Успаміны Мікалая Махнача, які ў 17 гадоў, у 1939-м, пакінуў родны Валожын і больш туды ўжо не вярнуўся. Цяпер ён жыве ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Пераклад з польскай мовы зрабіла Яўгенія Чаплінская з вёскі Літва Маладзечанскага раёна, былая аднакласніца і тайная сімпатыя Мікалая Аляксандравіча.

Пралог Яўгеніі Чаплінскай

Успаміны пра сваю доўгую пакручастую дарогу жыцця напісаў мой аднакласнік Мікалай Аляксандравіч Махнач, ураджэнец горада Валожын.

Гэта было пры Польшчы. Хадзілі мы ў шосты клас сямігадовай польскай школы (1937-38 навучальны год).

З прыходам саветаў, у 1939-м, 16-гадовым юнаком давялося яму пакінуць родную хату.

Лёсам наканавана было болей у яе не вярнуцца. Цяпер спадар Мікола жыве ў горадзе Вэбстэр, што ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Пакуль выйшла толькі некалькі сігнальных асобнікаў успамінаў “Доўгі шлях да свабоды”, якія ўбачылі свет па маёй ініцыятыве і намаганнямі гісторыка і археолага спадара Міхася Міхасевіча Чарняўскага (на вялікі жаль, ужо пакінуўшага нас).

А было так: першы званок з Вэбстэра празвінеў у мяне ў канцы 2010 года. Тады ж, пасля сямі дзясяткаў гадоў, ён сказаў, што выдзяляў мяне як самую сімпатычную з аднакласніц.

Пачалося ліставанне. Кожны ліст быў цікавы. Калі ж прыслаў апісанне, як у час вайны святкавалі Вялікдзень у Італіі, стала ясна, што мой карэспандэнт мае пісьменніцкія здольнасці. З такой высновай пагадзіўся і спадар Чарняўскі, які таксама наладзіў з ім кантакты.

У выніку Мікалай Махнач стаў аўтарам унікальных успамінаў.

Яўгенія ЧАПЛІНСКАЯ, вёска Літва, Маладзечанскі раён.

 Доўгая дарога да свабоды

Пра бацькоў

Трэба мне вярнуцца назад на гадоў так 86, да 19 снежня 1923 года, у Валожын, дзе я нарадзіўся. Бацькі мае жылі тады на вуліцы Касцельнай.

Бацька, Аляксандр Сцяпанавіч Махнач, нарадзіўся ў Валожыне ў 1884 годзе. Маці, Кацярына Піліпаўна Таўгень, з’явілася на свет у Казельшчыне недзе ў апошняй дэкадзе 19 стагоддзя.

Бацька скончыў трохкласнае народнае пачатковае вучылішча ў Валожыне. Гаварыў чыста па-расейску, па-польску, ну, і па-беларуску, вядома, а яшчэ нядрэнна гаварыў па-яўрэйску.

Як на той час, калі над нашым народам панаваў

“из Божей милости” цар Аляксандр 3-ці,

мой бацька быў пісьменным чалавекам.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, ён апынуўся ў царскай арміі, у часці сувязі, пры тэлефонах, дзе дасягнуў рангу старшага ўнтэрафіцэра. Па вайне вярнуўся ў Валожын на свае тры гектары зямлі, але больш – ні кала ні двара, а трэба было з нечага пачынаць.

Не ведаю, як там дайшло да спаткання маіх бацькоў, але пажаніліся. У пасаг маці далі зруб на хату, кароўку, нейкага кабанчыка, ну, і, пэўна, пару ці больш курачак. Пабудаваліся на Касцельнай вуліцы, дзелячы двор са сваякамі – сям’ёй Грышчыкаў. Так пачалі мае бацькі гаспадарыць у абноўленай Рэчы Паспалітай.

Праз год у сям’і нарадзілася дачушка, ды хутка амерла. На наступны год нарадзіўся я, якраз на дзень святога Міколы, 19 снежня 1923 года. Вось мяне і ахрысцілі Міколам. Два гады пазней нарадзілася мая сястрычка, Валя.

Бацькі нашы гаравалі, каб неяк пражыць на гаспадарцы, якая была “завялікая, каб памерці, але замалая, каб жыць у дастатку”.

У 1928 годзе бацькі перасяліліся на скрыжаванне цяперашніх вуліц Чапаева і Мічурына, да так званага Рову. Наша сядзіба да вайны была апошняй на левым баку гасцінца, што вёў на Сугвазды.

Школьная пара

Прайшоў час, і ў 1931 годзе я дарос да школы. Аднаго дня бацька кажа маці: “Каця, заўтра схадзі і запішы Колю ў школу”. Пачуўшы гэтыя словы, я спалохаўся, хоць бацька мяне трохі рыхтаваў да школы, вучыў чытаць і пісаць па-польску і па-руску.

Назаўтра раніцай па сняданні я збег з дому і схаваўся на Гузоўшчыне, дзе былі тады агароды, у каноплях, дзе праседзеў некалькі гадзін. Урэшце галодны і з балючай галавой прыйшоў дахаты, дзе мяне чакалі занепакоеныя і разгневаныя бацькі. Прызнаўся, дзе я быў і з якой прычыны. Бацька паглядзеў на мяне гнеўна, урэшце ўсміхнуўся, маці таксама, і абышлося без пакарання. На наступны дзень мяне ўсё ж запісалі ў школу.

Мой першы школьны год пачаўся на вуліцы Садовай, дзе якраз пабудавалі новую школу. Зразумела, навучалі нас толькі на польскай мове. Маёй першай настаўніцай была пані Шаблоўская, якая, памятаю, адносілася да нас, дзяцей беларускіх і польскіх, наколькі гэта было магчыма, аднолькава.

Яна была невялікага росту, кругленькая, як сліўка, і заўсёды ўсмешлівая. Праз два гады ці тры прыйшло няшчасце ў яе хату – неспадзявана захварэў і памёр яе адзіны пяці- ці шасцігадовы сынок.

На яго магілцы бацькі паставілі вялікі помнік – так званы “дуб”, які быў зроблены нашымі сваякамі Хведарам і Сымонам Грышчыкамі. Яны мелі на Касцельнай вуліцы  майстэрню, дзе рабілі гранітныя помнікі – для праваслаўных, каталікоў і яўрэяў.

Палюбіў я школу. Вучыўся нядрэнна. Бацька пільнаваў і, калі трэба было, дапамагаў, сачыў, каб выконваў хатнія заданні.

Памятаю, казаў: “Сынок, як прыйдзеш са школы і з’ясі што-небудзь,

адразу рабі хатнія заданні, а як закончыш – ідзі гуляць.

А як пойдзеш гуляць уперад, дык гульня не будзе гульнёй,

бо ўвесь час будзеш думаць, што перад сном трэба яшчэ зрабіць заданні”.

Яно так і было, асабліва ў старэйшых класах.

Школа, здавалася, была вялікая і прасторная. Але і вучняў было многа, таму другія, трэція і чацвертыя класы вучыліся ў дзве змены: ад 8-й да 12-й і ад 12-й да 4-й гадзіны увечары. Адзін школьны год і я вучыўся па абедзе.

З кожным годам прыбывала і навукі. Да чытання, пісання, лічэння, спеву і гімнастыкі дабавіліся прырода, гісторыя, геаграфія. Пазней – граматыка і літаратура, арыфметыка, геаметрыя і фізіка. Апроч гэтага, адводзіліся па дзве гадзіны на тыдзень на рэлігію і ручныя заняткі, майстраванне, а дзяўчаты вышывалі і вязалі кручком. Дзяўчаты яшчэ даглядалі  школьны агарод.

Дапамога па гаспадарцы

Як і ўсім сялянскім дзецям, мне і сястры, апроч навукі, трэба было яшчэ дапамагаць бацькам па гаспадарцы – свінням травы нарваць, дроў і вады прынесці, каня запрэгчы, баранаваць і, вядома, пасвіць кароў.

Я, маючы 12 гадоў, і даіць навучыўся. Ды нямала і яшчэ чаго даводзілася рабіць дома і ў полі. З жыўнасці былі ў нас конь, дзве кароўкі, два-тры парсючкі, дзве авечкі, якія на лета аддаваліся ў “пашу”, ну, і каля 20 курэй з пеўнем. І абавязкова кот ці котка.

Пасвіць кароў было не так лёгка, бо жылі мы ў горадзе, а ворныя землі ляжалі за горадам, да таго ж падзеленыя на шэсць кавалкаў. Амаль не было пашы, акрамя пары яроў, што пакінуў у наваколлі Валожына ледавік. Таму каровы, пераважна па дзве, пасвіліся на павадках па палявых дарожках, межах і каля некалькіх кудзеркаў (невялікіх вузкіх участкаў лесу сярод поля – рэд.).

Вялікая паша была за Панізем, але яна найлепш служыла панізянам і часткова зарачанам, бо яны мелі туды найкарацейшую дарогу. А нам задалёка было летам ганяць дойных кароў. Таму гаспадары з Бандароў, Еўлашоў, Зарэцкай і Касцельнай вуліц ранняй вясной перад святым Міколам гналі разам кароў у табар пад Белакорац. Там яны пасвіліся аж да верасня. 

Штодзень пад вечар нехта з кожнай сям’і ішоў у табар,

каб падаіць кароў і працадзіць малако ў спецыяльныя бляшаныя збаны.

Там і начавалі ў саламяных будках.

Уставалі з усходам сонца, даілі кароў, малако ладавалі на воз,

а самі побач з возам ішлі пешшу дахаты,

недзе каля шасці кіламетраў. Хтосьці заставаўся пасвіць кароў.

Кожны “табарны” вечар пасля дойкі распальвалі вогнішча, садзіліся вакол і пяклі на пруціках сальца. Затым з жытнім хлебам апетытна елі і запівалі чысцюткай вадой з Іслачы, якая была ад нас за нейкія 150 метраў, або свежым, яшчэ цёплым малаком.  

І хоць душа рвалася да гульні, але мала калі нагода такая траплялася. Толькі зімой быў трохі вольны час і можна было пакатацца на санках,  лыжах ці каньках, драўляных, на адну нагу.

Перамены

У 1934 годзе, у верасні, цяжка захварэў мой бацька і 31 кастрычніка памёр, маючы 50 гадоў. Мне тады было 11 гадоў, і я хадзіў у чацверты клас.

Для мяне абрынуўся свет. Але трэба было неяк жыць далей. Маці на наступны год нехта пазнаёміў з беззямельным мужчынам з трохгадовым хлопчыкам. Чалавекам ён аказаўся працавітым і пачцівым. А звалі яго Мікалай, сын яго таксама быў Мікалай. Так у нас стала тры Мікалаі. Калі маці клікала: “Коля!”, мы ўсе трое адгукаліся. Потым маці вырашыла гэту праблему і стала называць нас так: вялікі Коля, мой Коля і малы Коля.

Без бацькавага нагляду я закінуў навуку і застаўся на другі год у чацвертым класе. Маці, як даведалася пра гэта, прыйшла да настаўніка Мікалая Глухоўскага, ён якраз быў школьным сябрам майго бацькі, і папрасіла, каб той заапекаваўся мной, як сваім сынам.

Жаўнеры 10-га плютона абясшкоджвання бомбаў. Сядзець: капрал Віктар Сяліцкі, капрал Ян Кішка, капрал Базыль Рубанік. Стаяць: старшы сапёр Ян Конік, капрал Юзаф Цада, старшы сапёр Мікалай Махнач. Порта сан Джорджыя, чэрвень 1944 года.

Глухоўскі быў вельмі добры настаўнік, але ў яго класе заўсёды панавала строгая дысцыпліна. Не дазваляў ніякіх шэптаў, падказак. Не раз крычаў: “Ты, осле дарданэльскі, малпа афрыканьска” і часам біў далонню па плячах. Але толькі хлапцоў. Мне аднойчы таксама папала, праўда, рэменем па мяккай частцы цела. Праўда, гэта дапамагло.

Першае каханне

А ў 6 класе я ўзяў ды закахаўся ў адну з маіх аднакласніц – Геню Белановіч (Яўгенія Чаплінская, вёска Літва Маладзечанскага раёна – рэд.). Яна добра вучылася і была для мяне найпрыгажэйшай дзяўчынай не толькі ў нашай школе, але і ў цэлым павеце. Ніколі нікому і не прызнаўся пра свае пачуцці. Баяўся, што з мяне могуць насміхацца. Таму гэта засталося маёй асабістай таямніцай.

Вікенці Вёнцэк, настаўнік ад Бога

Надышоў 1938-1939 навучальны год, і я пайшоў у 7 клас. За год да гэтага дырэктарам валожынскай паўшэхнай сямігадовай школы імя Стэфана Баторы стаў пан Вікенці Вёнцэк. Добры чалавек і сапраўдны настаўнік, як кажуць: “З Божай ласкі”. Інтэлігентны, ветлівы, сапраўдны “дэмакрат”. Да Валожына ён некалькі гадоў быў аташэ па культуры і адукацыі пры польскай амбасадзе ў Парыжы. Добра гаварыў па-французску. У класе было 48 вучняў: 25 дзяўчат і 23 хлопцы. 19 з іх было яўрэяў, астатнія – палякі і беларусы. Дырэктар успрымаў нас, што нам вельмі падабалася, як ужо сталых асоб.

У 1939 годзе немцы рабілі многа “шуму” пра вайну, дык мы часта задавалі дырэктару пытанні адносна палітыкі, на якія ён ахвотна нам адказваў.

Падчас вучобы ў старэйшых класах кружыў такі вершык пра Валожын:

“A Wolozyn – miasto cudne?

Dwa hotele – i te Brudne,

Jeden Polak – i ten zyd,

Jeden burmistrz – i ten Szwed,

A starosta zawsze Cichy

I gospodarz z niego lichy”.

Тыя два гатэлікі належалі яўрэйскай сям’і з вуліцы Віленскай па прозвішчы Брудна. Самы багаты яўрэй меў прозвішча Поляк, бурмістр зваўся Швед, а староста – Ціхі. 

Перад вайной у Валожыне было крыху больш за 6 000 жыхароў.

Беларусаў было 42-45 працэнтаў, яўрэяў – дзесьці 30-35, астатнія – палякі.

У горадзе таксама знаходзіўся 28-ы батальён корпуса аховы пагранічча,

дзве паўшэхныя школы, а ў 1938 годзе адчынілі гімназію.

Экскурсія ў Вільню

1939 год, чэрвень, апошнія тыдні перад заканчэннем школьнага года. У нашай школе была арганізаваная экскурсія ў Вільню на тры ночы і чатыры дні. Каштавала гэта сем злотых. І гутаркі не магло быць, каб мая матуля заплаціла столькі грошай. Але настаўнікі сабралі 14 злотых і рашылі паслаць яшчэ адну вучаніцу і аднаго вучня. Я быў гэтым “шчаслівым” вучнем.

Аднак, каб патрапіць у Вільню, трэба было яшчэ адну залатоўку на аўтобус, каб даехаць да станцыі ў Гародзьках. Імчу дадому і радасна кажу маці, што на экскурсію еду дарма, але трэба на білет да станцыі 1 злоты. На вялікі жаль, мама сказала, што грошай няма, але паслала да суседзяў, маўляў, можа хто пазычыць. Ды толькі нічога не выйшла, і з апушчанай галавой я вярнуўся ў школу.

Аднакласнікі, дазнаўшыся пра тое, што я не еду, выручылі. Адна з дзяўчынак, Дануся Яцкевіч, выкрыкнула: “Дзяўчаткі, хлопчыкі! Праз дурную залатоўку Мікалай не паедзе ў Вільню! Давайце мне сюды, хто колькі мае пры сабе, – 10, 5, а то і 1 грош”. Узяла свой шэры скаўцкі капялюшык у руку і пачала збіраць на аўтобус для мяне. І сабрала патрэбную суму. А яшчэ нейкая пані з грамадскай апекі ўручыла мне два бутэрброды з вяндлінкай на дарогу. Была гэта мая першая паездка цягніком.

Я заўсёды быў удзячны Данусі Яцкевіч і ўсё жыццё памятаў той яе ўчынак. Вельмі быў засмучаны, калі даведаўся, што тая шляхетная дзяўчына ў час нямецкай акупацыі ўтапілася ў Бярэзіне. Сябраваў я і з яе братам, Стасем, які загінуў на вайне недзе пад Віслай.

Заканчэнне школы

Год 1938-1939 стаў апошнім, у якім я і 47 сяброў і сябровак скончылі польскую сямігодку на 100 працэнтаў. Усе вельмі ганарыліся гэтым, і наш класны выхаваўца Вёнцэк таксама. Для мяне асабіста было прыемна, што я апынуўся з адзнакамі на шостым месцы ў першай дзясятцы.

Павятовы  школьны інспектар, спадар Стэльмах, які ўручаў нам пасведчанні, так нам сказаў: “Гэта сямігадовая навука дазволіць вам глянуць у вашым узросце смялей на свет і запланаваць сваю будучыню”.

Так як мая будучыня на трохгектарнай гаспадарцы не выглядала надта ружовай, вырашыў напісаць заяву ў падафіцэрскую школу для юнакоў ў горадзе Коніне ў Пазнанскім ваяводстве. Але выбухнула вайна, і я не атрымаў адказу на заяву. Можа б, нічога з таго і не выйшла, бо быў праваслаўнай веры і беларус па паходжанні.

Прыход саветаў

1 верасня 1939 года пачалася вайна. Немцы напалі на Польшчу. Ані ў польскім друку, ані па радыё не было пэўных звестак пра ход падзей, толькі гаварылі, што немцы бяруць верх над палякамі.

17 верасня раннім ранкам рота польскага войска, якая знаходзілася ў Валожыне, адступіла ў кірунку Наваградка. Прагучала, няпэўная яшчэ, вестка, што савецкая армія перайшла граніцу і прасоўваецца на захад. Я якраз варочаўся з табара і чакаў, што прыедзе возчык, каб забраць наша малако.

На вуліцах было шмат людзей, у прыватнасці на Касцельнай каля моста. Многія былі святочна апранутыя. Вядома ж, была нядзеля і людзі збіраліся ў царкву або касцёл. Але вестка пра прыход савецкага войска прыпыніла іх з цікавасці.

Недзе паміж 7-й і 8-й гадзінамі з’явіўся і першы танк з боку Капусціна. А хвілін праз 5-7 пад’ехала іх цэлая калона. Я сам сутыкнуўся з чырвонаармейцамі на вуліцы. Хоць па-расейску не размаўляў, але разумеў. Апрануты я быў у саматканую кашулю і порткі з дзюркамі на каленях, басанож. Адзін з іх і кажа: “Ну вот и один пролетарий нашёлся”. Затрымалі мяне і пытаюць: “А где ваши рабочие и крестьяне поделись? Видим только панов, все разодетые”. Адказваю ім па-беларуску, што гэта ніякія не “паны”, толькі дробныя гаспадары, а што добра ўбраныя, дык сёння ж нядзеля, так апрануліся, каб у царкву ці касцёл пайсці. А я ў парваных портках таму, што вяртаюся з пашы, дзе даіў кароў. Нехта з іх яшчэ запытаў: “А что, у вас еще молятся?!”.

Пасля прыбылі пяхота і конніца. Беларусы і яўрэі віталі савецкае войска

даволі радасна – хлебам, соллю і кветкамі, пераважна вяргінямі.

Але вялікага энтузіязму не было.  

Паволі савецкая ўлада пачала дзейнічаць. Пайшлі па Валожыне чуткі, што НКВД арыштоўвае людзей, ловіць найперш польскую паліцыю і пакуль некаторых чыноўнікаў. З’явіліся палітрукі і пачалі арганізоўваць мітынгі. Зразумела, кожны такі мітынг пачынаўся ад паклонаў да “кремлевского алтаря”. Потым пачалі запэўніваць, якое вялікае шчасце і будучыня нас чакаюць у межах “советской родины”.

Недзе праз месяц ці трохі пазней адчынілі школу. Выявілася, што ўсе вучні, што хадзілі ў польскую школу, у класы 5, 6, 7 і нават 1-ы гімназічны, пераводзяцца назад у 5 клас. Новымі прадметамі былі расейская і беларуская мовы, а яшчэ гісторыя і геаграфія СССР. Не хапала новым уладам настаўнікаў, бо тыя, што навучалі ў польскіх школах, або ўцяклі, або ў большасці былі арыштаваныя. 

Пачало ўсяго не хапаць. Яўрэі свае крамы і крамкі пазачынялі, тавар адразу ж пахавалі. Нельга было набыць самых неабходных рэчаў, такіх, як соль, цукар, газа для лямпаў, не кажучы ўжо пра адзенне, абутак. Праўда, адчынілі некалькі крамаў з хлебам, да якіх штодня выстройвалася чарга, чаго мы, валожынцы, за польскай уладай ніколі не бачылі, за выключэннем часам чаргі па білеты ў кіно.

Недзе, здаецца, у канцы сакавіка 1940-га адбылася паказуха, як мы, ”новоосвобожденные” беларусы, украінцы, яўрэі і палякі, хочам далучыцца да Савецкага Саюза. Як бы інакш?!. І абвясцілі вынік, што больш за 90% далучэнне.

У гэтым жа годзе савецкая ўлада наклала на сялян падаткі. Акрамя грашовай платы, трэба было здаваць па “обязательству” збожжа, мяса. Штосьці казалі пра здачу малака і яек.

А яшчэ разгарнула  агітацыю сярод вяскоўцаў за ўступленне ў калгасы.

Вёска Бурмакі стала першай, якая стварыла калгас.

Іншыя вёскі і валожынцы неяк не спяшаліся.

Шмат хто з мясцовых стаў задумвацца, якая прычына, што старая савецка-польская мяжа па-ранейшаму закрытая і пільнуецца савецкімі памежнікамі, хаця мы з’яўляемся часткай Беларускай Савецкай Рэспублікі, і што сем’і і родныя, калісьці падзеленыя Рыжскім дагаворам, не могуць сустрэцца і ўбачыцца? Што хавае савецкая ўлада?

Праз год можна было пачуць такія словы: “20 гадоў палякі нас вучылі, як стаць палякамі, і не навучылі. Прыйшлі саветы і навучылі праз год”.

Карэлія

29 красавіка 1941 года мне прынеслі павестку, каб прыйшоў у райвыканкам. Аказваецца, вярбавалі ў Карэлію на шэсць месяцаў, і не прымалася ніякая адмова. Хочаш ці не хочаш, а ехаць мусіш. На паўгода.

Было нас усіх 20 хлопцаў. Трое з Валожына: Аркадзь Купцэвіч з Бандароў, Мікалай Касоўскі з Келевіч і я. Астатнія з навакольных вёсак. Жукоўскі Эдзік з Забрэззя нядаўна ажаніўся, тры месяцы па шлюбе. Самаму старэйшаму было 32, мне, наймалодшаму, 17.

Праз некалькі гадзін нас пасадзілі на грузавік і завезлі ў Гародзькі на станцыю і перадалі нейкай жанчыне, якая павінна была нас даставіць у карэла-фінскую сталіцу – Петразаводск. Дакументы нашы таксама перадалі ёй. А яшчэ кожнаму на рукі выдалі па 380 рублёў авансу, які мы павінны былі пасля адпрацаваць у лесе.

5 мая мы прыбылі на канцавы прыпынак – у пасёлак Сапся Пражанскага раёна, гэта ў 80 кіламетрах ад Петразаводска, на Кіндасаўскі лесапункт. На наступны дзень мы ўжо працавалі на “катку” – скочвалі калоды спілаванага лесу ў раку на сплаў. 

Работа была не з лёгкіх. Абавязкова трэба было выпрацаваць норму, а яе цяжка было вырабіць. Рэальна выходзіла, што мы зараблялі 8-10 рублёў, а праядалі 12-14. Значыць, кожны дзень мы ўсё глыбей западалі ў даўгі леспрамгасу.

Пачатак вайны

Не ведаю, які б лёс нам выпаў, ды толькі 22 чэрвеня, як мы толькі пачалі працу ў лесе, адзін з майстроў прымчаўся верхам на кані і пачаў крычаць: “Кончай работу, проклятый немец напал на нашу страну!”. Мы ўсе аслупянелі…

На наступны дзень сямёра хлопцаў з нашай валожынскай групы мабілізавалі ў Чырвоную Армію, засталіся толькі Коля Касоўскі з Келевіч, бо меў адно вока, і я, таму што мой 1923 год яшчэ не падлягаў мабілізацыі. А астатніх, нас ды і шмат іншых, недзе больш за 200 чалавек, праз тыдзень паслалі на будаўніцтва аэрадрома ў некранутым лесе. Адразу пачалася інтэнсіўная праца. Трэба было шмат дрэў спілаваць і вывезці, выкарчаваць пні, падрыхтаваць грунт для ўзлётных палос і зацэментаваць.

З-за таго, што на франтах Чырвонай Арміі не шанцавала,

нас у хуткім часе арганізавалі ў “стройбатальёны”

і павезлі пад франтавую зону на абаронныя работы – капаць акопы,

працягваць калючы дрот, рыхтаваць кулямётныя ўстаноўкі.

Будучы на другім участку на акопах, я заўважыў маладога дзецюка, апранутага ў польскі вайсковы мундзір. Стоячы ў чарзе за ядой, вырашыў з ім пагаварыць. Аказалася, што ён – зямляк з-пад Смаргоні, Сцяпан Чартовіч.

Ад яго я даведаўся, што за мяжой у Лондане ёсць польскі ўрад і што гэты ўрад падпісаў дамову з савецкім урадам аб стварэнні польскай арміі з былых польскіх грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі СССР. З таго часу я паставіў сабе за мэту далучыцца да польскай арміі ў СССР.

А з Чартовічам я хутка развітаўся, пажадаў удачы даехаць яму туды, куды вяла дарога і лёс. Даў яму 50 рублёў, бо быў без капейкі. Калі на наступны год мне ўдалося прыстаць да польскай арміі, дык я яго шукаў, але мне не ўдалося нічога пра яго даведацца.

Шлях на ўсход

Неяк нас выклікалі ў бюро “Карэл-лесу” і падзялілі па некалькі чалавек, даючы розныя заданні. Мяне з Касоўскім (тут толькі двое валожынцаў і засталося) і яшчэ пяццю хлопцамі, а таксама з 35-гадовым мужчынам, які быў нашым брыгадзірам і правадніком, адправілі эвакуяваць коней з Карэліі далей на ўсход.

Мы, восем чалавек, атрымалі 32 кані, чатыры вазы і па 400 рублёў на дарогу, адпаведныя дакументы для правадніка і павінны былі перагнаць коней аж да Пярмі, што каля Уральскіх гор. Трэба было пераадолець недзе 1400 кіламетраў – гэта толькі напрасткі. Відаць, ніхто з начальства не падумаў, што гэта немагчымая задача перагнаць да зімы, бо пачынаўся верасень. Нават калі б мы галопам імчалі дзень і ноч, усё роўна да Пярмі да надыходу зімы не даехалі б.

Наш шлях павінны быў праходзіць уздоўж паўднёвага берага возера Анега, праз Вазнясенне, Выцегру, Белазерск, Кірылаў, Вожагу і Ельск.

Ехалі ў дзень дзесьці па 15–20 кіламетраў, нанач затрымліваліся пераважна на сенажацях або выганах пры вёсках, каб папасвіць коней ды самім нешта з’есці. Па дарозе куплялі пайкі хлеба па 600 грамаў на дзень, часам заходзілі ў сталоўкі, каб з’есці супу ці кашы. Пра мяса можна было толькі марыць. Калі была магчымасць, проста кралі калгасную бульбу, якую вечарам варылі ў вядры, і поўнае вядро з’ядалі за раз. 

Ад Выцегры мы ехалі ўздоўж Беламорканала аж да Белазерска. Па абодва яго бакі, а гэта 3-4 кіламетры, знаходзіліся лагеры. Канал ужо быў пабудаваны, і большасць іх пуставала, але мы сустракалі людзей і слухалі іх аповеды пра цяжкую працу на яго ўзвядзенні. Падчас будаўніцтва не было ніякіх машын, дзе-нідзе трактар або грузавік. Асноўныя прылады працы – сякера, лучковая піла, кірка і тачка. А колькі няшчасных выпадкаў здаралася! Цяжкая праца ў балоце і холадзе, на дрэнных харчах была суровым выпрабаваннем для лагернікаў. 

Па заканчэнні будаўніцтва шмат каму з лагернікаў была аб’яўленая амністыя, але звольненыя нядоўга цешыліся свабодай. Іх арыштоўвалі зноў і пасылалі ў іншыя лагеры “Архіпелагу Гулаг”.

Стаўленне да храмаў

У адной мясцовасці мы затрымаліся каля пякарні, каб выкупіць паёк хлеба. Я звярнуў увагу на гэту незвычайную будыніну. Раней гэта была праваслаўная царква, якую ператварылі ў пякарню і склад мукі. Мяне як працяло: вялікае падабенства будынка да Віленскай катэдры і Валожынскага касцёла. Адкуль такая “архітэктура класіцызму” ўзялася на поўначы Расеі? Толькі званіца, якая была побач, мела традыцыйны рускі стыль будаўніцтва.

Крыху далей, недзе за Кірылавам (манастыр-крэпасць) мы з сябрамі ўбачылі адну з найпрыгажэйшых цэркваў, якія я бачыў да гэтай пары. Мела яна аж 13 купалаў. Адзін, галоўны, увасабляў Хрыста, а астатнія – апосталаў. Вось гэта перліна сакральнай рускай архітэктуры была ператвораная ў лагер з “гнёздамі буслоў”. Такое можна было пабачыць толькі ў камуністычнай Расеі.

Бядота

Напрыканцы кастрычніка даехалі мы да Волагда-Архангельскай чыгункі і спыніліся на станцыі Вожэга ў Валагодскай вобласці. Наступная станцыя была ўжо ў Архангельскай вобласці.

Коней з кожным разам станавілася пасвіць усё цяжэй і цяжэй. Трава пажоўкла, наступілі халады і выпаў першы снег. Да гэтага часу мы праехалі каля 500 кіламетраў і часта падвозілі бежанцаў з-пад Ленінграда. Едучы, бачылі вялікую бядоту калгаснікаў, амаль пустыя склады і крамы.

За гэты час я не бачыў ніводнага чалавека на ровары.

Я памятаў, што за польскім часам трэба было прадаць карову або тры парсюкі,

каб купіць ровар, але ж усё роўна

амаль у кожнай вёсцы іх быў адзін, два, а часам і больш.

Мы былі ў роспачы, не ведалі, што рабіць. І тут чацвёра з нас вырашаюць адлучыцца і паехаць, вядома ж, без коней, у Ташкент, бо ў аднаго з нас быў там дзядзька. Але, каб купіць білет на цягнік, неабходны быў пропуск ваеннага каменданта станцыі. Калі мы прыйшлі да яго па гэты пропуск, то ён прапанаваў нам уладкавацца на працу тут, у мясцовым леспрамгасе.

І вось Мікалай Касоўскі, Пётр Янкоўскі, Рыгор Шэметаў і я пайшлі ў кантору мясцовай управы леспрамгасу. Дырэктар вельмі цёпла прывітаў нас і прыняў на работу. Сказаў толькі, што нас яшчэ чакае 40-кіламетровы марш да пасёлка Курылава. У дарогу выпісаў картачкі для пякарні на хлеб па два кілаграмы кожнаму з нас.

У Курылаве начальнік станцыі Дзмітры Сцяпанавіч Фамічоў, гадоў 55-60, таксама сустрэў сардэчна. Нас накармілі, напалілі нам лазню, выдзелілі ложкі з матрацамі, па коўдры і падушцы. Сказалі, каб заўтра выходзілі на працу.

Цяжкасці працы

Работа аказалася вельмі цяжкай. Трэба было карчаваць пні. А зямля мокрая, халодныя вятры, летні абутак. Акрамя таго, нам трэба было выпрацоўваць нормы.

Ды толькі ніколі не маглі мы вырабіць гэтыя нормы, і нам ніяк не ўдавалася вырвацца з доўгу перад канторай. Пры ўсім гэтым яда была нізкакаларыйная, увесь час мы недаядалі і амаль заўсёды адчувалі голад.

Я ўвесь час думаў, як мне трапіць да польскага войска і дзе яго шукаць. Нават не было ў каго спытацца.

Насталі моцныя маразы – 35-40 градусаў. Шчасце, што нам далі вайлакі, так званыя катанкі, а то мы засталіся б без ног. Шапку-вушанку я яшчэ раней купіў дзесьці каля Белазерска. Цяпер якраз яна спатрэбілася. А яшчэ з дому ўзяў куртачку з хатняга тканага сукна. Як яна ратавала мяне ад марозу!

Праўда, калі было 42 градусы  і ніжэй, нас на працу не выганялі. Лесарэзка, пагрузка, вывазка і г.зв. “спецзаказ”. Да ўсяго гэтага раз на месяц, у нядзелю, выганялі нас на суботнікі, дзе ўсе, нават начальнікі, працавалі задарма.

У Курылаве мне якраз споўнілася 18 гадоў. Дзень нараджэння сустрэў галодным. Так здарылася, што давялося мне тры дні галадаць, бо не меў грошай нават на талерку супу. І тады я падумаў, што з гэтага становішча тэрмінова трэба неяк выбірацца.

У пошуках вызвалення

Аднойчы ўвечары ў студзені 1942 года я вырашыў, што назаўтра раніцай пайду на станцыю Вожагі і паспрабую дабрацца да польскай арміі. Ранкам устаў а пятай гадзіне, пабег да ларка, выкупіў хлеб на 6 дзён, кажучы, што еду на спецзаказ у сяло Матулёва.

Упакаваў хлеб, паўтары булкі, забраў дакументы і рушыў да станцыі, аддаленай ад Курылава амаль на 40 кіламетраў.

І вось я ўжо на станцыі. Пільную цягнікі, якія ідуць з Архангельска на Волагду. Вядома, трапіць у пасажырскі вагон няма ніякай магчымасці. І я вырашаю сесці на таварны цягнік.

І вось якое шчасце, прыйшоў таварны састаў і затрымаўся на станцыі, каб набраць вады ў паравоз. Пасярэдзіне таварных вагонаў былі тры адкрытыя платформы, на якіх знаходзіліся замацаваныя тры асаблівыя, не савецкай вытворчасці аўтамабілі, з дзіўнымі намаляванымі сіне-бела-чырвонымі знакамі на даху. (Пасля я даведаўся, што гэта ангельскія аўтамабілі, прысланыя ў Архангельск у рамках ваеннай дапамогі СССР).

Асцярожна, каб мяне ніхто не бачыў, я кулем ускаціўся на платформу, адчыніў паціху дзверы ў сярэднім аўтамабілі і, улезшы ў сярэдзіну, улёгся на сядзенні, каб не было бачна маёй галавы. Так я рушыў да Волагды.

Волагда

На вакзале ў Волагдзе я падышоў да аднаго мужчыны гадоў 35-38, назваў сябе і пачаў гутарку. Пан Марцінкевіч, так зваўся мужчына, быў на польска-нямецкім фронце ў верасні 1939 года. Вярнуўся дадому, недалёка ад Стоўбцаў, а за тое, што быў лесніком, саветы ў 1940 годзе вывезлі яго і яго сям’ю ў Архангельскую вобласць. Цяпер з іншымі спецперасялянцамі едзе, каб уступіць у польскую армію, якая ствараецца на тэрыторыі Узбекскай ССР. Запытаўся ў Марцінкевіча, ці маглі б яны прыняць у сваю групу і яго.

І вось я сяджу ў грузавым вагоне, у якім у адной палове сабраліся палякі і беларусы, а ў другой – палякі і пара сем’яў з Заходняй Украіны – усяго 62 чалавекі, і едзем ва Узбекістан, да арміі.

Едучы ў такой цеснаце, вельмі цяжка падтрымліваць нейкую гігіену. Пайшлі вошы.

Ноччу, калі мне здавалася, што людзі спалі, я распранаўся да пояса

і “пёк” сваю вопратку на коміне, нагрэтым да чырвані.

Людзі баяліся эпідэміі тыфу, які нас пазней апанаваў, але ўжо ва Узбекістане.

Даехалі мы ўрэшце да Орска на мяжы Казахстана. Там нас напаткаў буран, такая сняжышча, што беларуская мяцеліца выглядала як забаўка. Цягнік спыніўся, і начальства сказала, што будзем стаяць на станцыі два-тры дні, пакуль не супакоіцца бура.

Назаўтра, як толькі вецер трохі прыціх і можна было выйсці з вагона на двор, я ўгаварыў аднаго беларускага хлопца, Аркадзіка Адэта, нажабраваць яды. Узялі мы дзве торбачкі і нейкі кацялок і пайшлі па заснежанай дарозе прасіць ежы.

Наколькі савецкая сістэма была нічога не вартая, настолькі народ быў (праўда, не ўсе) прыветлівы. І хоць сам мала што меў, але часта дзяліўся тым, чым мог. У дзвюх кватэрах нас пакармілі гарачым супам. У наступных хатах (не ва ўсіх) далі па жмені мукі, круп, проса, аўсянкі, якія мы ссыпалі ў адну торбачку. У адной хаце дзве бабулькі выцягнулі скрынку з-пад лавы і на самым дне пад ручнікамі знайшлі два невялікія сухары і аддалі нам.

Калі вярнуліся ў вагон, бацькі Аркадзіка і яго старэйшыя брат і сястра ўзрадаваліся, убачыўшы нашы “дары”. На працягу некалькіх дзён мы “балявалі”, елі кашу і зацірку.

Урэшце цягнік рушыў далей, праз, калі добра памятаю, Троіцк да Акцюбінска.

Сярэдняя Азія

У Акцюбінску мы затрымаліся. Прычынай было тое, што людзі з нашага вагона і некалькіх іншых, у якіх ехалі “бежанцы”, захацелі, нарэшце, пайсці ў лазню. Усе так узрадаваліся, бо некалькі тыдняў ніхто з нас не меў ніякай магчымасці памыцца, хіба толькі абліць твар вадой з вядра.

Завялі нас у лазню, асобна мужчын, асобна жанчын. Шчасліўцы, якія мелі трохі мыла, маглі вымыцца добра. Я такога люксусу не меў, таму парыўся, як толькі мог трываць, а пасля гразь спалоскваў моцна гарачай вадой. У той час, калі мы мыліся, лахманы нашы ў клунках пражыліся ў “вошебойке”.

Пасля лазні рушыў наш цягнік у напрамку Ташкента. З Ташкента паехалі ў Самарканд, адтуль – у Бухару.

Тыф

Ад’ехаўшы з Бухары, я адчуў высокую тэмпературу і не мог устаць са сваіх нараў. Цягнік спыніўся на невялікай станцыі Хасан. Нехта з нашага вагона далажыў на станцыю, што ёсць моцна хворы хлопец. Відавочна, частыя былі выпадкі захворванняў сярод “уцекачоў”, бо на кожнай большай станцыі быў прадстаўнік службы здароўя.

Нехта вывеў мяне з вагона і на ўзбекскім двухколавым возе завёз у бальніцу. Двухколку цягнуў асёл. У бальніцы не было вольных ложкаў, таму паклалі на сянніку ў калідоры. Я страціў прытомнасць.

Калі я прыйшоў да сябе ў бальніцы, то сястрычка сказала мне, што меў жару 41 з рыскамі, і што ў мяне тыф. Яна аказалася беларусачкай з Гомельскай вобласці.

Як доўга я быў у той бальніцы, не памятаю: можа, тыдзень, можа, болей. Мяне выпісалі, але я быў страшэнна слабы, а да станцыі трэба ісці пехатой пяць кіламетраў. Перад выхадам папрасіў, каб далі чаго з’есці, бо не дайду. Зямлячка прынесла мне трохі супу.

Ледзь дабраўся я да той станцыі, зайшоў у чайхану (чайная пры станцыі),

каб купіць гарачага чаю, але ў кішэнях не знайшоў ні капейкі.

Як мяне забралі ў бальніцу, мае торбачка, кацялок і лыжка

засталіся ў вагоне і паехалі без мяне.

Увесь час я быў у цяжкай сітуацыі, а цяпер – зусім у трагічнай.

Яшчэ не зусім здаровы, слабы, без грошай і зусім адзінокі.

Адчуванне голаду ёсць, бадай, найгоршым адчуваннем, якое чалавек можа пераносіць. Калі не даядаеш кожны дзень, тыдзень і месяц за месяцам, то нават тады, калі часам надарыцца, што пад’ясі і страўнік маеш поўны, пачуццё голаду ўсё адно ў табе застаецца.

Горад Гузар

Адмучыўшыся ноч, на наступныя дзень я сеў у цягнік, які павінны быў прыбыць у горад Гузар, там знаходзіўся рэкруцкі пункт.

Калі цягнік спыніўся, убачылі капрала ў ангельскай форме, але з польскімі адзнакамі на пагонах. Гэта быў афіцэр, заданнем якога і было сустракаць “польскіх рэкрутаў” і накіроўваць іх у часовы лагер.

Усіх, хто прыбыў, запісалі прозвішчы і месца нараджэння, далі жаўнера ў форме і элегантным плашчы, каб нас завёў у зборны лагер, што быў недзе ў трох кіламетрах ад станцыі Гузар да горада Гузар.

 Лагер (абоз) знаходзіўся на ўзгорку, у разбуранай старадаўняй крэпасці, названай некім з тых, хто раней прыбыў, Абісініяй. Стаяла там каля дзесяці, а можа, і больш палатак і палявая кухня.

На вялікую нашу радасць, атрымалі мы па кавалку хлеба, мо, паўкілаграма, кавалачак цукру і кубачак па-ангельску беленага чаю. Гэта быў сапраўдны банкет.

Размясцілі нас у палатках, у якіх на голай зямлі была пасланая толькі салома, добра ўжо працёртая нашымі папярэднікамі. Да таго ж  на кожную палатку прыходзілася па 10 чалавек, спалі адзін пры адным. Аднаму павярнуцца з боку на бок было немагчыма. Калі паварочваліся, то ўсе разам.

Аднаго дня, 15 сакавіка 1942 года, мы праходзілі медыцынскую камісію. Мне было 18 гадоў і важыў 52 кілаграмы. Быў схуднелы і слабы пасля тыфу, на галаве валасы рэдкія, як у нованароджанага дзіцяці, таму атрымаў катэгорыю D, што на вайсковым жаргоне значыла “do dupy”.

Мяне і некалькі іншых хлопцаў накіравалі ў аддзяленне слабасільных, званае “каранцінным”, на папраўку. Прабылі мы на тым “каранціне” два тыдні. Затым яшчэ раз прайшоў абследаванне і, нарэшце, атрымаў накіраванне ў батальён дарожных сапёраў.

Батальён складаўся толькі з дзвюх ротаў, па чатыры ўзводы ў кожнай роце. Камандзірам яго быў афіцэр у чыне капітана, а ротамі камандавалі – адной паручнік, другой – харунжы.

 Была ў нашым батальёне група ўжо стала веку падафіцэраў: тры сяржанты, восем ротных, столькі ж капралаў безфункцыйных. Я трапіў у аддзяленне  (12 жаўнераў) ротнага (плютановага) Міколы Ляванава, былога начальніка пошты з Новай Вілейкі. Высока інтэлігентная і культурная асоба, проста наш душа-чалавек і ў дадатак – беларус.

Хаця часць, у якую я трапіў, называлася “Батальён дарожных сапёраў”, але з дарогамі нічога агульнага мы не мелі. Скарыстоўвалі сапёраў на розных работах, як разгрузка вагонаў з вугалем або чым-небудзь іншым, рамонт кватэр. Рамантавалі нават дом, у якім жыў з сям’ёй палкоўнік НКВД, галоўны прадстаўнік савецкай улады ў горадзе Гузар.

Сустрэча з Уладзіславам Мачульскім

Аднойчы, маршыруючы па галоўнай вуліцы горада, заўважыў, што па ходніку ідзе добра знаёмы мне валожынец – Уладзіслаў Мачульскі. З яго малодшымі братамі і сястрой хадзілі ў тую самую школу. Я не мог выйсці са строю, таму крыкнуў яму, у якой часці знаходжуся, бо ў Гузары было некалькі большых вайсковых адзінак, а камандуючы гарнізонам быў дыпламаваны палкоўнік Коц.

Праз пару дзён Мачульскі прыйшоў у наш батальён, каб сустрэцца. Мяне ён, вядома, не пазнаў, але як сказаў яму пра сябе, то стаў прыпамінаць, бо нашы сем’і жылі на той самай Касцельнай вуліцы. Сказаў мне, што ў Гузары ёсць яшчэ адзін валожынец – Пётра Мамонька, служыць ардынарцам пры доктару палкоўніку ў Гузарскай вайсковай бальніцы, якая размясцілася ў мячэці. Пазней Мамоньку я сам наведаў. Аказалася, што ведаў майго бацьку.

У тым дарожным сапёрным батальёне болей было беларусаў і яўрэяў, чым палякаў.

Было некалькі і ўкраінцаў. Пасябраваў я з Мечыславам Тэадаровічам,

на два гады старэйшым за мяне,

родам з Палеска-Валынскага павета – з Сарнаў.

Шэфам нашым быў гураль – сяржант Станіслаў Вацняк, добры хлапчына, разумеў наша, не зусім важнае, становішча, і з жаўнерамі абыходзіўся, як “бацька аддзялення”.

Праз пару тыдняў мяне і Тэадаровіча выклікалі ў батальён у Гузарах. Нарэшце абмундзіравалі, атрымалі, лічы, два мундзіры: адзін суконны – выхадны, і другі лёгкі пікавы (драліховы) на заняткі, дзве кашулі на змену, дзве пары ваўняных шкарпэтак, пару добрых чаравікаў, плашч і палярыну на выпадак дажджу (акурат у сакавіку і красавіку ў Сярэдняй Азіі час дажджоў). Да таго ж яшчэ фуражку на галаву, два пледы, рукзак, хлебнік і шмат яшчэ якой драбязы, напрыклад, іголку з ніткамі для цыравання шкарпэтак.

А ў жніўні мы ўжо трымалі кірунак на Алма-Ату і Краснаводск, а адтуль на Іран, Ірак.

Іран, Ірак

14 жніўня ў Краснаводску, адразу пасля снедання, пачалі грузіць войскі на параходы, па 300 чалавек. Плылі мы цэлую ноч і на наступны дзень перад абедам былі ў Іранскім порце Пехлеві. Плывучы на параходзе, я адчуў недамаганне. Нягледзячы на цёплае надвор’е, мяне бралі дрыжыкі. Аказалася, малярыя. Доктар індус адразу паслаў мяне ў малярыйнае аддзяленне амбулаторыі, далі выпіць хініну, смак якога падобны да нашага палыну. 

Пры малярыі адзін дзень тэмпературыш і чалавека трасе, але, прымаючы хінін, праз некалькі дзён той мукі, хвароба праходзіць, толькі губляеш шмат вагі. Пасля хваробы з’яўляецца такі воўчы апетыт, што еў бы без перапынку. На маё шчасце, у Іране яды хапала.

Сусед з Валожына – Мікалай Мядзінскі

Выпадкова і неспадзявана сустрэў тут Мікалая Мядзінскага, свайго суседа з Валожына. Яго сям’я і мы жылі побач на цяперашняй вуліцы Мічурына. У той час гэта была палявая дарожка. Коля Мядзінскі быў за мяне старэйшы на тры гады, але мы добра сябравалі. У пачатку Другой сусветнай вайны быў ён у польскай арміі на фронце, а пасля 17 верасня 1939 года трапіў у савецкі палон і працаваў на шахце жалезнай руды ва Украіне ў Крывым Розе. Зразумела, не маглі нагаварыцца, успамінаючы ўсё дамашняе. Бедны, загінуў пад Монтэ Касіна. Але тады, абодва хворыя, спаткаўшыся так далёка ад радзімы і сваёй сям’і, мы былі бліжэйшыя за родных братоў.

У Іране нам адразу выдалі плату, і першы раз прыстойную. Праўда, не так і многа, але курыльшчыкі куплялі папяросы, а большасць салдат – дыні, кавуны, абрыкосы, апельсіны, вінаград. Тады я ўпершыню ўбачыў гранаты. А яшчэ была магчымасць пакупацца ў Каспійскім моры, у якім вада была цёплая, быццам падагрэтая. Мясцовыя людзі, персы, добра гаварылі па-расейску, таму з мовай складанасцей не ўзнікала. 

З першага дня знаходжання ў Іране мы перайшлі пад камандаванне галоўнай стаўкі Вялікабрытаніі. У Пехлеві ў часці, што прыбывалі з Савецкага Саюза, затрымліваліся не даўжэй за 10-12 дзён і грузавікамі адпраўляліся праз Іран у Ірак. Недзе ў верасні мы прыбылі ў горад Ханакін у Іраку.

Я – “бомбавец”

Аднаго дня было зробленае пастраенне нашай роты і нам прызначылі паручніка Расціслава Кэнпіньскага (узростам недзе каля трыццаткі). Патлумачылі, што трэба выбраць групу жаўнераў і падафіцэраў для спецыяльнага “піратэхнічнага” плютона (узвода). Расціслаў Кэнпіньскі на вока, углядаючыся ўважліва ў кожнага жаўнера, выбраў 27 шараговых, у тым ліку восем падафіцэраў. У кожнага спытаў прозвішча, адкуль родам, якая адукацыя і прафесія. Паведаміў, што выбраныя мы для новастворанага спецыяльнага плютона абясшкоджвання (узвода раззбраення) бомбавых нявыпалаў і калі нехта лічыць, што такая спецыяльнасць яму не падыходзіць, можа адмовіцца.

Праз паўгадзіны мы ўжо ехалі ў мясцовасць Кізыл Рабат, аддаленую ад Ханакіна недзе на 90 кіламетраў. Праз нейкі час і ўсё наша войска апынулася недалёка ад гэтага месца, і мы занялі тэрыторыю пад палаткі плошчай 15-20 квадратных кіламетраў. Нас, “бомбаўцаў”, пачалі інтэнсіўна трэніраваць.

Паручнік Кэнпіньскі знаёміў нас, як раззбройваць бомбы.

Усю навуку ўкладаў у галовы нам вельмі старанна і дакладна.

Каб у пустыні не нудзіцца, займаліся мы таксама спортам, пераважна футболам і валейболам. Палявая друкарня выдала некалькі кніжак: “Трылогія” і “Крыжакі” Сянкевіча, “Прыгажосць жыцця і “Папёлы” Жэромскага, “Эмэнцыпанкі” Пруса. Акрамя таго выдала “Дзённік жаўнера” і тыднёвік “Ожэл Бялы”. Былі таксама дзве “тэатральныя групы”, якія давалі нам відовішчы і канцэрты. Словам, рабілася, што можна, каб жаўнер далёка ад дому, сям’і і бацькаўшчыны мог неяк вытрымаць гэту разлуку і гэты ненармальны побыт. 

На шляху з Ірана да Ірака хлопцы з транспартнай кампаніі купілі ад нейкага персідскага браканьера парачку медзведзянят і назвалі іх Войтэк і Бася. Зразумела, што медзведзяняты хутка выраслі і былі немалой забаўкай для жаўнераў, нават навучылі іх грузіць скрыні з амуніцыяй на грузавікі. Давезлі іх пазней ажно ў Англію, дзе ўрэшце аддалі ў звярынец у Шатландыі. У нашым батальёне нехта з жаўнераў трымаў нават галубоў.

Як мы святкавалі Божае нараджэнне

У Іраку мы адзначылі свята Божага нараджэння і сустрэлі Новы 1943 год. На жаль, ялінак не было, але крыху зеляніны з пальмавых лістоў знайшлося. Алкаголю таксама не было дзе знайсці, але піва было ў нашых вайсковых кантынах (салдацкіх сталоўках).

Кожны полк ці батальён меў свайго капелана, які ў нядзелю адпраўляў набажэнства. Праваслаўныя жаўнеры таксама мелі “палявую капліцу” і ў нядзелю або па іншых праваслаўных святах там збіраліся, але ўжо з усіх часцей і там слухалі малітвы праваслаўнага святара.

У адну такую нядзелю, стоячы ў шарэнзе перад алтаром,

адчуў раптам, што нехта на мяне глядзіць.

Пачаў углядацца ва ўсе бакі і ў пэўны момант нарэшце заўважыў

свайго дзядзьку Дзмітрыя Куніцкага

з вёскі Бурмакі, што пад Валожынам.

Яго маці і мая бабуля былі роднымі сёстрамі з Кібуцяў. Мусілі нецярпліва дачакацца канца набажэнства, каб пагаварыць.

Ён у верасні 1939 года быў у польскай арміі і трапіў у савецкую няволю. Цяпер быў танкістам, і яго аддзел знаходзіўся непадалёк ад майго, каля 1 км, таму ад гэтага часу даволі часта сустракаліся. Але і не толькі з ім. У корпусе было каля 30 валожынцаў, а можа і больш, раскіданых па ўсіх адзінках, то пры выпадку збіраліся на “пагадушкі” пры шклянцы, а то і бутэльцы піва.

Вясна ў Іраку

Надышла вясна з заліўнымі дажджамі, пачала расці трава, і ўся пустыня, дзе кватаравалі, зазелянела, зацвілі чырвоныя макі і іншыя кветкі. Нішто так прыгожа не выглядае, як вясна ў гэтай частцы Ірака. Тутэйшаыя свойская жыўнасць, як коні, вярблюды, козы і авечкі, мелі свой штогадовы “баль”. Але недзе ў сярэдзіне мая ўсё пачыне рудзець і ператварацца ў сухое бадыллё травы, якое разносіць гарачы вецер.

Вучэнні

Летам 1943 года сапёрны батальён правёў водныя вучэнні на рацэ Еўфрат, у мясцовасці Хабанія. Там таксама знаходзілася вялікая лётная база. На тыя вучэнні пасылаліся толькі на адзін раз па адной роце. Будавалі там пантонныя масты.

Еўфрат – вялікая рака, як нашы Нёман або Дзвіна, і мае хуткую плынь, што не аблягчала вучэнняў. Але для чаго чалавек з’яўляецца сапёрам? Вучэнні доўжыліся два тыдні.

Сустрэча з генералам Сікорскім

А ў ліпені мы сустракалі важнага госця. Да нас з інспекцыяй прыехаў прэм’ер польскага ўрада ў Лондане і военачальнік польскіх узброеных сіл генерал Уладзіслаў Сікорскі. У суправаджэнні генерала Андэрса і штаба з парай вышэйшых брытанскіх афіцэраў наведалі палкі і батальёны.

Наша радасць з  візіту Галоўнакамандуючага не была доўгай. Праз некалькі дзён, як гром з яснага неба, прыляцела вестка, што генерал Сікорскі загінуў над Гібралтарам у самалётнай аварыі, вяртаючыся ў Вялікабрытанію.

Вайна з-за гэтага нічым не змянілася, баі працягваліся, і нам трэба было рыхтавацца да апошняй пераможнай бітвы ў Еўропе. Час ўжо настаў. Нас ужо добра падрыхтавалі, навучылі, узброілі. Тым больш, што немцаў выгналі ўжо з Паўночнай Афрыкі, і Сіцылія таксама ўжо была ў руках Альянтаў.

Палесціна

У жніўні мы пачалі пакідаць Ірак і кіравацца праз Іарданію ў Палесціну. Палесціна тады была зусім іншым краем, чым рэшта арабскіх тэрыторый, асабліва паселішчы, заселеныя еўрапейскімі яўрэямі. Сярод іх былі яўрэі з Польшчы, Чэхіі, з Беларусі і Венгрыі, а таксама з дарэвалюцыйнай Расеі. Лёгка было дамовіцца і нешта набыць або купіць.

Польскія яўрэі складалі даволі вялікі працэнт нашых перасяленцаў у Палесціне. Друкавалі прэсу на польскай мове, займелі і глядзелі ўсе польскія фільмы. Таму жаўнеры хадзілі ў мясцовыя кінатэатры на паказы польскіх філ

Пасля таго, як мы пачалі друкаваць успаміны спадара Мікалая, у рэдакцыю прыйшло ад яго пісьмо, у якім ён дзякуе рэдактару, калектыву “РГ” за тое, што друкуем яго ўспаміны. Цяпер Мікалай Аляксандравіч жыве ў ЗША, у штаце Масачусетс. Ён добра адчувае сябе і нядрэнна выглядае на свае 89 гадоў. Сёлета 19 снежня яму споўніцца 90 гадоў. Вось тэкст пісьма:

“Паважаны спадар рэдактар Аляксандр Манцэвіч!

Я, Мікалай Махнач (валожынец), спяшу падзякаваць Вам за ліст, пісаны 11 лютага, які я атрымаў разам з пакункам-гасцінцам 25 лютага.

Я гэтай перасылкай вельмі ўсцешаны, за што вялікая падзяка  і ўдзячнасць. Жывучы столькі гадоў на чужыне, кожная вестачка з Бацькаўшчыны – вельмі дарагая.

Шчыра вам дзякую, што ваша рэдакцыя зацікавілася маімі ўспамінамі і пачала друкаваць у вашай, маю надзею, вельмі пачытнай “Рэгіянальнай газеце”.

Пры нагодзе дадам, што ў гэтых маіх успамінах няма абсалютна нічога выдуманага, хутчэй некаторыя шчагулы я абмінуў.

З сардэчным для вас віншаваннем і ўсім супрацоўнікам вашай газеты і жадаю развою у вашай, такой важнай працы.

З глыбокай павагай і пашанай – Мікалай Ал. Махнач”.

Спадар Мікалай даслаў нам сваё сучаснае фота.

 

Аднойчы падчас наведвання кінатэатра я ў кіно спаткаў двух валожынцаў – Казіміра Яворскага, які жыў на Зялёным пляцы, і былога паліцыянта з Валожына з прозвішчам Залепа. Зразумела, яны мяне не пазналі, але я іх пазнаў, падышоў паразмаўляць, напамінаючы ім, адкуль ведаю. Падобных выпадкаў было шмат.

Наш узвод (плютон) размясцілі ў партовым месцы Хайфа. Тут заўсёды існавала небяспека, што нямецкія самалёты, якія знаходзіліся ў акупаванай Грэцыі, маглі нас закідаць бомбамі. Таму на ўсякі выпадак размясцілі два плютоны па раззбраенні бомбаў – польскі і індыйскі.

Жылі побач з індусамі, якія былі досыць высокія, барадатыя і з вялікімі турбанамі на галовах з племені сікхаў. І хоць адны другіх не разумелі, але гулялі разам у футбол, валейбол.

Хвароба звяла з валожынцам

У Хайфе захварэў шосты і ўжо апошні раз на малярыю. Завезлі мяне ў адзін з польскіх шпіталяў, дзе праляжаў 10 дзён. Праз пару дзён прывезлі і паклалі побач са мной маладога жаўнера, хворага на трапічную малярыю, якая была больш небяспечная за маю. Ён быў без прытомнасці некалькі дзён, і сястрычка ад яго не адыходзіла.

Калі прыйшоў да сябе, пачалі размаўляць. Даведаўся, што жыў з сям’ёй у Валожынскім павеце ў Івянцы. Бацька яго быў капітанам у івянецкім батальёне Корпусу аховы пагранічча. Бацьку саветы арыштавалі, а яго з маткай вывезлі ў Казахстан. Пра бацьку яшчэ нічога не ведаў, бо каб быў у генерала Андэрса, то да гэтага часу яго знайшоў бы.

Падчас знаходжання ў Палесціне арганізоўваліся экскурсіі да святых месцаў, як Ерусалім, Бэтляем, Назарэт, наведалі Мёртвае мора, іншыя гістарычныя месцы. Гэтыя паездкі былі надзвычай цікавыя і павучальныя, і духоўна мацавалі нас.

Ліван

Калі пасля хваробы цягніком вярнуўся ў Хайфу, то якраз брытанцы нас, “бамбоўцаў”, накіроўвалі ў сталіцу Лівана, Бейрут, які таксама мог быць бамбардзіраваны нямецкай авіяцыяй з Грэцыі. Да налётаў не дайшло, затое мелі найпрыемнейшае месца пастою на Блізкім Усходзе.

Размясцілі нас на віле былога прэзідэнта горада Бейрута. Занялі партэр, аўдавелая гаспадыня жыла на другім паверсе. У двары быў невялікі басейн з фантанам і залатымі рыбкамі. Магістрат Бейрута выдаў загад, каб з жаўнераў, без розніцы нацыянальнасці, не браць плату за праезд на трамваі. Таму калі дазваляў час, ездзілі. У Ліване прабылі мы каля пяці тыдняў і вярнуліся назад у Палесціну.

Падчас знаходжання ў Палесціне ўзнікла вось якая сітуацыя з жаўнерамі яўрэйскага паходжання. Было іх у войску больш за 4000. Пазнаходзілі ў Палесціне сваіх “крэўных і знаёмых” і папрасілі камандзіраў, каб можна было іх адведаць з пропускам. Як паехалі, так і не вярнуліся, папросту дэзерціравалі. Дэзерціравала нешта 2/3 яўрэйскіх жаўнераў.

Спачатку польская жандармерыя ў супрацоўніцтве з брытанскай

спрабавала іх знайсці, але палесцінскія яўрэі іх добра хавалі, таму мала каго злавілі.

Пазнейшы прэм’ер Ізраіля Менахім Бегін

быў адным з тых, хто “наведаў сваіх крэўных”.

Пасля была Італія, затым Англія. Але перад тым, як паехаць у Англію, недзе ў сакавіку ці красавіку 1946 года, адбылося наступнае.

Вяртанне

Каля 700 салдат Другога корпусу заявілі пра сваё жаданне вярнуцца ў Польшчу. Зразумела, што камандаванне на чале з генералам Андэрсам не мела ні намеру, ні патрэбы, каб забараніць ім вяртацца. Хочуць вяртацца ў родны край да сваіх сем’яў – хай вяртаюцца, нават са зброяй, а мы мелі карабіны МК-4 канадскай вытворчасці.

Быў падрыхтаваны чыгуначны транспарт, які паехаў праз Паўночную Італію, Аўстрыю і Чэхаславакію ды пэўнага дня даехаў да чэшска-польскай мяжы. На граніцы салдатаў сустрэлі з вялікай помпай. А як: духавы аркестр, дзяўчаты ў нацыянальных строях, з кветкамі і пацалункамі.

З кнігі «Доўгая дарога да свабоды».

Тых, хто прыехаў, часова пасялілі ў нейкім там лагеры. На другі дзень загадалі ім аддаць зброю, маўляў, таму што ў Польшчы ўсё адно няма адпаведных патронаў. А на трэці дзень вакол лагера паставілі ахову, і пачаліся допыты і арышты. 

І як жа я і мае калегі, што засталіся ў Італіі, пра гэта даведаліся? Дык вось падчас той неразбярыхі чалавек з 20 уцяклі і пасля цяжкіх выпрабаванняў вярнуліся ў Італію. Яны прыйшлі ў штаб корпуса і ўсё расказалі. Так яны збілі ахвоту тым, хто яшчэ хацеў вяртацца.

Англія

Напрыканцы 1946 і пачатку 1947 года ў Вялікабрытаніі было больш за 200 тысяч польскіх салдат: лётчыкаў, маракоў ды іншых спецыяльных груп. Польскія Узброеныя Сілы былі трэцяй пасля амерыканцаў і брытанцаў найвялікшай арміяй на Захадзе.

Мы, “бомбаўцы”, мелі нашытыя на левым рукаве ніжэй за локаць спецыяльныя знакі нашай “піратэхнічнай спецыяльнасці”. Гэтыя знакі брытанцам былі добра вядомыя, а таму мы хутка адчулі іх пахвалу і прызнанне. Нас называлі “спраўнымі польскімі хлопцамі” і дзякавалі за паслугу, часта частавалі цыгаркамі, алеем, півам. Нашы кантакты стрымліваліся толькі тым, што мы не ведалі англійскай мовы.

Англічане ўжо ведалі, што большасць польскіх салдат не хоча вяртацца на бацькаўшчыну, таму што камуністы захапілі там уладу, і людзі знаходзяцца пад ціскам і наглядам Савецкага Саюза з ягоным любімым правадыром Сталінам.

Тут за нашу небяспечную і цяжкую працу падвысілі порцыю харчу, хаця амаль восем гадоў брытанцы жылі па картачнай сістэме харчавання і сваіх, і чужых. І што асабліва ўразіла, дык гэта тое, што картачная сістэма была для ўсіх аднолькавая, ці то гэта містэр Сміт, Браўн альбо сэр Лістэр ці нехта іншы.

У Англіі наш узвод займаўся абясшкоджваннем бомбаў, якія не ўзарваліся. Мы шукалі і выкопвалі бомбы, якія важылі пераважна па 250 кілаграмаў. Былі і па 50, а адна ўвогуле была 500 кілаграмаў. Некаторыя з іх праляжалі ў зямлі па два-тры і больш гадоў. Каб іх дастаць, трэба было мець адпаведныя веды і спрыт.

Мы пачыналі звычайна капаць “шахту”. Часта зямля абсоўвалася, то трэба было абшалёўваць сцены раскопу. Таксама ў некаторыя шурфы падцякала вада, тады мы выкарыстоўвалі бензінавыя помпы. Некаторыя з бомбаў вельмі глыбока ўвайшлі ў зямлю – аж да шасці-сямі метраў углыб.

Князь Чартарыйскі

У Англіі надарыўся адзін цікавы выпадак. Быў у адным з батальёнаў сапраўдны нашчадак польскага арыстакратычнага роду князь Чартарыйскі. Ён меў званне ўзводны падхарунжы, ведаў чатыры ці пяць моў, меў дзесьці ў Францыі маёмасць і менавіта туды пасля звальнення з войска збіраўся паехаць. Быў несумненна адукаваным ягамосцем, але фізічнага выгляду не найлепшага. Сам ён усведамляў сваю сітуацыю і не ўтойваў, што прычынай таму былі шлюбныя сувязі паміж блізкімі родзічамі 

Ліст ад маці з Валожына

Будучы ў Англіі, аж у 1947 годзе, я нарэшце атрымаў ліст з Валожына ад мамы. Я ёй пісаў і раней, але адказу не атрымаў ні разу. Тады я напісаў свайму дзядзьку Юрыю Грышчыку. Дзядзька ўжо не жыў, але дзядзіна, як толькі атрымала і прачытала ліст, занесла маёй маме. Радасць у доме была вялікая, таму што з нашай даволі вялікай радні думалі, што я загінуў. Не маглі ўцяміць, як я з Карэліі трапіў ажно ў Англію.

Дрыготкімі рукамі я раскрыў канверт і пачаў уважліва чытаць. Мама пісала па-расейску.

Яна па-ранейшаму жыла ў нашым дамку на вуліцы Ліпавай, 11,

што за польскім часам называлася Легіёнавай.

Сястра Валя вучылася ў Мінску на настаўніцу.

Іншыя блізкія родзічы таксама ацалелі

і ім добра жывецца на Радзіме, якой кіруе шчыра любімы вялікі і геніяльны Сталін.

Я прыкмеціў, што не запрашаюць мяне вярнуцца дадому. Адразу ўцяміў, што яны мяне нібы перасцерагалі – сядзі там, дзе жывеш, і дадому не спяшайся. З таго часу я пачаў хоць і не часта, але рэгулярна перапісвацца з сям’ёй.

Ліквідацыя польскіх Узброеных Сіл

Тым часам урад Яго Каралеўскай Мосці вырашыў ліквідаваць польскія Узброеныя Сілы. Англічане пастанавілі перш, што Узброеныя Сілы будуць замененыя на так званы польскі корпус падрыхтоўкі і дыслакацыі. Было нас у страі яшчэ каля 200 тысяч вайскоўцаў. Недзе 15-17 працэнтаў звярнуліся з просьбай вярнуцца ў Польшчу. І як я толькі цяпер, гэта значыць у 2010 годзе, даведаўся з брашуры Барыса Бароўскага, што ў Беларусь вярнуліся аж 888 вайскоўцаў. Я проста дзіву даваўся, што столькі наіўных хлопцаў было. Няўжо яны думалі, што “драпежны леапард” ужо без кіпцюроў? Апраўдваю толькі тых, хто меў малых дзяцей.

Пачаліся ладзіцца курсы, каб падрыхтаваць нас да цывільнага жыцця. І ўжо ўсім стала вядома, што да канца 1947 года Польскае войска, напэўна, будзе расфарміраванае. Салдаты пачалі нервавацца, бо ніхто ж не ведаў, як у гэтай сітуацыі наладзіцца будучае жыццё.

А яшчэ шэф нашага плютона (узвода) Станіслаў Стукін, сяржант родам з Вілейкі, загадаў нам падрыхтавацца да яшчэ аднаго пераезду. Як неўзабаве высветлілася, ужо апошняга для нас.

Неяк перад гэтым аднойчы заехаў на панадворак нашай рэзідэнцыі вельмі элегантны, зіхоткі ад хрому, з адкінутым верхам аўтамабіль. З яго вылез  мужчына, апрануты ў гарнітур і пад гальштукам, ды на класічнай ангельшчыне звярнуўся да нашага дзяжурнага афіцэра, што хацеў бы сустрэцца з нашым камандзірам капітанам Кэмпіньскім.
Дзяжурны адразу ж далажыў капітану. Назваўшы сябе і прывітаўшыся, англічанін, а гэта быў містэр Гудсан, уладальнік бетоннага завода ў горадзе Ньюпарт, сказаў, што гатовы прыняць на працу 12-15 хлопцаў. Бо ён чуў, што англійскія ўлады распускаюць Польскае войска і звяртаюцца да кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, каб прымалі на працу польскіх хлопцаў.

Праз нейкія месяцы тры дзесяць чалавек, у тым ліку і я, прынялі прапанову містэра Гудсана.

Пераезд

Мы прыехалі ў вялікі ваенны лагер, што называўся Фокслей Камп і знаходзіўся недалёка ад горада Герфард у Сярэдняй Англіі. Знаходзілася ў гэтым лагеры некалькі тысяч салдат. І амаль па прыездзе я сутыкнуўся “лоб у лоб” з былым вучнем валожынскай паўшэхнай школы Аляксандрам Карузіным, сынам валожынскага суддзі. Я яго добра памятаў, хоць ён і вучыўся двума класамі вышэй за мяне. Мы нейкі час сустракаліся, але дэмабілізацыя неўзабаве раздзяліла нас, і я не ведаю яго далейшага шляху.
Нас пачалі выклікаць па некалькі чалавек у спецыяльныя дэмабілізацыйныя пункты, рабілі нам новыя дакументы, а мы падпісвалі абяцанне нашай лаяльнасці да ўладаў Яго Каралеўскай Мосці.

Пасля падпісання гэтых дакументаў ды атрымання копіі ў рукі нам кожнаму выдалі паштовую ашчадную кніжку. У яе на маё прозвішча была ўпісаная сума трохтыднёвага заробку – 21 фунт стэрлінгаў. А яшчэ са склада дазволілі выбраць цывільны гарнітур ды сарочку, гальштук, капялюш – як прыданае ў цывільнае жыццё.

Як на мой розум, то брытанцы абышліся з намі прыстойна і справядліва, калі браць пад увагу абставіны, у якіх апынулася тады наша войска. Тыя, хто ўсё ж рашыўся вярнуцца ў Польшчу або савецкую Беларусь, атрымоўвалі на дарогу больш грошай, але ці маглі імі скарыстацца – невядома.

Я і дзевяць маіх сяброў, развітаўшыся з камандзірамі 10-га ўзвода абясшкоджвання бомбаў, калегамі, паехалі зноў у Ньюпарт у Паўднёвым Уэльсе працаваць на бетонным заводзе.

На карце намаляваны шлях, які давялося прайсці Мікалаю Махначу.

Праца ў Англіі

На прадпрыемстве ў містэра Гудсана выраблялі пліты для тратуара, вулічныя бардзюры, жалезабетонныя слупы для агароджы палёў, лугоў і г.д. А яшчэ выраблялі нешта падобнае да нашых пустакоў і з гэтых блокаў складвалі сцены мураваных дамоў.

Працу мы пачыналі а 8 гадзіне раніцы, а ў 9.15 мелі кароткі перапынак, каб выпіць кубачак чаю або кавы ды што-небудзь згрызці. Ад 12.00 да 13.00 быў перапынак на абед ды а пятай гадзіне – канец працоўнага дня.

Нам вельмі падабалася сістэма выплаты заробку штотыднёва.

Звычайна атрымоўвалі грошы ў пятніцу.

А чалавеку значна лягчэй размеркаваць выдаткі ад пятніцы да пятніцы,

чым ад першага дня месяца да наступнага.

І такім чынам, таксама штотыднёва, адкладвалася што-небудзь на ашчадную кніжку, якую англічане выдалі падчас дэмабілізацыі.
Паступова мы прызвычаіліся да нашай новай рэчаіснасці. Ангельская мова і надалей заставалася нашым клопатам. Але жыццё і праца поруч з ангельцамі спрыяла вывучэнню. Штодня запаміналася хоць некалькі слоў. Мы нібы і пачалі гаварыць, але думалі на сваёй мове. Але калі чалавек думае і гаворыць на той мове, якую вучыць, то толькі тады ўжо можна сказаць, што крыху яе ведае.

Тым часам я пачаў рэгулярна абменьвацца лістамі з сястрой Валяй, якая ўжо працавала настаўніцай у вёсцы Сугвазды. Мы абое ведалі, што лісты будзе праглядаць цэнзура, то абменьваліся навінамі і поглядамі вельмі асцярожна, навучыліся штосьці напісаць, як кажуць, паміж радкамі.

Адзін з маіх стрыечных братоў асмеліўся мне напісаць, то яго выклікалі ў НКВД. Добра, што не пасадзілі. І ён перастаў мне пісаць.

Я пачаў думаць, каб неяк маме і сястры дапамагчы, выслаць пасылку з адзеннем ці нейкія лекі. Неўзабаве ў Лондане ўзнікла фірма, якая пачала перасылаць пасылкі ва Усходні бок. Савецкія ўлады налічвалі мыта амаль столькі ж, колькі вартая была ўся пасылка. Пры маіх заробках я не мог, вядома, дазволіць сабе пасылаць пасылкі часта, але хоць адну на год атрымлівалася адправіць.

Знаёмства з будучай жонкай

У мяне быў сябар Ясь Конік. Неяк ён пазнаёміўся з польскай паненкай, якая калісьці была вывезеная ў Германію на прымусовыя работы, а пасля заканчэння вайны прыехала ў Англію і працавала на баваўнянай фабрыцы. Праз год пасля знаёмства вырашылі яны ўзяць шлюб. Было гэта ў апошні дзень 1948 года. Мяне Ян папрасіў быць ягоным шаферам.

Нявеста прывезла з сабой дружку, таксама польку. Тая жыла ў тым жа горадзе, дзе і нявеста, ды разам з ёй працавала ў прадзільным цэху. Яны і жылі разам ды мелі адно і тое ж імя – Марыя. Так надарылася аказія і мне пазнаёміцца з зямлячкай.

Марыя была прыгожай дзяўчынай, на тры гады за мяне маладзейшая, і таксама пасля вайны не вярнулася ў Польшчу. А так як не мела там нікога з блізкай радні, то і паехала ў Англію на працу. З ёй мы два гады сябравалі, а пасля вырашылі звязаць свае лёсы. 18 сакавіка 1950 года мы пабраліся шлюбам.

Яшчэ раней я зарэгістраваўся ў амерыканскім кансуляце як прэтэндэнт  на эміграцыю ў Злучаныя Штаты. А як нас звальнялі з войска, англійскі ўрад абяцаў нам, калі хто-небудзь з нас цягам наступных пяці гадоў знойдзе сабе край, куды захоча эміграваць, брытанскае Міністэрства працы сплаціць нам кошт праезду. Праз паўтара года пасля шлюбу я атрымаў паведамленне ад амерыканскага консула, што нам выдаюць візы на ўезд у Злучаныя Штаты.

Злучаныя Штаты Амерыкі

Мы прадалі, што можна было прадаць, а астатнія рэчы запакавалі ў тры чамаданы ды з сотняй фунтаў стэрлінгаў, на ізраільскім пасажырскім самалёце, прыляцелі на амерыканскі кантынент, у Нюарк у штаце Ню-Джэрсі. Пералёт працягваўся 18 гадзін. Гэта было 18 лістапада 1952 года.

Прызямліўшыся ў аэрапорце, адразу паўстала пытанне: “Што нас чакае на “зямлі Вашынгтона?”  Яшчэ раней, у Англіі, мы перапісваліся з сям’ёй, з Зосяй і Тадэвушам Віткоўскімі, якія ўжо пераехалі і ўладкаваліся ў Амерыцы ў маі 1952 года. Абое яны ўжо працавалі, мелі кватэру і пісалі нам, каб, калі прыедуць у Штаты, то накіраваліся да іх, бо яны дапамогуць зрабіць першыя крокі на амерыканскай зямлі.

Мы так і зрабілі. Яны жылі ў горадзе Worcester (чыт. Вустэр) у штаце Масачусетс, наймалі кватэру ў трохпакаёвым драўляным доме.

А праз два дні ў Злучаных Штатах адзначалася свята “Дзень падзякі” (штосьці падобнае да нашых дажынак), яно прыпадае на трэці чацвер лістапада. Гэта сямейнае свята. Усе члены сям’і збіраюцца да бацькоў (прыязджаюць часам здалёк) на традыцыйны абед, на якім амаль заўсёды падаюць печанага індыка з рознымі дадаткамі. У традыцыю ўвайшло і адорванне сваіх работнікаў заводамі і прадпрыемствамі марожанымі індыкамі за пару дзён перад святам.

Для нас кожны наступны год дзень гэтага свята быў памятным,

як гадавіна нашага прыезду ў Злучаныя Штаты.

Зося дапамагла маёй жонцы ўладкавацца да сябе на працу – на фабрыку, дзе выраблялі матэрыю на тонкія світары, кашулі, іншае адзенне. А я пайшоў у гарадскі аддзел працы. Прадстаўнік яго мяне цёпла прывітаў, распытаў, што я ўмею, дзе ўжо працаваў, спытаў пра нацыянальнасць. А калі даведаўся, што я былы жаўнер польскай арміі на Захадзе, а маё месца нараджэння ў Савецкай Расіі, тады сказаў, што ўсё добра разумее. Ён знайшоў мне працу ў ліцейцы, дзе выраблялі і адлівалі ўсё абсталяванне для папяровых фабрык. Напачатку стаўка была 1,05 даляра за гадзіну працы. Гэта было 1 снежня 1952 года.

Праз паўтара года я знайшоў працу на кілбаснай фабрыцы, дзе лепш плацілі і было чысцей. Тут часта надараліся звышурочныя гадзіны, за якія плацілі 150%.  Змянілі і жыллё – знайшлі трохпакаёвую кватэру з ваннай у пажылых людзей Сямашкаў, якія прыбылі ў Амерыку перад Першай сусветнай вайной з Ашмянскага павета. Накуплялі мы і адзення, і мэблі.

Знаёмства з эміграцыяй

Як і ўсе новапрыбылыя, пачалі знаёміцца са старэйшай эміграцыяй. Яны мелі ўжо тут паважны заробак. Пабудавалі касцёлы са школамі, у якіх дзяцей вучылі на мове бацькоў: па-польску, літоўску, шведску і іншых. Былі арганізаваныя нацыянальныя таварыствы і клубы. Было таксама Таварыства ветэранаў польскай арміі ў Амерыцы. У большасці гэта былі жаўнеры з Першай сусветнай.

Яны прапанавалі нам, жаўнерам Другой сусветнай, далучыцца, павялічыўшы такім чынам арганізацыю ветэранаў (а было нас ужо ў гэтым горадзе каля 100 чалавек). Цяпер мы бралі ўдзел як у агульнаамерыканскіх, так і ў польскіх урачыстасцях. Наладжваліся сяброўскія танцы, сходкі і штогоднія з’езды ветэранскіх акруг. Кола знаёмых пашыралася. Мая другая Айчына аказалася для нас, уцекачоў, шчодрай і сапраўды вольнай.

 Пасля чатырох гадоў знаходжання ў Амерыцы, у 1956 годзе, працуючы і патроху ашчаджаючы,

мы купілі новую машыну фірмы “Форд”. Цана яе на той час была 2220 даляраў.

Зразумела, машыну ўзялі ў крэдыт на паўтара года, унёсшы 500 даляраў задатку.

Працаваў я па 10 гадзін у дзень, 45 гадзін на тыдзень. А плацілі за 47,5 гадзіны. Зарплата, пасля вылічэння падатку, складала каля 100 даляраў за тыдзень, жонка зарабляла каля 60-і за тыдзень. І, шчыра сказаць, мы не лічылі сябе прыгнечанымі капіталістамі, бо наша цяжкая праца прыстойна аплачвалася. Мы былі прыгожа апранутыя і добра харчаваліся. У вольны час хадзілі ў кіно, у суботу – часта на патанцулькі, а летам ездзілі на атлантычныя пляжы, каб пакупацца і пагушкацца на марскіх хвалях.

Грамадзянства

Пасля 5-гадовага знаходжання ў Штатах падалі заяву на грамадзянства. Пасля была асабістая сустрэча з прадстаўніком дзяржавы, які распытваў у нас трохі пра гісторыю Штатаў, характар улады, пра галіны заканадаўчыя, выканаўчыя, судовыя. Праз пару тыдняў усе, хто хацеў атрымаць грамадзянства, сабраліся ў вялікай зале, выслухалі выступленне пра абавязкі грамадзян на вернасць краіне.

Праз які тыдзень часу кожны з нас атрымаў паперы грамадзяніна. Пры той аказіі я змяніў сваё імя Мікалай на англійскае Nicholas (Нікалас).

Амерыканскае грамадзянства спатрэбілася жонцы і мне, бо ў ліпені 1960 года мы вырашылі паехаць у Польшчу, дзе рэжым камуністаў дапусціў нейкую трохі “адлігу” і дазволіў эмігрантам адведаць сваю сям’ю і радню. Я перапісваўся з нашымі суседзямі з Валожына, якія пераехалі з Беларусі ў Бранева ў былой Прусіі і загадзя папрасіў іх, каб выклікалі да сябе ў госці маю маму, і такім чынам спаткацца з ёй у іх.

Спатканне з маці

Спаткаліся мы і правялі 15 дзён разам пасля 19-гадовай разлукі… Гэта былі для мамы і для нас мілыя і радасныя хвіліны. Пакінуў хату 17-гадовым падлеткам, а сустрэўся 38-гадовым і жанатым мужчынам. Вядома ж, шмат чаго даведаліся з мінулых ваенных гадоў.

Пасля вяртання ў Валожын мама сказала сястры Валі і сваім братам і сёстрам, што ўжо цяпер можа спакойна памерці, бо ўбачыла сына і нявестку. Але матуля яшчэ жыла пасля нашага спаткання 10 гадоў і памерла ў сакавіку 1970-га, пражыўшы 77 гадоў.

Свой дом

У 1962 годзе вясной мы пачалі шукаць сабе дамок і знайшлі. Дом у мясцовасці, званай Лестэр, быў не такі вялікі, але меў чатыры пакоі і лазеньку, дзве спальні, вялікі пакой “франтовы”, як тут у Амерыцы называюць, для адпачынку з канапай, крэслам і тэлевізарам, і даволі вялікую кухню, дзе была печка для гатавання, шафкі для начыння, стол з чатырма крэсламі. Пад домам знаходзіўся падвал, дзе была нафтавая печка, якой зімой абаграваўся дом, месца для мыцця і вялікі зліў. Цана за дом і гараж побач з домам была 12 тысяч даляраў.

Каб разлічыцца з домам, мы паехалі ў банк, дзе мелі ашчадны рахунак, каб зрабіць дамову на пазыку 11 тысяч даляраў. У такім разе банк высылае свайго спецыяліста па нерухомасці для агляду дома і пасля інспекцыі паведамляе пакупнікам, колькі можа пазычыць, на колькі гадоў выплаты і на які працэнт.

Звычайна банкі патрабуюць, каб пакупнік меў 5 або 7% уласных грошай на задатак.

Мы мелі 1000 даляраў уласных грошай, пазычылі 11 тысяч на 15 гадоў выплаты пад 4,75 працэнта.

Уся працэдура куплі працягвалася адзін месяц.

Не прайшло і двух месяцаў, як мы сталі гаспадарамі ўласнага дома. Праўда, толькі намінальна, бо дом хутчэй быў уласнасцю банка, які даў нам пазыку. Банк таксама раз на год інспектаваў усю ўласнасць, каб даведацца, як уладальнік абыходзіцца з жыллём.  

Мы мелі нават тэлефон, які пачаў уваходзіць у моду. Пазнаёміліся з новымі суседзямі і пасябравалі.

Спаборніцтвы парашутыстаў

У 1964 годзе ў нашым штаце летам былі арганізаваныя Міжнародныя спаборніцтвы парашутыстаў. Было прадстаўлена каля 30 краін. У іх ліку былі і расейцы (вельмі шматлікая каманда), палякі, балгары, венгры, румыны.

Я з жонкай, мой калега з дачкой таксама паехалі паглядзець на парашутыстаў. Сярод гледачоў знаходзіліся і ўдзельнікі спаборніцтва. Паміж сабранымі круціліся гандляры марозівам. Адзін з іх прыпыніўся каля расейцаў, і тады я пачуў, як нехта звярнуўся да некага з пытаннем, ці не мае ён дробных грошай, каб купіць марозіва. Той адказаў, што не мае. Пачуўшы такое, я падышоў да гандляра і кажу яму, каб кожнаму з расейцаў даў марозіва, за якое яму заплачу. Так той і зрабіў, трохі ўразіўшы расейцаў. Марозіва прынялі і адзін з іх кажа: “Большае вам спасибо за угощение”. Я па-расейску адказаў: “Пожалуйста, мне приятно было это сделать”. Здзівіла гэта іх, што ведаю мову, і адзін запытаўся, дзе я навучыўся расейскай.

Сказаў ім тады, што з’яўляюся польскім ураджэнцам з Заходняй Беларусі і пасля т.зв. “вызвалення” хадзіў у расейскую школу, потым трапіў на ”прынудзілаўку” ў Карэлію, а пасля нападу немцаў на Савецкі Саюз уступіў у армію генерала Андэрса і ў шэрагах гэтай арміі “па закону” пакінуў Савецкі Саюз у 1942 годзе. На што той адказаў адразу: “Ну да вы удрали, вы не хотели с нами воевать с немцами”.

Не столькі мяне гэта здзівіла, колькі раззлавала.

Стрымліваючы гнеў, кажу яму:

“То можа вы мне скажаце, як мы гэты цуд зрабілі? Як польская армія, якая налічвала

75 тысяч жаўнераў і 35 тысяч сем’яў тых жаўнераў,

размешчаная ў шасці ці сямі гарнізонах Узбекскай ССР,

без зброі, абсалютна без транспарту,

без ніякіх сродкаў забеспячэння і харчу, магла “удрать” у Іран,

аддалены ад Узбекістана недзе на 700 кіламетраў?

Праўда ў тым, кажу таму “бальшавіку”, што вяліся перамовы савецкага ўрада з аднаго боку і польскім і ангельскім урадамі з другога боку і нарэшце нас эвакуявалі праз Іран у Ірак, дзе нас узброілі навейшай зброяй і выцвічылі. І калі апынуліся ў Італіі і далучыліся да 8-й брытанскай арміі і 5-й амерыканскай, мы былі адной з найлепшых адзінак на італьянскім фронце.

Адзінае, што той бальшавік сказаў: “Мы вам не довярали и поэтому вас выпустили”. Пад канец размовы запрасіў чатырох з іх (колькі мог пасадзіць у машыну) на ахвотніка да сябе ў госці. Кажу ім, што зробяць мне з жонкай прыемнасць і гонар пабыць у нашым горадзе”. Што жыву недалёка, што іх завязу да сябе, каб паглядзелі, як рабочы клас жыве ў Амерыцы, і прывязу назад.

Майго запрашэння яны не прынялі, адгаварыліся недахопам часу, але за запрашэнне падзякавалі. Запытаўся толькі ў майго субяседніка, як яго імя, той сказаў, што Алег.
Праз тыдзень зноў паехалі паглядзець на паветраных акрабатаў. Купіў і прыгожа упакаваў  невялічкі падаруначак для Алега і некалькі кавуноў. Але Алега не знайшоў, сказалі, што ён дрэнна сябе адчувае і застаўся ў кватэры.

Толькі зусім не здзівіўся б, калі б Алег трапіў у няласку да якога-небудзь “стража-палітрука” за правакацыйную размову з “изменником”.

Будуем дом

У 1964 годзе ў нас паўстала праблема, як дабірацца на працу. Спаткаўшы калегу-ветэрана, які жыў з сям’ёй ва ўласным доме, расказаў яму пра гэта. А ён і кажа, што каля яго маецца на продаж дзялка зямлі пад дом. Прыедзь да нас з жонкай, паглядзі.

Прыехалі, зайшлі да ўласніка. Участак выглядаў прывабна, 16 сотак. Цана была 1100 даляраў. Як на тыя часы, не завышаная. На ўчастку раслі асіны, клёны, дзікія вішні і кусты.

Вырашылі купіць гэты ўчастак і на ім пабудаваць дом, а той, у якім жылі тры гады, прадаць. Наш банк пагадзіўся і выдаў нам новую пазыку на 16 тысяч даляраў на 15 гадоў. Зрабілі дамову з будаўнічай фірмай, і будаўніцтва пачалося ў жніўні 1966 года.

Будоўля ішла даволі хутка, і на свята Божага нараджэння ў 1966 годзе цалкам ўсяліліся ў новы дом, які меў пяць пакояў з лазенькай, падвалам і гаражом пад усім домам. Усё будаўніцтва з зямлёй каштавала  18500 даляраў, і жылі мы ў ім 23 гады.

Вясной мы купілі некалькі тон зямлі, якую тачкай развёз, пасля разраўняў і засеяў тэрыторыю травой. Пасадзіў на ўчастку дзве срэбныя ялінкі, рабіну і ліпку, а таксама жываплот уздоўж вуліцы. У куце ўчастка ўскапаў 4х5 м зямлі пад гародзік, а каля дому – пад кветнік.

Госця з Англіі – дачка Колі Белановіча

У 1967 годзе мелі мы госцю з Англіі. Была гэта дачка валожынца Мікалая Белановіча з Касцельнай вуліцы, якая толькі што скончыла школу. Ён і я зналіся з дзяцінства, хадзілі ў тую самую школу, ён на тры гады быў за мяне старэйшы. Яго бацька і мой служылі ў царскай арміі падчас Першай сусветнай вайны.

Пасля “вызвалення” нас саветамі Мікалай быў арыштаваны, сядзеў у валожынскай турме ў падвале аднаго з Тышкевіцкіх палацаў, быў асуджаны і высланы ажно на Кольскі паўвостраў ў лагер. Пасля нападу немцаў на Савецкі Саюз быў амніставаны і, як я, уступіў у польскую армію.

Удалося нам сустрэцца толькі ў Італіі ля Адрыятыкі. Ад таго часу былі ў кантакце ўсе наступныя гады. У Англіі Коля Белановіч ажаніўся з ангелькай (быў на ягоным вяселлі) і хутка стаў татам, у яго сям’і нарадзілася дачушка Альжбета. Вось яе і запрасілі да нас, каб правесці месяц канікулаў у Злучаных Штатах. Ёй было акурат 18 гадоў. Дзяўчына ніколі гэтага знаходжання ў Амерыцы не забыла. Усе наступныя гады перапісвалася з намі.

Мой прыяцель Мікалай Белановіч, калі пішу гэтыя словы (лістапад 2010 года) менавіта скончыў круглыя 90 гадоў і з’яўляецца гордым беларусам, бацькам, дзядулем і прадзядулем.

Запрашэнне ў госці

Так як у Штатах жылося ў дастатку, то не забывалі пра нашых родных, маіх – у Беларусі і жонкі – у Польшчы. У Польшчу значна лягчэй было нешта паслаць, чым у Савецкі Саюз. Жонка высылала свайму брату, нават далейшым крэўным пасылкі з вопраткай, абуткам, часам лекамі і нават грошы. А саветы вымагалі, каб усё было новае, застрахаванае і заплачанае мыта такое, як і кошт пасылкі. Калі рэчаў у пасылку запакавана на 120 даляраў, напрыклад, то іншыя 120 – за мыта і страхоўку, бо інакш мая матуля не магла яе выкупіць. І ўжо абсалютна нельга было высылаць даляры, бо каб знайшлі, то бабульку маглі яшчэ і арыштаваць. Таму высылаў не больш за дзве пасылкі на год. Не інакш было і з сястрой, якая жыла і працавала ў Малдавіі.

Недзе ў сярэдзіне 70-х хацеў адведаць сястру ў Малдавіі. Для гэтага трэба было запрашэнне ад сястры і швагра, зацверджанае мясцовымі органамі дзяржаўнай бяспекі.
Сястра пайшла з той справай у адпаведную ўстанову ў раёне і тлумачыць, што хоча запрасіць свайго брата ў госці, але той жыве за мяжой.

Чыноўнік і кажа: “Пожалуйста, в какой стране он проживает?”.

Сястра адказала, што ў Злучаных Штатах.

Як ён тое пачуў, падняў адразу вочы і так гучна сказаў:

“Что, ваш брат живет в Америке?

А что же он, предатель, там делает?” Сястры гэта забалела і рашылася на смеласць,

каб “апаратчыку” сказаць, што брат нарадзіўся польскім грамадзянінам,

што ўступіў у польскую армію і што ў радах гэтай арміі

законна пакінуў Савецкі Саюз і потым на італьянскі фронце

змагаўся з тым самым нямецкім ворагам,

што і яе муж, знаходзячыся ў Чырвонай Арміі.

Запрашэнне не прыйшло, і ў госці я не паехаў.

Пенсія

Год ляцеў за годам, ажно надышоў пенсійны век. Заведзена ў Штатах, што людзі працуюць да 65 гадоў. Але можна пайсці і ў 62 гады, толькі тады атрымліваеш 80% пенсіі. Можна было тады знайсці нейкую часовую працу і дапрацаваць.

Так і зрабіў. Пайшоў на пенсію ў 62 гады і знайшоў занятак прыбіральшчыка на пяць гадзін  удзень на могільніку. Праца была на вуліцы, пераважна ў цішы, птаства і малыя звяркі, як вавёркі, дзікія трусікі, рабілі яе прыемнай. А калі ішоў дождж ці была завіруха, то ішоў дахаты.

Два гады пазней жонка таксама пайшла на пенсію. Дома трымалі некалькі курак, катка і парачку канарэек.

Пераезд у Польшчу

У 1987 годзе вырашылі пераехаць у Польшчу. Думалі, што там наша пенсія дазволіць жыць у дастатку, наведаем яшчэ еўрапейскія краіны, будзем бліжэй да Беларусі. Мелі вялікія спадзяванні, што ўсё складзецца, як найлепш. Спатрэбілася паўгода, каб справіць усе патрэбныя дакументы, прадаць дом у Штатах, запакаваць і павысылаць марскім шляхам некаторыя рэчы. Унеслі папярэднюю аплату за самаход польскай вытворчасці “Паланэз”, каб ужо ў Польшчы мець свой транспарт.

У верасні 1987 года прыехалі ў Польшчу і часова пасяліліся ў сына маёй школьнай сяброўкі з Валожына.

На жаль, у народнай Польшчы ўлада была ў руках камуністаў, якія амаль ва ўсім бралі прыклад з усходняга суседа. Як сказаў мне адзін з новых знаёмых: “Камуністычны рэжым спаршывіў наш народ”. Вечны балаган, заўсёдныя нястачы, хабарніцтва, звязаныя  з хітраваннем. Быццам “Салідарнасць” рабіла шмат шуму і нешта там спрабавала зрабіць, але старыя звычкі па-ранейшаму мучылі. Усюды былі нястачы і чэргі ў магазінах.

Ужо ў кастрычніку паведамілі нам, што можам забраць нашага “Паланэза”, за які яшчэ ў Штатах заплацілі тры тысячы даляраў. Праз шэсць месяцаў удалося нам набыць вельмі ладны дом у Ольштыне за 28 тысяч даляраў.

Крыўдзілі нас, пры абмене даляраў нашай пенсіі на злотыя.

У той час калі нам даляры мянялі

па 28-29 злотых за 1 даляр, то на чорным рынку плацілі па 80-90

і нават па 100 злотых за даляр.

За прэм’ерам М.Ракавецкім было яшчэ больш непрыстойна, бо 40% нашай пенсіі

пакідалі нам у далярах,

а 60% абменьвалі па афіцыйным курсе – у сярэднім па 30 злотых за даляр.

Яшчэ нас абклалі падаткам ад прыбытку, у дадзеным выпадку ад нашай амерыканскай пенсіі, якую штомесяц прысылалі са Штатаў. Пачалося даволі нявінна і сціпла – з 12%, наступны год ужо было 18%, потым 22%, яшчэ пазней – 28% і нарэшце ажно 42%.

Гэта ўжо было рабаванне сярод белага дня. Не было іншай рады: альбо сядзець у Польшчы і быць рабаваным урадам Салідарнасці, альбо вяртацца ў Штаты. Вырашылі з жонкай усё збыць і вярнуцца.

Дом прадалі за “астранамічную суму” 900 мільёнаў злотых, што ў пераліку на даляры было 40 тысяч.

Вярнуўшыся ў 1993 годзе, пасяліліся ў вядомым нам невялікім гарадку Вэбстэр у штаце Масачусетс. Там і жывём па сённяшні дзень.

Мікалай МАХНАЧ, ЗША. 

Успаміны Мікалая Махнача сабраныя ў кнізе «Доўгая дарога да свабоды».

Фота runivers.ru

Чытайце на гэтую тэму таксама тут.