Як дапамагчы сталаму чалавеку вярнуць страчаны ім сэнс жыцця? Гэта вельмі тонкае пытанне.

Чалавеку складана прыняць, што сталася. Пенсійны перыяд, як і любы этап жыцця, мае не толькі адмоўныя, але і станоўчыя моманты. Калі канцэнтравацца толькі на адмоўных момантах, можа здарыцца псіхічны спад асобы. Такі падыход не будзе адлюстроўваць рэальнасць.

Варта не забываць, што сталы чалавек – не адзінокі, ён з’яўляецца часткай групы, якую называюць групай “трэцяга і чацвертага ўзростаў”.

Калі чалавек выходзіць на пенсію, ён губляе адказнасць за сваю працу, а значыць, і той стымул, які заахвочваў да развіцця, перастае падтрымліваць форму. Таму надзвычай важна несці адказнасць за сябе, свой унутраны свет, учынкі. Важна заставацца самастойнай асобай.

Першы крок да гэтага − набыць большую незалежнасць ад іншых людзей (гаворка ідзе аб адмове ад сацыяльнай дапамогі). Сталыя людзі часта так зацікаўленыя ў праблемах дзяцей, знаёмых, што лічаць іх унутраны свет сваім, і губляюць сябе як асобу. Такая з’ява называецца “духоўнае ўтрымальніцтва”.

Фота warnet.ws.

Захоўваць свой унутраны свет, па­шыраць інтарэсы − вось што дапамагае вырашыць гэту праблему. Жыццё не абмежаванае толькі дамашнімі праблемамі. Можна цікавіцца столькімі рэчамі, якія могуць стаць нечаканым адкрыццём. Ад калекцыянавання драўляных грыбоў да заняткаў падводным плаваннем ці зімовым купаннем.

Рухавік ва ўсіх сітуацыях − надзея на поспех, жаданне дасягнуць пэўнай мэты. Даведвайцеся пра штосьці новае, імкніцеся да сустрэч, размоў з іншымі, навучыцеся рабіць штосьці незвычайнае − і гэта яшчэ не ўсе шляхі, якія робяць жыццё цікавым. Але ёсць абавязковыя ўмовы для рэалізацыі задуманага − жаданне і вера ў здзяйсненне. Не трэба ставіць звышзадачы, нават сціплы вынік акрыляе і дае сілы для новых пошукаў.

Падчас шматлікіх назіранняў заўважылі: сталыя мужчыны і жанчыны па-рознаму ўяўляюць сябе. Мужчыны лічаць сябе дзелавымі, дысцыплінаванымі, ста­раннымі. Жанчыны − прыязнымі. Такі ўнутраны вобраз часта не адпавядае таму, як сталых людзей успрымаюць іншыя. Частка жанчын старэйшага ўзросту губляюць зацікаўленасць у фізічнай форме, знешнасці. Гэта недапушчальна.

Самаацэнка сталага чалавека звычайна ў сярэднім дыяпазоне, а па шэрагу характарыстык нават вышэйшая. Калі ў жанчын гэта тычыцца ацэнкі свайго характару, зносін з іншымі, то ў мужчын − у працы, духоўных запытах. Асаблівасць у тым, што чалавек пераключаецца на сваё мінулае і дае ацэнку не “сабе сучаснаму”, а “сабе мінуламу”. Такая пазіцыя небяспечная, бо пазбаўляе перспектывы росту. Значыць, і пазбаўляе будучыні. Таму такія нізкія ацэнкі шчасця і ў жанчын, і ў мужчын сталага ўзросту.

Умова шчаслівага сёння − – абавязкова планаваць будучае.

Асаблівае месца маюць зносіны з іншымі. Яны актывізуюць камунікатыўны патэнцыял, без якога немагчымае развіццё інтэлекту.

Ініцыятыва, актыўнасць, зацікаўленасць у размове з субяседнікам, імкненне зразумець яго праблемы, спагадлівасць − неабходныя ўмовы не толькі для зносін, але і для развіцця чалавека. Галоўная задача сталага чалавека − захоўваць і выкарыстоўваць гэтыя патэнцыялы.

Слухайце музыку, гуляйце штодня, чытайце, цікаўцеся прыроднымі з’явамі − усё гэта крыніцы павышэння тонусу мозгу, а значыць, працаздольнасці і настрою. Мацней за ўсё танізуюць эмоцыі, якія атрымліваюць ад інтэлектуальнай працы. Навукоўцы вызначылі, што пры гэтым у мозгу выдзяляюцца рэчывы (эндарфіны), якія ўздзейнічаюць гэтаксама, як пэўныя хімічныя рэчывы. Аднак патрэба ва ўражаннях у кожнага свая. Дэфіцыт адчуванняў, як і іх перабольшанне, цягне адмоўны вынік.

Ясміна Росі – французская актрыса і пісьменніца. Яна не перастае быць запатрабаванай, хаця ёй больш за 50!

Фота www.lifestyle2go.com.

Каб выхад на пенсію не быў раптоўным, рыхтуйцеся да яго загадзя.

Складзіце спіс спраў. Размяркуйце іх па прыярытэтах.

Прагледзьце ўсе “за” і “супраць” у рэалізацыі задуманага і запішыце гэта на паперы.

Складзіце план на тыдзень, месяц, год, дзесяцігоддзе і гэтак далей. Не складайце грандыёзных планаў. Няхай яны будуць сціплыя, але ў межах рэальнасці.

Абавязкова да дэталяў прадумайце, чым будзеце займацца ў першы дзень пенсіі. Строга выконвайце задуманае.

Сталы чалавек − неад’емная частка грамадства. Многія краіны ступень цывілізаванасці вызначаюць якасцю жыцця дзяцей і сталых людзей.

Неістотна, колькі вам год. Ведайце, што ваша будучыня заўсёды цудоўная. Стаўцеся да сталасці як да каштоўнага часу жыцця. Вы можаце стаць адным з прадстаўнікоў прыгожай сталасці.

Алена КАМІСАРУК, псіхолаг, паводле кнігі Алены ШУБІНАЙ “Падаўжэнне маладосці. Гляджу і маладзею”.