14 верасня па ўсёй краіне беларусы адзначалі святы сваіх гарадоў. Але не толькі гараджанам пашчасціла ў гэты дзень. Свята дабралася і да некаторых вёсак. Адна з іх — вёсачка Лістапады Гародзькаўскага сельсавету Валожынскага раёна.

У ёй жыве ўсяго 43 жыхары. І менавіта яны былі ў цэнтры ўвагі.

Калі ў Лістапады прыехалі арганізатары свята – супрацоўнікі Гародзькаўскай школы мастацтваў і сельскага клуба – ля двара старасты, дзе мусіў адбыцца канцэрт, ужо стаяла аўталаўка. Асартымент у ёй быў святочны – разнастайныя слодычы, незвычайныя булкі, кілбасы…

І перад усім гэтым было выстаўлена некалькі гатункаў віна. “Другі раз за дзень аўталаўка!” – радасна дзівіліся мясцовыя жыхары.

Для лістападаўцаў з імправізаванай сцэны гучалі песні, а таксама віншаванні. Падарункі атрымалі самыя старэйшыя жыхары вёскі. Гэта Марыя Канановіч, якой сёлета ў траўні споўнілася аж 109 год, і 89-гадовая Любоў Бартош.

Сюрпрызам для доўгажыхароў Лістападаў стаў выступ фальклорнага гурта “Хата”. Яго стварыла творчая моладзь, якая нядаўна перасялілася з гарадоў у суседнія вёскі.

Таксама не застаўся незаўважаным самы малады лістападавец – Мяценькавіч Ягор, якому цяпер усяго годзік.

Са цэны былі адзначаныя і самыя працавітыя жыхары Лістападаў. Падарунак з рук старшыні сельвыканкама атрымалі гаспадары самага добраўпарадкаванага падворка. Асобна словы падзякі прагучалі ў адрас майстрыцы Галіны Макей. У сваёй хаце на свята вёскі яна зладзіла цэлую выставу сваіх звязаных і вышытых вырабаў.

Як толькі скончыўся канцэрт, з-за хмараў вызірнула сонейка, прымусіўшы вяскоўцаў нарэшце скласці свае парасоны. Для іх свята працягвалася.

Аўгіня МАНЦЭВІЧ.

Фота забяспечана Аўгіняй МАНЦЭВІЧ.