуністычнай і Краснай ужо цалкам замянілі водаправод, а на вуліцы Міцкевіча праклалі новыя цепласеткі. Завяршаюцца і работы па рэканструкцыі гарадской плошчы.

Практычна завершанае добраўпарадкаванне вуліц Пралетарскай, Заходняй і Дружбы. Рамантуецца вуліца Барунская. Там пакладзены ніжні пласт асфальту, засталося зрабіць тратуары і памяняць ліхтары на вуліцы.

– Актыўна ідуць работы на сацыяльных аб’ектах – школах, садках, установах культуры і аховы здароўя, – дадае спадарыня Ірына. – І ўсё ж знакавымі аб’ектамі будуць фізкультурны-аздараўленчы комплекс і стадыён. На стадыёне цяпер усталёўваюць трыбуны. Ужо падрыхтаванае поле, дзе паклалі штучнае пакрыццё. Фізкультурны комплекс будзе двухпавярховы, са шматлікімі заламі для розных відаў спорту.

Шмат што робіцца за сродкі асобных арганізацый. Прыватныя арганізацыі і прадпрыемствы, гаспадары прыватных дамоў, якія размяшчаюцца на цэнтральных вуліцах, павінны самі добраўпарадкаваць свае будынкі і прылеглую да іх тэрыторыю. Супрацоўнікі райвыканкама сочаць за тым, каб усё было прыведзена ў парадак.

– Рыхтуем да адкрыцця і новы дзіцячы садок, ён разлічаны на 190 месцаў, – кажа Ірына Рамэ.

Рыхтуецца экскурсійны маршрут

Тым часам аддзел культуры працуе над афармленнем дэкарацый уздоўж дарог і рыхтуе экскурсійны маршрут для гасцей горада.

– Шмат запрошаных прыедзе з Астраўца, Смаргоні і Іўя, – гаворыць начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская. – Плануецца зрабіць экспазіцыю ў краязнаўчым музеі і падрыхтаваць дзве выставы.

Сёлета  ў адзін час з “Дажынкамі” адбудзецца Міжнародны эканамічны форум “Паўночны вектар Гродзеншчыны”, у межах якога пройдзе міжрэгіянальная выстава-кірмаш.

У гэты ж дзень плануецца адкрыццё фізкультурна-аздараўляльнага комплексу.

 – Госці наведаюць і сыраробны завод з новымі тэхналогіямі, і конна-спартыўны цэнтр, – дадае спадарыня Галіна. – Шмат працы яшчэ трэба зрабіць да свята.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота nimble.ru