У нашым краі багата чароўных мясцін і традыцый, якія ўдала і ашчадна выкарыстоўваюць гаспадары аграсядзіб, каб прыцягнуць аматараў прыроднага адпачынку.

Чым можа пахваліцца Маладзечаншчына і над чым яшчэ варта папрацаваць?

Маладзечаншчына мае дастатковы патэнцыял для развіцця турызму. На тэрыторыі раёна 286 аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, пяць музеяў, мастацкая галерэя, цэнтр рамёстваў, сем санаторыяў, дамоў і баз адпачынку, сем аздараўленчых лагераў, а таксама 11 помнікаў прыроды і тры заказнікі мясцовага значэння, ёсць аб’екты турыстычнай інфраструктуры. Па тэрыторыі раёна праходзіць больш за 15 турысцка-экскурсійных маршрутаў.

Маляўнічыя пейзажы і гасціннасць маладзечанцаў − галоўнае для развіцця сельскага турызму ў раёне. На Маладзечаншчыне працуе 21 аграсядзіба, якая прымае турыстаў. Летась адбылася прэзентацыя сядзібы-галерэі “У Іванавіча”, дзе прадстаўлена больш за 600 мастацкіх работ гаспадара сядзібы Аляксандра Рашэтнікава.

Вельмі цікавая кластарная мадэль развіцця турызму, у якой  аб’ядноўваюць у адзін маршрут сядзібы, музеі, аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны і пры гэтым арганізоўваюць пражыванне, харчаванне, культурна-забаўляльня мерапрыемствы.

Радуюць новыя сядзібы, якія з’явіліся на Маладзечаншчыне ў гэтым годзе. Напрыклад, у аграсядзібе “У Мароза”, што у вёсцы Талуі Маркаўскага сельсавета, знаходзіцца адзіны ў СНД музей сячкарняў. Іх у гаспадара Уладзіміра Мароза аж 87.

Вялікая ўвага ў нашай краіне надаецца экалагічным маршрутам, тым больш, что 2013 год абвешчаны годам зялёнага турызму. Па тэрыторыі Маладзечанскага раёна праходзіць частка міжрэгіянальнага зялёнага маршруту “Зялёнымі сцежкамі ад Іслачы да Віліі”. Спартыўны турызм прапагандуе турыстычны клуб “Пілігрым”.

Маладзечна часта прымае гасцей

Турыстычная інфраструктура раёна дазваляе развіваць турызм. Турысты прыязджаюць, каб наведаць культурныя і спартыўныя мерапрыемствы.

У жніўні ў Маладзечне прайшоў чэмпіянат Еўропы па пляжным валейболе, які прыцягнуў увагу да Маладзечанскага раёна шматлікіх спартсменаў з 26 краін, журналістаў, прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ. На гэтым тыдні Маладзечна стала гаспадаром спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва па хакеі “Залатая шайба”.

Падчас шматлікіх культурных падзей, якімі так багата маладзечанская зямля, напрыклад, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, ладзяцца сустрэчы, праходзяць экскурсіі, выставы-кірмашы.
У сакавіку мінулага года ў горадзе пачаў працаваць мясцовы дабрачынны фонд “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”.  Асноўная мэта фонду − захаванне, адраджэнне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны роду Агінскіх.

Ад кастрычніка мінулага года ў Маладзечне ладзяцца турыстычныя выставы, на якіх прадстаўленыя прапановы турыстычных фірм горада, аграсядзіб, рамеснікаў.

Ёсць куды расці

На жаль, ёсць у нас і недахопы ў развіцці турыстычнай інфраструктуры: недастаткова выпускаецца сувенірнай прадукцыі, не хапае месцаў для пражывання турыстаў. Думаю, што з цягам часу гэта будзе вырашацца. Ужо хутка пад Радашковічамі адкрыецца новы аб’ект прыдарожнага сэрвісу з кафэ і гасцініцай.

І галоўнае. Сёння, 27 верасня, адзначаецца Сусветны дзень турызму. Віншую ўсіх работнікаў турыстычных арганiзацый з прафесійным святам, жадаю плёну, натхнення, задавальнення ад працы, новых дасягненняў, цікавых маршрутаў і ўдзячных кліентаў.

А аматарам падарожжаў – лёгкіх дарог, ніякіх перашкод, добрых людзей на шляху і толькі прыемных уражанняў!

Таццяна ГАНІЧ, галоўны спецыялiст аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама.