“Спадзяюся, што не апошні”, – адказвае сваім пасажырам таксістка Вольга Рудэнка.

Ёсць прафесіі, якія лічацца мужчынскімі. Таксіст – адна з іх. Праца нервовая, часам нават небяспечная.

–  Як вы сталі таксісткай?

– Некаторы час была прадпрымальніцай. Па прафесіі я дэфектолаг. Папрацавала год у школе і зразумела – гэта не маё, ды і грошай там не заробіш.

Калі пачаўся крызіс, даляр падскочыў з трох да васьмі тысяч, я пачала задумвацца аб іншай працы. Гартала газету і ўбачыла аб’яву: “Патрабуюцца таксісты”. За рулём я амаль шаснаццаць гадоў. Патэлефанавала і спыталася: “А жанчын бераце?” І вось ужо роўна год, як я працую ў службе таксі. Люблю сваю машыну, мне ў ёй камфортна. Я задаволеная працай.

“Важу з сабой дыск з дзіцячымі песнямі”

 – У мяне своеасаблівы падыход да кожнага кліента, – кажа Вольга.  –  Калі я бачу, што ў машыну садзіцца маці з дзіцем, мне не цяжка ўключыць дзіцячыя песні, напрыклад, пра маленькае маманцяня ці якую іншую. Дзеці атрымліваюць задавальненне, а некаторыя нават засынаюць.

Пашанцавала з калектывам

–  Страшна было выходзіць на працу?

− Спачатку мне было вельмі боязна, перажывала, што не знайду патрэбны адрас, −  дзеліцца сваімі ўражаннямі Вольга. – Я хвалявался, каб не было мне сорамна перад калегамі. Што пра мяне будуць думаць пасажыры, мне было ўсё роўна.

У мяне цудоўны калектыў. Калегі з першых дзён вадзілі мяне за руку як сляпое кацяня. Як толькі я ехала на выклік,  Таня, якая ўжо два гады працуе ў таксі, у рацыю адразу падказвала дарогу. Дзякуючы ім не трэба ні карта, ні навігатар. Дыспетчары ўгаворвалі нецярплівых пасажыраў пачакаць, пакуль да іх даеду. Так  паступова я пачала ўваходзіць ў “таксоўнае” асяроддзе.

Фота rk.karelia.ru.

З калектывам адзначаем усе святы. Гуляем разам ў пейнтбол, праводзім конкурсы. Люда, мая калега, прыгожа спявае і іграе на баяне.

– Што вы робіце, калі ў дарозе ламаецца машына?

 – Таксама звяртаюся да калег. Як толькі нейкая паломка, яны дапамогуць ці справай, ці парадай. Калі ў непагадзь засяду ў якой-небудзь яміне – адразу выратуюць. Хачу сказаць, з калектывам мне пашанцавала.

– Прафесія таксіста небяспечная. Рознага можна чакаць ад хуліганаў, асабліва ўначы…

– Цьфу, цьфу, цьфу, страшнага са мной не здаралася. У мяне пераважна начныя змены. Вядома, што ноччу рызыка павышаецца, але пасажыры трапляюцца добрыя. Некаторыя жанчыны і пра жыццё хочуць пагаварыць, а вось з мужчынамі складаней, асабліва з нецвярозымі. Калі патрапіцца грубіян, то я з ім размаўляю вельмі ветліва, тактоўна. Гэта абязбройвае любога агрэсіўна настроенага чалавека.  

Жанчыне ў такой службе няма чаго рабіць

 – Вольга, вы можаце параіць іншым жанчынам такую прафесію?

 – Скажу так: жанчыне ў таксі няма чаго рабіць! Па-першае, трэба мець добрае фізічнае здароўе. Па-другое, жанчына павінна забыць пра васьмігадзінны графік працы і яшчэ пра шмат што.
У таксі даводзіцца працаваць па 12 гадзін. У жанчын, акрамя асноўнай працы, шмат іншых абавязкаў: і мыццё, і прасаванне, і прыгатаванне ежы. За яе гэта ніхто іншы не зробіць. У таксі жанчыны ідуць працаваць свядома. На маю думку, мы працуем не па волі выпадку, а па ўласным выбары.

Я шкадую дыспетчараў таксі. Бедныя дзяўчаты. Яны па дванаццаць гадзін у суткі не расстаюцца з тэлефонам. Трэба прыняць выклік, потым паведаміць пра гэта таксісту, пасля пазваніць кліенту і сказаць, каб ён выходзіў. А калі кліент доўга не выходзіць, трэба зноў з ім звязацца. Шчыра кажучы, я б не змагла працаваць дыспетчарам.

 

Ці кожная жанчына сумяшчальная з тэхнікай? Фота www.drive2.ru .

“Жанчына і тэхніка несумяшчальныя”

– А як вы лічыце, хто лепш кіруе машынай: мужчыны ці жанчыны?

– Вядома, мужчыны. Машына – гэта тэхніка. А мужчынам прыродай дадзена разбірацца ў ёй лепш, чым жанчынам.

Я не імкнуся канкурыраваць з мужчынамі і што-небудзь даказваць.  Проста працую побач з імі і пад іх апекай.

Аднак мой знаёмы дальнабойшчык, калі прыехаў у адну са скандынаўскіх краін, расказаў такі выпадак. Прыязджае ён туды, а жанчына-дальнабойшчыца смяецца: “А чаму ты ўлез у жаночую прафесію?”
У гэтай краіне дальнабойшчыкі пераважна жанчыны, таму што прафесіі, у якіх няма кар’ернага росту, лічацца жаночымі.

– Якія фразы чуеце ад сваіх кліентаў часцей?

 – Ой, цэлы набор. Хто пытаецца: “А вам не страшна?” У такім выпадку я жартую і адказваю: “Толькі дурні баяцца!” Некаторыя здзіўляюцца і кажуць: “О, жанчына за рулём!” А некаторыя дзякуюць за паездку. Могуць зрабіць камплімент: “Якая вы прыгожая”.

А самае частае пытанне: “Колькі вы зарабляеце?”

У некаторых выпадках дыспетчар адразу кажа, што за імі заедзе жанчына-таксістка. Таму пасажыр загадзя будзе падрыхтаваны да паездкі з жанчынай-кіроўцай.

– Што найбольш раздражняе ў кліентах?

– Гэта калі мне ўжо неабходна ехаць на іншы выклік, а кліент хоча расказаць мне пра ўсё сваё жыццё.

“Вы нямая, ці што?”

– Якія цікавыя выпадкі былі падчас працы?

– Падыходзіць да мяне мужчына і пытаецца: “А давязіце мяне за 25 тысяч, тут недалёка”. Я махаю рукамі і ківаю галавой, што давязу. Ён стаіць каля машыны, глядзіць на мяне і не садзіцца. Я не разумею: думаю, можа, ён хоча, каб я яшчэ і дзверы яму адчыніла? Зноў жэстам паказваю: “Паехалі!” Мужчына паглядзеў на мяне і спытаў: “Вы нямая, ці што?” А я яму ва ўвесь голас: “Так-так!”

Вольга ЮРКЕВІЧ.