Прымаючы Чэмпіянат Еўропы па пляжным валейболе, наш горад выходзіць на новы міжнародны ўзровень. Але ці гатовы ён да яго ў паўсядзённым жыцці? Гэта карэспандэнтка “РГ” і вырашыла праверыць на сабе.

Якраз за пяць дзён да пачатку спаборніцтваў да мяне прыехаў сябра з Літвы. Студэнт аднаго з віленскіх універсітэтаў Марыюш хоцеў аб’ехаць Заходнюю Беларусь, каб пабачыць здабыткі Вялікага Княства Літоўскага, якія захаваліся ў Беларусі.

Праехаўшы мяжу, ён спыніўся ў Маладзечне на начлег. Разам з ім мы вырашылі прайсціся па горадзе і праверыць на ўласным досведзе, як адчувае сябе іншаземец у нашым рэгіёне.

Марыюш гаворыць па-англійску, па-літоўску і па-польску. Паміж сабой мы часцей размаўляем па-польску, радзей па-англійску.

Ідучы на эксперымент разам з іншаземцам, я таксама выдаю сябе за турыста і раблю выгляд, што не разумею па-руску. За гэты падман у мэтах эксперыменту я адразу хачу папрасіць прабачэння ў тых, каму казала “I don’t speak and understand Russian”.

Як мы засяляліся ў гасцініцу

Спачатку ідзем засяляцца ў маладзечанскую гасцініцу.

Вітаемся з жанчынай на рэцэпцыі па-англійску, кажам, што прыехалі з Літвы, і пытаемся, колькі будзе каштаваць нумар на дзве ночы.

– Кавярня? – пытаецца яна. – Вы шукаеце кавярню?

Калі ніхто на рэцэпцыі не валодае замежнымі мовамі, то мы спадзяваліся пабачыць хаця б даведачную інфармацыю пра гасцініцу, раздрукаваную на англійскай мове. Тады мы маглі б дамовіцца, проста тыкаючы пальцамі ў неабходныя месцы на паперцы. Але ніякай інфармацыі па-англійску нам не прапанавалі.

Не разумеючы адказу, мы працягваем пытацца пра нумар. Жанчына арыентуецца ў сітуацыі і піша нам на паперцы – 340 000.

Мы разумеем, што размова ідзе пра грошы.

– Гэта за дзве начы? І на дзве асобы? – зноў пытаемся па-англійску.

– Рабяты, я вас не разумею… – разгублена адказвае жанчына. Пасля бярэ тэлефон. – Адну хвілінку, пачакайце…

Набраўшы чыйсьці нумар, яна просіць, каб яе суразмоўца патлумачыў па-англійску, што пакой на дваіх у гасцініцы каштуе 340 тысяч рублёў. Пасля дае трубку мне.

Мой новы суразмоўца, невядомы хлопец, пачынае на добрай англійскай мове тлумачыць кошты. Пасля спагадліва пытаецца, ці разбіраемся мы ўвогуле ў беларускіх грошах. Адказваю, што не вельмі. Хлопец абяцае праз дзве хвілінкі быць у гасцініцы.

Хутка ён ужо на месцы. Адразу пачынае расказваць, колькі і за што нам давядзецца плаціць. Відаць, што распавядае ён гэта не першы раз, бо пастаянна задае ўдакладняючыя пытанні.

У хлопца цудоўная англійская мова, да таго ж  відавочна яго шчырае жаданне дапамагчы. Цягам размовы мы разумеем, што жанчына на рэцэпцыі – яго мама.

Карыстаючыся выпадкам, задаём хлопцу тыповыя пытанні турыстаў.

– Дзе можна ўзяць карту горада?

– Нідзе. То бок яе можна набыць, але ў кнігарні. Тут недалёка ёсць адна, працуе недзе ад 9 гадзіны раніцы. Цяпер вы карту нідзе не знойдзеце (у гасцініцу мы прыйшлі пасля васьмі гадзін вечара. – Аўт.).

– А дзе грошы можна памяняць?

– Вось тут, абменнік ёсць побач. Але ён ужо не працуе, трэба чакаць да раніцы. Абменніка, які б працаваў 24 гадзіны, у нас у горадзе няма. Калі вам няма чым заплаціць цяпер, то можаце плаціць, калі будзеце высяляцца.

Разумеючы, што сёння ўвечары нам не шанцуе, мы дзякуем хлопцу за дапамогу і ідзем далей.

– Відаць, што горад не разлічаны на вялікую колькасць турыстаў, – дзеліцца ўражаннямі Марыюш. – Асобнаму чалавеку знойдуць, як дапамагчы, але вось вялікай групе? Варта было зрабіць карты, якія можна было б атрымаць у публічных месцах. Таксама бракуе інфармацыі па-англійску.

Як мы набывалі квіток у міжнароднай касе

Фота з відэа Аляксандры Парахні.

У якім месцы, акрамя гасцініцы, можна часцей за ўсё пабачыць турыстаў? Вядома ж, на вакзале. Кіруемся на чыгуначны, дзе ёсць міжнародная каса. Цяпер мы хочам купіць квіткі да Вільні.

У касе працуе сталая жанчына. Пачуўшы незразумелую мову, яна пачынае перапытваць па-руску.

– I speak only Lithuanian and English, – кажа Марыюш, паказваючы жэстамі, што нічога не разумее.

Жанчына выхоплівае з яго словаў назву горада – Vilnius. Працягвае расклад руху да Вільні. Зноўку рускамоўны.

Калі і такім чынам не атрымліваецца паразумецца, яна дае Марыюшу паперку і ручку, просіць напісаць, чаго ён хоча.

Марыюш піша: “Vilnius. 25-08-2013”.

Касірка піша ў адказ час ад’езду цягнікоў ад Маладзечна і прыбыцця ў Вільню.

– Колькі гэта будзе каштаваць? – пытаецца Марыюш. Бачачы, што яго не разумеюць, шукае сінонімы. – Money? Rubles?

Жанчына дапісвае кошты квіткоў асобна да кожнага цягніка.

Пасля некалькіх хвілінаў мазгавога штурму мой госць ведае, калі ён можа вярнуцца дадому і колькі гэта каштуе.

– На чыгуначным і аўтобусным вакзале хаця б мінімальная інфармацыя павінна быць па-англійску, – гаворыць Марыюш. – Усе надпісы на кірыліцы, на замежных мовах амаль ніхто на размаўляе. Чалавек, які гаворыць толькі па-англійску, адчувае сябе вельмі кепска.

Як мы прыцягвалі ўвагу маладзечанцаў

Пасля эксперыментаў мы пайшлі паесці ў адну з маладзечанскіх кавярняў. Але і тут цікавыя выпадкі не скончыліся.

Сваімі размовамі на польскай мове мы прыцягнулі ўвагу хлопцаў за суседнім столікам. Яны пільна ўслухоўваліся ў нашу размову і спачатку прынялі нас за ўкраінцаў.

Праз пару хвілін разумеюць, што мова польская, і ў іх прачынаецца цікавасць да турыстаў. Проста загаварыць з намі яны не адважваюцца. Шукаюць творчых шляхоў: – Можна ў вас сурвэткі са століка ўзяць?

Мы перадаём сурвэткі і праз паўхвіліны чуем:

– У нас соль скончылася, можна вашу?

Перадаём і соль. Але і гэта не ўсё.

– У мяне нешта галава разбалелася, – жаліцца нам хлопец. – Можа, у вас таблетка будзе?

Спакойна паесці ў нас не атрымалася.

– Некаторыя глядзяць на турыста як на іншапланецяніна, – кажа Марыюш. – Ім складана зразумець, што чалавек з Захаду можа рабіць у Беларусі, ды яшчэ ў такім невялікім горадзе, як Маладзечна. Да замежных моў у паўсядзённасці ў вас не прывыклі.

Марыюш прызнаўся, што застаўся вельмі задаволены паездкай па Беларусі. Праблемы з мовай можна ўспрымаць як невялічкую прыгоду падчас падарожжа.

– А вось тое, што вельмі пазітыўна ўразіла, – гэта багатая гісторыя Беларусі, а таксама добрыя дарогі, – падкрэсліў госць з Літвы, падарожнічаючы па Беларусі на машыне.

Прыватныя піцэрыі падрыхтаваліся да візіту турыстаў

Ужо пасля ад’езду госця мы з калегай зазірнулі ў адну з піцэрый Маладзечна і звярнулі ўвагу на тое, што на прылаўку ляжыць меню з англамоўным перакладам.

– Падрыхтаваліся да Чэмпіянату Еўропы? – пытаемся.

– Так, падумалі, што раптам хто да нас дойдзе, – адказвае прадавачка.

– І як, завітваюць іншаземцы?

– Куды там! Нават у піцэрыю, што бліжэй да цэнтра, ніхто не завітвае. Мусіць, іх кормяць у рэстарацыях, не да нас ім.

Замежных спартсменаў здзівілі беларускія грошы і прыгажосць горада

Між іншым, горад выглядае па-рознаму ў залежнасці ад таго, з якой мэтай сюды завітаў турыст.

Калі чалавек хоча пазнаёміцца з гісторыяй і культурай, яму патрэбныя карты, указальнікі, кавярні з нацыянальнай кухняй. Патрабаванні да інфраструктуры ў яго будуць вышэйшыя.

Калі іншаземец прыязджае ў межах пэўнай праграмы, за яго замаўляюць квіткі на цягнік, нумар у гасцініцы, пра яго клапоцяцца.

Спартсмены з розных краін Еўропы падзяліліся з карэспандэнткай “РГ” сваімі ўражаннямі ад Маладзечна.

Матэуш Лысікоўскі, Польша:

– Гэта мой першы выезд у Беларусь. Я вельмі мала чуў пра вашу краіну. Ехаць у Беларусь было страшнавата, бо я думаў, што калі ноччу тут выйсці на вуліцу, то і пабіць могуць. Але трэба прызнацца, што тут вельмі спакойна і прыгожа – гэта прыемна здзівіла.

Йіры Крафэр, Чэхія:

– Мы дабіраліся да вас 22 гадзіны! Спачатку ехалі з Прагі да Варшавы цягніком, пасля з Варшавы да Мінска, а да Маладзечна – ужо машынай. Умовы ў гасцініцы добрыя, кормяць таксама добра. Складана, калі хочам нешта набыць у краме, бо замежныя мовы тут слаба разумеюць. Мясцовая моладзь часам дапамагае, перакладае на англійскую альбо нямецкую мовы.  

Якуб Іхнат, Славакія:

– Я бачу, што людзі тут іншыя. Адчуваецца, што ў беларусаў іншае мінулае, свая гістарычная памяць, якая адрозніваецца ад нашай. Невялікія складанасці ўзнікалі. Па-першае, мне цяжка арыентавацца ў вашых грашах, у якіх столькі нулёў! Здзіўляе, што няма манет. Па-другое, часта даводзіцца тлумачыць на пальцах, калі нешта хочаш, бо замежнымі мовамі тут валодаюць нямногія.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота infobus.eu, gandliar.com, img-fotki.yandex.ru, Аляксандры ПАРАХНІ.