12 верасня было 120 год ад дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі – першай выканаўцы ролі Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры аднайменнай камедыі Янкі Купалы, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, педагога.

У Будславе па вуліцы Зялёнай стаіць драўляны дом – ён цалкам адпавядае назве вуліцы, пафарбаваны ў зялёны колер. Тут доўгі час жыла Паўліна Мядзёлка. Цяпер у гэтай хаце жыве Соф’я Грышкевіч – жонка стрыечнага брата Паўліны Часлава. Ёй ідзе 80-ы год.

– Соф’я Міхайлаўна, якое першае ўражанне было ад знаёмства з Паўлінай Мядзёлкай?

– Якое можа быць уражанне – як свае людзі. Харошая, разумная жанчына, яна нам рада была. Я з Мосара родам, ажаніліся там з Чаславам. Муж прывёз сюды ў 1957 годзе. А пасяліцца давялося ў доме, дзе жыла Паўліна з маці.

– А перад тым як пазнаёміцца з Паўлінай, муж ці расказваў вам пра яе?

– Расказваў, і пра тое, што першую ролю іграла ў п’есе “Паўлінка”, узгадваў. 

– І як вы жылі?

– Чыста адна сям’я была. Яны з маці ад вуліцы, мы ў другім канцы жылі. Дапамагалі, даглядалі – мы ж маладзейшыя. Яна працавала настаўніцай у школе, потым пайшла на пенсію. Але так жа ўсюды хадзіла, музыку выкладала, і дзеці хадзілі сюды. Яна лекцыі пра музыку ў клубе чытала, столькі пласцінак было.

– Што за чалавек была Паўліна Мядзёлка?

– Культурны ва ўсім, такі далікатны. Надта ж яна чалавек вучоны, музычны была – для гэтага, пэўна, створаны. Не тое, каб тамака бульбу капаць ці якую вясковую справу рабіць, – толькі для культуры, для пісання. Праўда, ёй і рукі балелі: самай вайной была ў Маскве і рукі памарозіла.

Вельмі любіла беларускую мову. Стане нейкі па-руску гаварыць, а яна яму: “Што, зрасіяніў?” І мне іншы раз заўвагу зробіць: вядома, толькі прыйшла я, тут слова польскае ці рускае. Вучыла мяне: “Трэба па-беларуску гаварыць. Мы ж беларусы”. Яна за Беларусь стаяла, па турмах многа сядзела.

– Чым любіла займацца?

– Любіла кветкі садзіць. Гладыёлусы ўсялякіх сартоў купляла: і чорныя, і жоўтыя. Летам кошычак возьме – і ў грыбы ідзе. Асабліва рыжыкі любіла.

– Ці расказвала пра першую пастаноўку “Паўлінкі”?

– Расказвала, як было ўсё, як людзі хвалілі. Гэткая яна ж тады была зусім маладзенькая. А там у ролі і цалавацца трэба было.

Янка Купала быў закаханы ў Паўліну. А яна нешта яму адмовіла. Потым за Тамаша Грыба выйшла замуж – надта пекны быў. Усяго тры гады замужам была, і тое – то ён, то яна па турмах. Так лёс склаўся. З сёстрамі Янкі Купалы, з яго пляменніцай потым яны сябравалі. І жонка ягоная Уладзіслава добра адносілася да яе.

Паўліна Мядзелка, 1968 год

– Ці чыталі вы  яе кнігу ўспамінаў “Сцежкамі жыцця”?

– А як жа. Атрымалі кнігу пасля яе смерці. Яна так хацела патрымаць яе ў руках, але не паспела. У Глыбокае, у Казань, у Маскву яе сябрам кніжкі адаслала, адрасы яна яшчэ панапісвала, каму выслаць. 

– Пісалі, што там шмат чаго цэнзура выкрасліла…

– Ай, тамака многа ўбралі. Яна нават не хацела выдаваць. Так перажывала, што самае галоўнае, самае цікавае паўбіралі.

  – Людзі ў Будславе цяпер ці помняць Паўліну?

– Помняць. Вось Антон Паўлоўскі казаў: іду на могілкі да жонкі, стану і з Паўлінай пагавару. Ды многія ўспамінаюць. Яна была дэпутатам колькі гадоў. Была дзелавая, што пабудаваць, што памагчы каму магла. Дамаглася, каб парк пасадзілі перад касцёлам. Дзіцячую пляцоўку зрабіла. Тады садкоў то не было, дзяцей не было дзе дзяваць. Школа, вуліца яе імя носяць. І кафэ, што нядаўна з’явілася, “Паўлінка” называецца.

– Што з рэчаў Паўліны цяпер у хаце засталося?

– Дык тады ж паналяталі ўсе чыста, бралі хто што хацеў – музеі ў Мінску, у Маладзечне. І ў школу кнігі ўсялякія аддала, адзежу, крэслы ў школьны музей. Піяніна засталося, фатаграфіі. І піяніна хацелі забраць у Мядзел. Кажу, няхай будзе памятка – у хаце стаіць.

Алесь ВЫСОЦКІ.

 Фота з архіваў Мядзельскага музея народнай славы.