Шматлікія скаргі па добраўпарадкаванні дамоў у жыллёвых рамонтна-эксплуатацыйных упраўленнях не прыносяць вынікаў, якіх чакаюць жыхары.

 Менавіта з такой праблемай сутыкнулася і гаспадыня адной з кватэр дома №6-в па вуліцы Багдана Хмяльніцкага Тамара Суботка.

– Ужо не першы год мы абіваем парогі камунальнікаў, просім адрамантаваць старыя балконы і казыркі. І ў 2009 годзе пісалі ліст у ЖРЭУ, і ў 2010, але ніякага рамонту няма. Адказалі, што ўсе сілы накіраваныя на падрыхтоўку горада да “Дажынак”, – распавядае Тамара Фёдараўна.

У год “Дажынак” жыхары дома прачыталі у адной з газет, што ў іх доме зробяць бягучы рамонт. Тады яны супакоіліся і паспадзяваліся, што іх просьбу выканаюць. У 2011 годзе падлаталі дах, але ні казыркі над пад’ездамі, ні балконы не чапалі.

Жыхары самі «падмазалі» казырок.

– А над трэцім пад’ездам казырок наогул трымаецца на адным чэсным слове. З яго ўжо даўно адвальваюцца кавалкі бетону, – кажа спадарыня Тамара. – Хочацца верыць, што нашы балконы і казыркі дачакаюцца сваёй чаргі на рэканструкцыю раней, чым абрынуцца.

Жанчыне боязна, што калі-небудзь бетонныя канструкцыі не вытрымаюць і проста рухнуць. Гэта сапраўды небяспечна, бо пад імі ходзяць дарослыя, гуляюць дзеці. Маладая пара, якая нядаўна пераехала ў гэты дом, проста баіцца выйсці на балкон, каб павесіць сушыць бялізну.

 – Казыркі псуюцца ад вады, – тлумачыць намеснік дырэктара прадпрыемства “Геастандарт” Мікалай Петруковіч. – Узімку ападкі замярзаюць, нагрувашчваюць сабой канструкцыі. З-за гэтага ржавее арматура, якая пры пацяпленні расшыраецца. І паступова бетон разбураецца. Па-добраму, тут трэба ўсё зачысціць і адрамантаваць сучаснымі матэрыяламі. Балконы ў гэтым доме мяне палохаюць больш, чым казыркі. Яны разбураюцца ад сырасці. Каб не было сырасці, неабходна сцены ўцяпляць з вонкавага боку, а не знутры. Візуальна, гледзячы на балконы і казыркі, я магу ацаніць гэты дом як не вельмі здавальняючы. Дом не ў аварыйным стане, але ён патрабуе рамонту.

Пры аглядзе дома спадар Мікалай заўважыў яшчэ і тое, што ў кватэрах зусім не працуе вентыляцыя.

У ЖРЭУ №2 адказалі, што разлічваць на капітальны рамонт ў гэтым годзе жыхарам не варта.

– Сёлета капітальны рамонт дома ў нас не запланаваны. Фінансавання на рэканструкцыю балконаў і казыркоў нават і не разглядалі, таму ніякага станоўчага адказу да снежня даць не магу. Магчыма, рамонт правядзём ўжо ў 2014 годзе, калі з’явяцца на гэта грошы, – кажа начальнік маладзечанскага ЖРЭУ Валеры Віткоўскі. – “Дажынкі” ўжо прайшлі, але пакінулі пасля сябе адгалоскі.

Вольга ЮРКЕВІЧ.

Фота Зоі ХРУЦКАЙ, Вольгі ЮРКЕВІЧ.