Гэта пачатак не казкі, а гісторыі пра чалавека, нашага земляка, які 17 верасня адзначае сваё 85-годдзе.

Адразу патлумачу чытачам, адкуль у мяне ўзялося параўнанне з церамам. Прыязджаю да Аркадзя Уладзіміравіча, сам юбіляр сустракае мяне на ганку, запрашае прайсці ў хату. Я пераступаю парог і апынаюся ў казцы! Усе дзверы, шафы, люстры, крэслы, нават столь, зробленыя рукамі гаспадара. Драўлянай казкай можна было назваць усю гэтую прыгажосць, каб размова ішла пра экспазіцыю музея.

– Вось усе здзіўляюцца: і дакторка, і суседзі, і дзяўчына, што пенсію носіць, – пачынае размову Аркадзь Уладзіміравіч,– а я не разумею, што тут такога. Гэта ж усё сваімі рукамі зроблена. Няўжо ніхто так болей не можа?

Пра справу ўсяго жыцця

– А вы вучыліся гэтаму?

– Не, спецыяльна не вучыўся. Я працаваў сталяром, слесарам, 15 год прарабіў на фабрыцы музычных інструментаў. Там паспрабаваў выточваць на станку, атрымалася, спадабалася, і вось ужо больш за 30 гадоў ствараю ўсе гэтыя рэчы на адзіным станку, што і сёння стаіць у мяне ў майстэрні. Пойдзем, пакажу.

– А вы толькі для сябе рэчы робіце, а на продаж не спрабавалі?

– Не, нашто на продаж? Калі суседзі, знаёмыя просяць, дык чаму ім не зрабіць? Прыязджаў да мяне бацюшка, прасіў зрабіць для царквы. Так што ў нашай царкве, той, што на плошчы Старое Места, ёсць і іконы, якія я аздобіў, і драўляныя крыжыкі.

– Я і ў іншых цэрквах бачыў работы бацькі, напрыклад, у Беніцы, – падключаецца да гутаркі сын Аркадзя Уладзіміравіча Міхаіл. Руку майстра  цяжка не пазнаць.

– А сёння працягваеце майстраваць?

– А як жа! Не магу ні дня без працы. Учора закончыў рабіць крэсла.

– А ў падарунак на юбілей што папросіце? Новы станок?

– Не, свой стары ніколі не змяню. Ён мне верна служыць аж з 1979 года. Цяпер такіх не робяць. А якія падарункі мне трэба? Дзякуй богу, што за святочным сталом збярэцца ўся сям’я, родныя, блізкія, амаль 40 чалавек. Гэта галоўны падарунак.

Пра сям’ю і маладосць

– Вялікая ў вас сям’я?

– Вялікая. Нас у бацькі чацвёра дзяцей было, а калі бацька ажаніўся другі раз, яшчэ чацвёра з’явілася. Але мы ўсе дружныя, мае сёстры ў Смаргоні жывуць. Таксама на юбілей прыедуць.

І я доўгі час жыў у Смаргоні, потым паехаў у Вільню. Ужо хацеў там застацца жыць пастаянна, але памёр бацька, і яго жонка папрасіла мяне вярнуцца, цяжка адной было дзяцей гадаваць. Але я не шкадую, таму што тут сустрэў сваё каханне.

– Была рамантычная гісторыя знаёмства?

– Ды якая там гісторыя? – гаворыць жонка Аркадзя Уладзіміравіча Любоў Давыдаўна. Пазнаёміла нас мая знаёмая. Прывяла яго ў вось гэту хату да мяне. Так з таго дня ён тут і застаўся жыць.

– Аркадзь Уладзіміравіч, а вы ў маладосці першым хлопцам на танцах былі? Я бачу гармонік у вас.

– Ой, у маладосці! Ён і цяпер на дзевак заглядаецца, – жартуе жонка.

І пацвярджаючы сказанае, Аркадзь Уладзіміравіч падхопліваецца з крэсла, бярэ ў рукі гармонік і пачынае спяваць… прыпеўкі. Адну за другой, усміхаючыся, сыпле прыпеўкамі юбіляр. І раптам у вачах з’яўляцца хітрынка, і Аркадзь Уладзіміравіч працягвае спяваць куплеты, так сказаць, “не для друку”.  Жонка, строга зірнуўшы, спыняе мужа, і той паслухмяна адкладае гармонік убок.

– Дружна жывяце?

– Ведаеце, − працягвае Любоў Давыдаўна, − за 40 гадоў мы ні разу не пасварыліся. Я, бывала, пачну на яго крычаць, калі што-небудзь не так. А Аркадзь толькі скажа: “Цішэй” і выходзіць з пакоя.

– Што вы! Я іх ніколі і паасобку не бачыла, падключаецца да размовы нявестка Леаніда. Толькі разам, толькі ўдваіх. І агарод удваіх садзяць, і кніжкі чытаюць.

–Так, − усміхаецца Любоў Давыдаўна, − калі Аркадзь без мяне ў царкву паедзе, дык я закрыюся на ўсе замкі і думаю: хутчэй бы ён вярнуўся.

Пра царкву, веру і зоркі

– Як часта бываеце ў царкве?

– Раз на тыдзень. Апранаю касцюм, гальштук і еду на аўтобусе ў царкву.

– Бацька кожную нядзелю апранае касцюм, так прывучылі ў сям’і. І яшчэ кожны дзень пачынае з малітвы, а потым абавязкова голіцца, ніколі не лянуецца, – дадае Міхаіл.

– А дома шмат чытаю, цікава ж, якія цуды ў свеце робяцца.

– А тэлебачанне гледзіце?

– Толькі навіны. Не разумею, як мая Люба свайго “Мухтара” глядзіць. Б’юцца там, сварацца. Ці вось па тэлевізары расказваюць, што чалавек пайшоў ад малпы. А хто малпу стварыў, чамусьці не кажуць. А я думаю, што ўсё ад Бога. Вечарам люблю выходзіць на двор, глядзець на зоркі. Вы ведаеце, на чым яны там трымаюцца? А я веру, што гэта Бог іх там трымае. І пакуль ён іх трымае, існуе зямля.

– Аркадзь Уладзіміравіч, дайце параду, як жыць, каб быць у ладзе і з блізкімі, і з самім сабой?

– Крыўдзіць нікога не трэба. І жыць з верай у сэрцы. Толькі так.

Р.S. Пад час размовы Аркадзь Уладзіміравіч прыгадаў яшчэ адну гісторыю. Аднойчы ён вяртаўся на аўтобусе з царквы, а побач сеў нейкі чалавек. “Вам 84 гады”, – кажа той. Аркадзь Уладзіміравіч здзівіўся, бо так яно і было. Хаця падумаў, можа, гэта які знаёмы. “Не”, − адказаў чалавек. − Я празорца. І пражывяце вы яшчэ больш за 10 гадоў”.

Наталля ТУР.

Фота Наталлі ТУР.